«Умовы сталі яшчэ больш жорсткімі». Як адбываюць прысуды «хатнія хімікі»?
«Закручваць гайкі» сталі не толькі ў месцах зняволення, але і на «хатняй хіміі». На ўмовах ананімнасці асуджаныя да абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову расказалі праваабаронцам пра свае ўмовы адбыцця «тэрмінаў».
![Ілюстрацыйнае фота «НЧ» Ілюстрацыйнае фота «НЧ»](/img/v1/images/cihi_pratest____fota_novy_czas__img_0380_logo_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Ілюстрацыйнае фота «НЧ»
Беларусаў і беларусак дагэтуль судзяць па палітычна матываваных справах яшчэ трохгадовай даўніны. Некаторых з іх за ўдзел у маршах ці за каментары ў інтэрнэце асуджаюць да абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, да так званай «хатняй хіміі». Але нягледзячы на нібыта «лёгкі» прысуд, асуджаныя пастаянна зазнаюць ціск, зняважлівае стаўленне з боку міліцыянтаў і парушэнне сваіх правоў.
Вязні, асуджаныя да «хатняй хіміі», расказалі «Вясне» пра вялікую цякучку кадраў участковых і іншых супрацоўнікаў, пра іх абсурдныя паводзіны, пра тое, як за сапсаваны дамафон можна атрымаць парушэнне, пра бесчалавечную камунікацыю начальніка інспекцыі і пра пагаршэнне ўмоваў адбывання «хатняй хіміі», праз якія людзі страчваюць працу.
З мэтаў бяспекі праваабаронцы не пазначаюць імёны суразмоўцаў.
Статыстыка
Паводле звестак ПЦ «Вясна», пачынаючы з 2020 года да «хатняй хіміі» асуджана не меней за 1086 чалавек, з іх 437 — жанчыны. Часта беларусаў асуджаюць да абмежавання волі за ўдзел у маршах (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса), за «абразу Лукашэнкі» (ч. 1 арт. 368) або «абразу прадстаўніка ўлады» (арт. 369). Але варта адзначыць, што паміж названымі артыкуламі і відам пакарання няма прамой залежнасці і ў падобных палітычна матываваных справах часта прысуджаюць пазбаўленне волі ў калоніі.
«А мне непрыемна з вамі знаёміцца»
Паводле слоў аднаго з «хатніх хімікаў», у яго раёне за год змянілася некалькі ўчастковых інспектараў. Новы супрацоўнік паводзіць сябе жорстка і не хавае сваёй агіды да «палітычных».
Глядзіце таксама
![Кашмараць «хатніх хімікаў» Сілавікі пачалі кашмарыць асуджаных да «хатняй хіміі», бо ў іх «рэжым занадта мяккі»](/img/v1/images/_belarus_minsk_svjata_kantrol_videanaziranne_2022_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Суразмоўца расказвае, што ранейшыя міліцыянты заўсёды віталіся.
«Новы ж участковы пры першай сустрэчы на маё вітанне адказаў: "А мне непрыемна з вамі знаёміцца. Вас такіх, змагароў, шмат. Мы вас усіх схопім. Рыхтуйцеся!"»
«За адно парушэнне — адразу суткі»
Іншы суразмоўца, які таксама асуджаны па палітычнай справе да «хатняй хіміі», расказаў, што яго праца звязаная з камандзiроўкамi. Раней ён мог перамяшчацца па ўсёй Беларусі. Ездзіў у камандзіроўкі ў іншы горад і там жа адзначаўся ў мясцовым аддзяленні міліцыі. На другі дзень вяртаўся дамоў. Так ён прапрацаваў пэўны час.
Але пазней інспектар забараніў яму выязджаць за межы свайго горада. Мужчына вырашыў уладкавацца кіроўцам таксі, але яму не дазволілі працаваць па выхадных — у дні, калі ў таксі можна зарабіць больш за ўсё. Да таго ж, працаваць яму дазволілі толькі з 9-й да 19-й гадзіны.
«У дзяржаўныя структуры не бяруць. У таксі з такімі ўмовамі працы асабліва нічога не заробіш», — дзеліцца суразмоўца.
Мужчына спрабаваў уладкавацца кіроўцам пагрузчыка на складзе. Але калі ён сказаў пра сваю палітычную справу, яму адмовілі.
«Пайшоў вон з кабінета. Ідзі падмятай вуліцы»
Апошнім часам нямала «хатніх хімікаў», якія працуюць індывідуальнымі прадпрымальнікамі, пазбавіліся магчымасці ездзіць у камандзіроўкі праз забарону выязджаць за горад. Паводле слоў суразмоўцы, гэтая з’ява носіць масавы характар.
«Інспектар становіцца вельмі агрэсіўным, калі бачыць "хімікаў". Ён проста чырванее. Неяк я прыйшоў спытаць, чаму не магу больш ездзіць у камандзіроўкі. Тым больш, што я старанна выконваў усе правілы і не меў аніводнага парушэння. Інспектар проста паслаў мяне і сказаў, каб ішоў падмятаць вуліцы. А калі не выйду з кабінета, то мяне адправяць на "суткі" за абразу службовай асобы», — расказаў мужчына.
