За першыя тры месяцы 2024 года ў Беларусі затрымалі з-за палітыкі каля тысячы чалавек

Сітуацыя з парушэннем правоў чалавека ў Беларусі да гэтага часу застаецца катастрафічнай, паведамляюць праваабаронцы. І каля тысячы затрыманых з пачатку 2024 года — гэта вельмі ўмоўная лічба, бо праваабаронцы і блізка не валодаюць усімі звесткамі пра рэпрэсіі ў краіне.

З пачатку выбарчай кампаніі 2020 года праваабаронцы штодзённа фіксуюць факты рэпрэсій у Беларусі.  Праваабаронцы "Вясны" падлічылі агульную лічбу затрыманняў за першы квартал 2024 года.

Па данных "Вясны", з 1 студзеня па 31 сакавіка ў Беларусі было зафіксавана 987 затрыманняў, з якіх трэцяя частка — жанчыны.

Большасць затрыманняў прыйшлася на студзень — 406 затрыманняў. Менавіта тады КДБ зладзіў масавы рэйд за прадуктовую дапамогу ад ініцыятывы INeedHelpBY, якую ў той час улады якраз прызналі "экстрэмісцкім фармаваннем". Акрамя гэтага, у 65 затрыманых ёсць непаўнагадовыя дзеці.

Таксама праваабаронцам вядома пра мінімум 1602 суды паводле адміністрацыйных справаў за гэты час. Толькі ў лютым беларускія суды разгледзелі не менш за 671 справу.

Глядзіце таксама

У тым месяцы ўлады пачалі судзіць за "выкарыстанне замежнай дапамогі для ажыццяўлення экстрэмісцкай дзейнасці" (арт. 24.15 КаАП). Гэты артыкул раней у Беларусі не выкарыстоўваўся.

Нагадаем, па ўсёй Беларусі 23 студзеня і цягам наступнага тыдня супрацоўнікі КДБ зладзілі масавыя ператрусы, допыты і затрыманні сваякоў і блізкіх палітвязняў, а таксама былых палітзняволеных, якія нядаўна выйшлі з месцаў зняволення і заставаліся жыць у краіне.

Так, напрыклад, жонку палітвязня і экс-кандыдата ў прэзідэнты Міколы Статкевіча — Марыну Адамовіч — асудзілі да 15 сутак за "дробнае хуліганства" (арт. 19.1 КаАП).

Таксама пасля затрымання не выпусцілі і былога палітвязня Аляксея Раманава, у якога раней дыягнаставалі анкалогію. Яго забралі на допыт у КДБ па падазрэнні ва ўдзел у "экстрэмісцкім фармаванні", а пасля шматгадзіннага допыту ў гомельскім упраўленні КДБ Аляксей трапіў у ізалятар часовага ўтрымання. Увечары таго дня яго падвезлі пад ягоны дом, каб сваякі перадалі яму рэчы і лекі. Пазней Раманава асудзілі паводле арт. 19.11 КаАП за "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў".

Палачанку Людмілу Анашкевіч арыштавалі на 15 сутак за "экстрэмісцкую" спасылку ў прыватнай перапісцы. Супрацоўнікі КДБ забралі ў яе мабільны тэлефон і лісты палітзняволенай лідаркі незалежнага прафсаюза "Нафтана" Вольгі Брыцікавай. Падставай для складання пратакола стала прыватная перапіска са знаёмым, які цяпер знаходзіцца ў Польшчы: жанчына пераслала яму спасылку на артыкул з рэсурса, які прызналі "экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй".


Глядзіце таксама

Павел Сапелка: Неадэкватная рэакцыя ўллады на правамерную дзейнасць грамадскіх структур

Праваабаронца Павел Сапелка пракаментаваў напад сілавікоў на сваякоў і блізкіх палітвязняў, а таксама нагадаў пра меры бяспекі, якія дапамогуць пазбегнуць пераследу:

"Атака на людзей і ініцыятывы, якія ў цяжкіх умовах не пакідаюць беларусаў без дапамогі, пераследуе некалькі мэтаў, галоўныя з якіх — адпомсціць за салідарнасць, разбурыць структуру падтрымкі, запалохаць людзей, уцягнутых у гэтую дзейнасць. 

Усе нападкі рэжыму не маюць нічога агульнага з абаронай закона і правапарадку, гэта неадэкватная рэакцыя на правамерную дзейнасць грамадскіх структур, аднак улады ўжо нават не спрабуюць гэтага хаваць. Дабрачынная дапамога людзям у цяжкай сітуацыі па вызначэнні не можа несці небяспекі для канстытуцыйнага ладу і функцыянавання дзяржавы і яго інстытутаў — калі гэта, вядома, не таталітарны рэжым, які страціў падтрымку народа і сілай узурпаваў уладу, і які існуе толькі дзякуючы рэпрэсіям. 

Улады карысталіся і будуць карыстацца любымі прабеламі і недахопамі ў схемах узаемадапамогі — для гэтага на іх працуе вялікі рэпрэсіўны апарат. Знайсці ў сабе сілы супраціўляцца такому рэжыму і яго вар'яцкім намаганням цяжка, але ўсе адказныя ініцыятывы і арганізацыі, у прыватнасці мы ў "Вясне", робім усё для таго, каб мінімізаваць рызыкі для мужных людзей, якія дапамагаюць нам і адзін адному супрацьстаяць тыраніі. 

Глядзіце таксама

Мы раім азнаёміцца з правіламі лічбавай бяспекі і строга іх выконваць; старанна хаваць ад іншых адчувальную інфармацыю; не пакідаць на сваіх лічбавых прыладах фармальных падстаў для адміністрацыйнага і крымінальнага пераследу —  відэа, здымкаў, падпісак, рэпостаў матэрыялаў з забароненых уладамі рэсурсаў. Бо менавіта невыкананне гэтых рэкамендацый часцей за ўсё становіцца прычынай пазбаўлення волі. 

Звяжыцеся з намі і паведаміце пра факты парушэння правоў чалавека — гэта не пакіне злачынствы рэжыму незаўважанымі і беспакаранымі. Калі вы ў бяспецы — падтрымлівайце ініцыятывы па дапамозе палітвязням і іх сем'ям, стварайце і развівайце дэцэнтралізаваную сетку салідарных дзеянняў".

Праваабаронцы адзначаюць, што ўсе лічбы затрыманняў, судоў і пераследаў за залідарнасць з палітзняволенымі могуць быць значна большымі, бо "Вясна" не валодае ўсімі звесткамі пра рэпрэсіі.