Хронікі рэпрэсій за 10 лістапада
У Латвіі знойдзены мёртвым былы палітвязень, таксама памёр беларус у германскім лагеры для бежанцаў. Брату Валерыя Карбалевіча і бацьку Сашы Філіпенкі асудзілі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыяла»ў — такія навіны сённяшняга дня знутры Беларусі.
***
Аўтары «Новага Часу» Мікола Дзядок і Дзяніс Івашын ужо каля тысячы дзён знаходзяцца за кратамі. Мікола ўтрымліваецца ў палоне рэжыму 1093 дні, Дзяніс — 973.
***
У Латвіі памёр асуджаны на 2 гады «хатняй хіміі» за «здзек з дзяржаўных сімвалаў» (арт. 370 Крымінальнага кодэкса) Вадзім Кавалёў, пра гэта паведаміў кіраўнік фонду «BYSOL» Андрэй Стрыжак.
14 верасня паліцыя знайшла цела Кавалёва без прыкмет жыцця ў адным з рыжскіх паркаў. Абставіны смерці невядомыя, паліцыя вядзе праверку.
51-гадовы Кавалёў жыў у Віцебску. Яго прысудзілі ў чэрвені 2022 года да двух гадоў «хатняй хіміі». Паводле версіі абвінавачання, Кавалёў падышоў да аднаго з аддзяленняў банка ў Віцебску і пашкодзіў кранштэйн з дрэўкам, на якім мацаваўся дзяржаўны сцяг.
Кавалёў адзначыў, што не хацеў здзекавацца з дзяржаўнага сцяга Беларусі, бо першапачаткова падумаў, што гэта сцяг Расійскай Федэрацыі.
Шкоду ад адарванага металічнага кранштэйна ацанілі ў 22 беларускія рублі і 28 капеек, а ад пашкоджанага дрэўка — у 17 рублёў 90 капеек. Усяго ж — 40 рублёў і 18 капеек, або 1,26 базавай велічыні.
Кавалёву ўдалося з'ехаць з Беларусі ў Латвію, не адбыўшы тэрмін да канца. Там ён атрымаў статус бежанца, піша «Медыязона».
***
Таксама стала вядома, што яшчэ адзін беларус памёр у германскім лагеры для бежанцаў.
Як паведамляюць праваабаронцы, 48-гадовы Віктар Алексіевіч раптоўна памёр у лагеры для ўцекачоў у Цырндорфе, паведамляе «Салідарнасць».
Пра гэта расказаў яго сусед па пакоі. Што стала прычынай смерці — невядома. Паводле слоў крыніцы, Віктар быў выхадцам з Гомельшчыны.
***
Рэчыцкі гарадскі суд аштрафаваў брата палітолага Валерыя Карбалевіча Алега Карбалевіча на 20 базавых адзінак за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» (ч. 2 арт. 19.11 КаАП), а яго жонку Яўгенію Карбалевіч — на 15 базавых адзінак па гэтым жа артыкуле, піша «Гомельская Вясна».
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, пару затрымлівалі супрацоўнікі САХРа. Сілавікі хацелі зняць іх у відэа, якія часта публікуюць праўладныя тэлеграм-каналы, але пара адмовілася. Як піша «Вясна», Карбалевіча з жонкай змясцілі ў ІЧУ на 72 гадзіны, аднак не паспелі асудзіць, бо затрыманых у гэты час было вельмі шмат.
У Яўгеніі забралі тэлефон, дзе ў «Аднакласніках» знайшлі падпіску на «Радыё Свабода». Пазней тэлефон канфіскавалі, прызнаўшы яго сродкам злачынства.
Акрамя таго, паводле інфармацыі «Вясны», па артыкуле аб «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў» у гэтыя дні судзілі па некалькі чалавек у Рэчыцы, Хойніках, Светлагорску, Жлобіне, Петрыкаве, Гомелі.
***
Хапун у Баранавічах: паведамляецца пра затрыманне 10 чалавек, сярод іх — праавабаронца Аляксандр Вайцешык. Пра гэта на сваёй старонцы ў Facebook напісаў баранавіцкі актывіст Юрый Казакевіч.
«Сёння ў Баранавічах бандыты схапілі Аляксандра Вайцешыка. Больш на дадзены момант нічога пра ягоны лёс невядома. Ну, акрамя таго, што, зразумела, быў ператрус па месцы жыхарства (ці прапіскі). Ёсць інфармацыя ад мясцовых жыхароў, што сёння ўзялі яшчэ чалавек 10-11», — напісаў ён.
Вядома, што ў затрыманнях прымаў удзел брэсцкі ГУБАЗіК.
***
Паводле інфармацыі тэлеграм-канала «Суды, затрыманні. Гродна і вобласць», сёння прайшлі затрыманні ў гарадскім пасёлку Мір і горадзе Ваўкавыску. Пры гэтым у Ваўкавыску былі затрыманыя не менш за 10 чалавек.
