Хронікі рэпрэсій за 9 красавіка
Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў зноў папоўніўся, за «экстрэмізм» асудзілі ксяндза, за «распаўсюд экстрэмізму» затрымалі буйнога бізнесоўца, паведамляюць праваабаронцы.
- За «экстрэмізм» асудзілі ксяндза з Гродзенскага раёна
Пробашча касцёла вёсак Галынка і Пярстунь Гродзенскага раёна Паўла Гедройца асудзілі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» паводле арт. 19.11 КаАП. Суд адбываўся 12 і 14 сакавіка, справу разглядала суддзя Наталля Козел. Вынік пакуль невядомы.
Старонка святара ў Facebook выдаленая, паведамляе канал «Право имеют».
- За падзеі 10–11 жніўня 2020 года ў Брэсце асудзілі шэсць чалавек
5 красавіка ў судзе Ленінскага раёну Брэста вынесены прысуд шасці людзям за ўдзел у пратэстах у Брэсце ў ноч з 10 на 11 жніўня 2020 году. Згодна з абвінавачаннем, яны знаходзіліся на праезнай частцы праспектаў і вуліцаў Брэста, выкрыквалі лозунгі, дэманстравалі нацыянальныя сцягі і перашкаджалі руху грамадскага транспарту.
Суддзя Андрэй Грушко прызначыў:
- Віталю Чаркасаву — 2,5 года пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму;
- Арцёму Завадзе і Уладзіславу Барысаву — па 2 гады ў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму;
- Арцёму Кадыраву — 1 год пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму;
- Аляксандру Жуку — 2,5 года пазбаўлення волі;
- Марыі Лесік — 2,5 года «хатняй хіміі».
- Чарговае папаўненне Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў: «Е@атька», старонка Мікіты Мелказёрава, Hrodna.lifе
У яго трапілі:
- Telegram-каналы «Я/Мы ОМОН», «198 шагов», «My honors», «x320kbit», «Бобр 97%», «Partyzanka – чат беларуских беженцев в Польше», «И Грянул Грэм»;
- Instagram старонкі «strana_dla_wizni», «ya_ne_trogal_ya_prosto_smotrel»;
- YouTube-канал «ЗАГЛЯНЕ СОНЦА»;
- Старонкі ва «Укантакце» «БЕЛАРУСЬ для кожнага», «ITER AD ORTUS-БЕЛАРУСЬ»;
- Старонкі ў Facebook «Беларус Беларусу», «Фонд Страна для Жизни»;
- Сайт і сацсеткі «Hrodna.lifе»;
- Кніга «Недозволенная память: Западная Беларусь в документах и фактах: 1921-1954» Аляксандра Татаранкі;
- Старонка ў «Х» «Sviatlana Tsikhanouskaya»;
- Відэаролік «Е@атька. Как Лукашенко замучил целую страну | Разборы»;
- Старонкі ў «Аднакласніках» «Выборы Беларусь», «Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя: Брэсцкая», «Салiдарнасць – главные новости Беларуси», «Мы против декрета о тунеядцах»;
- TikTok-старонкі «gungengaiss3», «divnajatigra», «klasbar», «shokal».
- Палітвязні Вадзім Гурман і Юрый Чубанаў выйшлі на волю
У лютым 2021-га ў судзе Маладзечанскага раёна Вадзіму Гурману прысудзілі 3,5 гады калоніі. Згодна з абвінавачваннем, 9 жніўня 2020 года Вадзім актыўна ўдзельнічаў у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і не падпарадкоўваўся супрацоўнікам органаў унутраных спраў. Свой тэрмін палітвязень адбываў у горацкай калоніі № 9, дзе на яго ўвесь час ціснула адміністрацыя ўстановы.
Юрыя Чубанава асудзілі 2 гадоў калоніі па пяці артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт. 203-1 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да персанальных даных), арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады), ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі), арт. 370 (здзек з дзяржсімвалаў) і ч. 1 арт. 367 (паклёп на Лукашэнку). Палітвязня асудзілі, у тым ліку за лайкі і каментары фотаздымкаў, пастоў і відэа ў сацсетках.
- У Гомелі за «распаўсюд экстрэмізму» затрымалі буйнога бізнесоўца Наума Каца
8 красавіка ў судзе Цэнтральнага раёна Гомеля суддзёй Віктарам Казачакам была разгледжана адміністрацыйная справа паводле ч.2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) у дачыненні да гомельскага бізнесоўца Наума Каца.
- Славікі затрымалі мінчанку за ўдзел у пратэстах
Паводле інфармацыі “Медыязоны”, гаворка пра Дар'ю Давыдзенка. На «палонным відэа» яна кажа, што разам з мужам і сяброўкай у верасні 2020 года «ўдзельнічалі ў несанкцыянаваных мітынгах, хадзілі па дарогах, фатаграфаваліся, рабілі сэлфі». Сцвярджаецца, што яе муж і сяброўка таксама затрыманыя, але ў відэа іх не паказваюць.
Напрыканцы відэа Дар'ю прымусілі сказаць, што іх «пакаранне будзе звязанае з пазбаўленнем волі».
- Затрымалі жыхароў Брэста, якія сарвалі чырвона-зялёны сцяг з дзіцячага садка
Паведамляецца, што затрыманым мужчынам 25 і 46 гадоў. Праўладныя тэлеграм-каналы пагражаюць ім крымінальнай справай паводле арт. 370 КК (здзек з дзяржаўнай сімволікі).
- У Брэсце сілавікі затрымалі барысту
На «палонным відэа» затрыманы хлопец кажа, што яго завуць Мікіта, што ў 2020 годзе ён удзельнічаў у акцыі пратэсту і наклейваў налепкі «Краіна для жыцця» ў кавярні, дзе працаваў.
Паводле інфармацыі брэсцкіх праваабаронцаў, затрыманы — Мікіта Яхімовіч.