Глядзіце таксама
![За месяц — 23 праверкі. Як жыхарка Іўя адбывае «палітычную хатнюю хімію» За месяц — 23 праверкі. Як жыхарка Іўя адбывае «палітычную хатнюю хімію»](/img/v1/images/lavor_iue.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Пазней умовы адбыцця сталі яшчэ больш жорсткімі і «хатніх хімікаў» пачалі арыштоўваць на «суткі» за тыя парушэнні, за якія раней толькі папярэджвалі. Напрыклад, суразмоўцу арыштавалі за тое, што выехаў на некалькі кіламетраў па-за межы горада (падчас адбывання «хатняй хіміі» па-за працоўным часам забаронена выязджаць за горад). Яго адсачылі па білінгу ў тэлефоне.
Таксама ён расказаў, што падчас абавязковых прапагандысцкіх лекцый ці праглядаў фільмаў супрацоўнік можа падысці і пачаць чапляцца, нібыта чалавек няправільна стаіць ці не слухае лекцыю. Пасля спробы апраўдацца інспектар пытае яго прозвішча і выпісвае таму парушэнне.
Мужчына нават думаў прадаць сваё жыллё і пераехаць у іншы рэгіён, бо чуў, што там нібыта больш лагодныя ўмовы для «хатніх хімікаў».
«Забралі адну гадзіну зранку і адну ўвечары»
Іншая суразмоўца таксама расказвае пра частую змену кадраў у інспекцыі.
«За год у нас змянілася пяць інспектараў. Апошняя горш за ўсіх. Яшчэ на "Валадарцы" мне расказалі гісторыю, як гэтая новая інспектарка адправіла дзяўчыну з “хіміі” ў калонію за адно толькі парушэнне».
Пры новай інспектарцы жанчыне зменшылі час знаходжання па-за кватэрай: «Забралі адну гадзіну зранку і адну ўвечары».
Для «хатніх хімікаў» кожная вольная гадзіна мае значэнне, бо рэжым адбыцця пакарання даволі строгі і час, які можна праводзіць на вуліцы, вельмі абмежаваны.
«Не працуе дамафон — выпісваюць парушэнне». Хатнія праверкі ў «хатніх хімікаў»
Участковы інспектар падчас праверак заўсёды звоніць адразу ў дзверы, бо ведае код ад пад’ездных дзвярэй. А ППСнікі (супрацоўнікі патрульна-паставой службы) звоняць у дамафон. Але калі дамафон не працуе, то яны не спрабуюць патрапіць у пад’езд, а адразу залічваюць парушэнне — нібыта чалавека няма дома, расказвае жанчына.
Суразмоўца апісвае сітуацыю з хатнімі праверкамі і расказвае пра абсурдныя выпадкі і адмысловыя захады, якія даводзіцца рабіць, каб не патрапіць пад парушэнне.
«Аднойчы у нас пэўны час не працаваў дамафон. Ведаючы, што за гэта могуць выпісаць парушэнне, мы загадзя тэлефанавалі і папярэджвалі ўчастковага і інспектара. А для ППСнікаў клеілі аб’яву на дзверы пад’езда.
Глядзіце таксама
![Праваабаронцы сабралі жахлівыя лічбы пра палітвязняў Беларусі. Інфаграфіка. Тысячы! Праваабаронцы сабралі лічбы пра беларускіх палітвязняў (інфаграфіка)](/img/v1/images/vjasna_dzen_palitvjaznja_6_facebook_1_1.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Іншыя асуджаныя самі здымалі відэа з камер відэназірання і неслі ў інспекцыю. Але ж гэта ўсё нервы і дадатковы час, якога і так вобмаль».
Аднойчы жанчыне ўсё ж давялося аспрэчваць парушэнне. Ёй запісалі, нібыта яна не была дома ў належны час. Пасля размовы з іншымі «хімікамі» выявілася, што ўчастковы запісваў несапраўдныя парушэнні ўсім асуджаным, да якіх прыходзіў. Але тады ўсё лёгка вырашылася простай размовай з інспектаркай.
Забаранілі працаваць у выхадныя
Як расказвае жанчына, цяпер у яе горадзе забаранілі працаваць «палітычным» як ІП і ў выхадныя дні. Знаёмыя суразмоўцы, якія таксама адбываюць «хатнюю хімію» па палітычных справах, кажуць, што абмежаванні на працу закранулі розныя сферы і ў гэтых дзеяннях не бачна аніякай логікі. Напрыклад, у таксі і ў рамесніцтве працаваць у выхадныя нельга, а ў сферы фітнесу — можна. Нельга як індывідуальны прадпрымальнік, а працаваць на прыватную фірму — магчыма. Праваабаронцам невядома, ці падобныя забароны паўсюдныя і наколькі масавы характар яны маюць.
Дзве вольныя гадзіны і адсутнасць адпачынку
«Калі не працуеш на "хатняй хіміі", то маеш толькі дзве гадзіны вольнага часу — іх ледзь хапае, каб схадзіць у краму і паліклініку. Але калі ты працуеш на "хатняй хіміі" і бярэш адпачынак, то таксама маеш толькі тыя ж дзве вольныя гадзіны часу. То-бок, ні ў які адпачынак ты не едзеш.
Глядзіце таксама
![Садыст у пагонах здзекваўся з цяжарнай кабеты на хіміі Як начальнік-садыст «хіміі» атрымліваў асалоду ад псіхалагічнага гвалту над жанчынамі](/img/v1/images/saczyuka_1.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
А калі ты хочаш, напрыклад, летам пажыць на лецішчы, то мусіш знаходзіцца там мінімум тры месяцы і адзначацца ўжо ў мясцовым РАУСе. Кватэру можна мяняць значна часцей, хоць раз на месяц», — расказвае суразмоўца.