«Калі гэта плато, то мы не ведаем яго памеры»: эксперты пра тэндэнцыі ў рэпрэсіях

Сацыёлаг Генадзь Коршунаў, які займаецца вывучэннем палітычных рэпрэсій і штоквартальна публікуе аналітыку на гэтую тэму лічыць, што рэпрэсіі ў Беларусі выйшлі на плато. Але гэтае слова — плато — многіх трыгернула. 

img_2984_1_logo.jpg.webp

Паводле Коршунава, піша rfi.fr, колькасць палітвязняў зніжаецца (праўда, сацыёлаг згодны з тым, што на гэта ўплывае выхад на свабоду асуджаных яшчэ ў 2020-2021 гадах), «у 2023 годзе змяніўся фармат рэпрэсій, набор артыкулаў, якія сталі часцей прымяняцца сілавікамі — замест крымінальнай часцей сталі прыцягваць да адміністрацыйнай адказнасці».

«З аднаго боку, відавочна, рэпрэсіі, з другога — улады пачалі мяняць інструменты рэпрэсій, акцэнт зрушыўся з крымінальнага пераследу на масавае запалохванне пратэстнай, прадэмакратычнай часткі грамадства», — лічыць Генадзь Коршунаў.

На ягоную думку, выхад рэпрэсій на плато не дэманструе гатоўнасць уладаў да нейкіх паслабленняў ці нават да дыялогу з Захадам.

«Да выбараў 2025 года я б не чакаў якіх-небудзь зменаў рэпрэсіўнай палітыкі. У беларускай улады няма стымулаў нешта мяняць. Сітуацыю яны стабілізавалі. Сілавікі знаходзяць сабе новыя кірункі дзейнасці, новыя франты, на якіх могуць дэманстраваць кіраўніцтву сваю карыснасць. Знешніх стымулаў, якія б падштурхоўвалі мяняць сітуацыю, таксама не назіраецца», — адзначыў Коршунаў.

Глядзіце таксама

Кіраўнік фонду «Байсол» Андрэй Стрыжакне згодны з Коршунавым і адзначае, што рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца: «У дзень адбываецца каля дзесяці арыштаў па ўсёй краіне». «Увесь час сілавікі шукаюць і знаходзяць усё новыя групы, якія можна прыціснуць — архітэктары, дыяспары, сваякі палітвязняў. Прыкмета часу — буйнамаштабныя карныя аперацыі, у якіх задзейнічаны розныя сілавыя структуры па ўсёй краіне. Тут відаць пагаршэнне сітуацыі», — адзначыў Андрэй Стрыжак у Facebook.

Андрэй Стрыжак таксама паказвае на тое, што краіна «паступова зачыняецца, страх перашкаджае людзям мець зносіны з праваабаронцамі і даваць ім звесткі пра пераслед».

«Для разумення агульнай сітуацыі трэба арыентавацца на трэнды і рухі, а яны цяпер адназначныя. Лукашэнка і Пуцін рыхтуюцца да вайсковага супрацьстаяння з краінамі NATO, і ў логіцы вайсковага супрацьстаяння Беларусь, як галоўны плацдарм агрэсіі, павінна быць зачышчаная ад «варожых элементаў». Гэтую задачу дыктатура актыўна і выконвае», — лічыць Андрэй Стрыжак.

Глядзіце таксама

Юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Павел Сапелка таксама выказаўся на гэты конт:

«Бачу, што гэтае слова — плато — многіх трыгернула. Калі мы бярэм простую статыстычную працу над колькасцю выпадкаў пераследу, мы бачым, што ўзровень рэпрэсій прыблізна ўсталяваўся ўжо на працягу досыць доўгага часу. Сказаць, што рэпрэсій становіцца колькасна больш ці менш? Яны прыблізна захоўваюцца на адным і тым жа ўзроўні ўжо з 2021 года. Крымінальных спраў парадку ста ў месяц разглядаецца, рэпрэсіі могуць перацякаць з аднаго віду ў іншы. Летам і восенню 2020 года ва ўладзе была галоўная задача — заштурхаць людзей з вуліц у кватэры, яны займаліся гэтым, тады больш было адміністрацыйных спраў, улады гасілі вулічныя пажары. А крымінальны пераслед за маршы 2020 года працягваецца дагэтуль.

Потым сталі шукаць па сацсетках — за лайкі, каментары, пачаўся пераслед за словы і думкі. ( ... ) Тэрміны, якія цяпер даюць, у тым ліку ў рамках спецвытворчасці, яны наогул дзівяць. Сказаць, што мы на нейкім плато... Калі гэта плато, то мы не ведаем яго памеры, не ведаем, дзе яго мяжы. Мы ў высокім узроўні рэпрэсій жывем ужо чацвёрты год».

Складанасць з атрыманнем інфармацыі з самой Беларусі пра рэпрэсіі, суды пацвярджаецца нядаўнімі затрыманнямі людзей, якія прыйшлі на адкрытыя працэсы. Праўладныя тэлеграм-каналы, распавядаючы пра гэта, прасоўваюць ужо прыкладна такі мэсэдж: «Адкрыты працэс не азначае таго, што на яго можа прыйсці хто заўгодна». І, падобна, такія нечаканыя трактоўкі нормаў заканадаўства будуць усё больш папулярнымі ў Беларусі. Тыя ж праўладныя каналы кажуць пра сувязь затрыманых з праваабаронцай.

Павел Сапелка заявіў, што не можа каментаваць сувязь затрыманых людзей з «Вясной»: «Не стану ні аспрэчваць, ні пацвярджаць гэтага».

«Праца па грамадзянскім кантролі судоў — гэта цалкам легальная дзейнасць, гэта тое, што прадугледжана Канстытуцыяй, заканадаўствам, урэшце нават Вярхоўным судом. Гэта легальна. “Вясне” і іншым праваабарончым арганізацыям вельмі многія людзі паведамляюць пра тое, што адбываецца ў краіне. ( ... ) Да гэтага на валанцёраў “Вясны” была ажыццёўленая атака больш за два гады таму — затрыманні, ператрусы. ( ... ) Мы вельмі занепакоеныя тым, што ўлада і далей працягвае затыкаць людзям рот. Вось гэтыя назіранні за судамі — яны ж адбываюцца не таму, што камусьці вельмі цікава, што адбылося ў гэтай канкрэтнай крымінальнай справе. Адбываюцца таму, што ўлада не дае тых звестак, якія чакаюць ад яе людзі ў цэлым», — адзначыў Павел Сапелка.

«Не мы, праваабаронцы, не палітыкі, а ўсе людзі сёння хочуць ведаць, што адбываецца ва ўладзе, у тым ліку ў судовай. Людзі хочуць рэалізоўваць сваё права на інфармацыю. Улады чамусьці нават не могуць сказаць, колькі ў нас сёння людзей знаходзіцца ў турмах і калоніях. Для мяне гэта наогул нонсэнс. Нават у Расійскай Федэрацыі колькасць зняволеных можна высветліць у любы дзень з дакладнасцю да адзінкі, хоць гэта таксама недэмакратычная краіна, але гэтых даных не хавае», — падсумоўвае юрыст.