***
Бацьку пісьменніка Сашы Філіпенкі арыштавалі на 13 сутак. Пра гэта пісьменнік паведаміў на сваёй старонцы ў Facebook. Паводле яго, бацьку асудзілі за рэпост з выдання «Зеркало» (арт. 19.11 КаАП).
Нагадаем, напярэдадні да бацькоў пісьменніка Філіпенкі прыйшлі з ператрусам сілавікі. Як расказаў сам пісьменнік, які жыве за мяжой, гэта былі сем чалавек з аўтаматамі. Бацьку забралі.
***
ТГ-канал «Хрысціянская візія» паведамляе, што пастару царквы хрысціян веры евангельскай з Чашнікаў Аляксандру Плотнікаву, які быў затрыманы сілавікамі 6 лістапада, далі 10 сутак арышту — за «распаўсюд экстрэмізму».
***
У Беларусі затрымалі і абвінавацілі ў «закліках да санкцый» бізнесмена Юрыя Альховіка. Прычынай для гэтага сталі яго лісты ў еўрапейскую кампанію, паліцыю і газету, расказалі ў эфіры тэлеканала «Беларусь 1».
Альховік, як паведамляецца, напісаў лісты пра тое, што кампанія-канкурэнт трапіла пад санкцыі Еўрасаюза: «Я прасіў не адгружаць на адрас дадзенай кампаніі, таму што гэтае прадпрыемства беларускае знаходзіцца ў санкцыйным спісе. Калі вы адгрузіце, то такім чынам вы парушаеце санкцыі Еўрасаюза».
Мужчыну абвінавачваюць паводле ч. 3 арт. 361 КК («Заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь»). Гэтай часткай артыкула прадугледжана пазбаўленне волі на тэрмін ад 4 да 12 гадоў, паведамляе «Вясна».
***
Мужа палітзняволенай Віталіі Бандарэнка Анатоля Старасвецкага затрымалі пасля спаткання з жонкай. У дачыненні да яго распачалі крымінальную справу за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці».
Як паведамляе @dissidentby, мужчыну арыштавалі на выхадзе з жаночай калоніі. Цяпер ён знаходзіцца ў СІЗА.
Праваабаронцы пішуць, што ў Анатоля няма блізкіх сваякоў, якія маглі б яго падтрымаць. Яму можна адправіць грашовы перавод або пасылку.
Віталія Бандарэнка — палітзняволеная, асуджаная на 4 гады калоніі за ўдзел у брэсцікіх «масавых беспарадках». Дзяўчына, знаходзячыся за кратамі, выйшла замуж за Анатоля.
***
Старшы следчы следчага ўпраўлення УСК па Мінску Андрэй Шчаглоў расказаў пра чалавека, які за данат у тысячу долараў у 2020 годзе быў вымушаны заплаціць больш за мільён беларускіх рублёў.
Грамадзянін Казахстана Аляксандр Дарафееў у 2020 годзе заданаціў больш за тысячу долараў на «экстрэмісцкі» рахунак — яго затрымалі, а пасля прымусілі пералічыць больш за мільён беларускіх рублёў на рахунак Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі, піша «Салідарнасць».
Прадстаўнік СК таксама расказаў пра менеджара па продажах Ягора Чырэйчыка. Паводле яго слоў, мужчына заданаціў у адну з «экстрэмісцкіх» арганізацый 100 долараў — яго прымусілі заплаціць больш за 30 тысяч беларускіх рублёў на рахунак арганізацыі, якая ўзяла на сябе клопаты, звязаныя з выхаваннем больш за 280 дзяцей-сірот.
***
У «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 20 чалавек — цяпер у ім 3498 прозвішчаў, паведамляе «Вясна».
10 лістапада МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліку грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».
Сярод іншых, у спіс дадалі асуджаную да 12 гадоў калоніі Яну Пінчук, адвакатку Анастасію Лазарэнка, выкладчыцу МДЛУ Наталлю Жлоба.
***
Як паведамляе Прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага пераходнага кабінета, на сённяшні дзень няма аніякіх звестак ад самых вядомых палітзняволеных: Марыі Калеснікавай — 270 дзён, Максіма Знака — 275 дзень, Мікалая Статкевіча — 271 дзень, Ігара Лосіка — 265 дзён, Сяргея Ціханоўскага — 249 дзён, Віктара Бабарыкі — 198 дзён, Уладзіміра Гундара — 98 дзён.
***
Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на дадзены момант у беларускіх турмах утрымліваюцца 1456 палітвязняў. У спісах ініцыятывы «Dissidentby» знаходзяцца 1677 чалавек. Сярод іх — 178 жанчын і 7 непаўнагадовых. 19 палітвязняў адпраўлены на прымусовае лячэнне.