Лявон Вольскі: «Зарад энергіі і рашучасці»
Людзі, якія служаць рэжыму, хочуць, каб усё было ціха, непублічна, не даходзіла да прэсы, ня мела рэзанансу. Ціхі маўклівы сцэнар нам навязваюць нашыя ворагі, а вы чамусьці яго прымаеце і паводле яго жывяце! Лявон Вольскі на «Будзьма» адказаў сваім крытыкам.
Ніяк іначай — тыпова дыктатарскі падыход
Апошні мой тэкст выклікаў шмат розных эмоцыяў у велькашаноўнай публікі. Тэма допісу была: «нерашучасьць — як фірмовая беларуская рыса». Ну, і народ масава зрэагаваў на гэта. Прапаноўвалі мне неадкладна паехаць у Беларусь, каб рашуча ачоліць там супраціў. Ці хаця б ва Ўкраіну.
Казалі: «Ня згодны — крытыкуй, крытыкуеш — прапануй, прапануеш — рабі, робіш — адказвай. Толькі так. І ніяк іначай». Вы зразумелі? НІЯК ІНАЧАЙ! Такі тыпова дыктатарскі падыход — ёсьць толькі адна дарога. Адна нацыя. Адзін лідэр. І ніяк іначай.
Распавядалі, што ў 20-м былі забастоўкі і ўтварыўся цэлы страйкавы рух, няпраўда, што рабочыя не змагаліся!
Сьцьвярджалі, што людзі ня хочуць апублічваньня таго, што робіцца ў калёніях з палітвязьнямі, бо гэта рэальна можа прывесьці да катаваньняў і зьдзекаў. А езьдзяць туды-сюды празь мяжу, бо хочуць пабачыць маці, бабулю, сваякоў і блізкіх, чаго іх за гэта асуджаць?
Сапраўды, навошта асуджаць? Ну, і што з таго, што яны езьдзяць з гуманітарнай візай ці картай побыту, якая выдадзеная на гуманітарнай падставе (а гэта мае на ўвазе, што табе небясьпечна знаходзіцца на радзіме), якое гэта можа мець значэньне, калі чалавек хоча пабачыцца з мамай ці бабуляй? Ну і што, што памежнікі ўсё бачаць і асэнсоўваюць, і неўзабаве камусьці, хто сапраўды зазнаў перасьлед, гэтую візу ці дазвол на жыхарства ня выдадуць?
Ці патрэбны розгалас палітвязьням
Я неаднойчы размаўляў з былымі палітвязьнямі. І зь лідэрамі ініцыятываў, якія палітвязьням дапамагаюць. На пытаньне пра апублічваньне дзеяньняў турэмнае адміністрацыі ўсе казалі аднадушна: максымальны розгалас! Бо гэтыя людзі, якія служаць рэжыму, хочуць, каб усё было ціха, непублічна, не даходзіла да прэсы, ня мела рэзанансу. Каб яны маглі рабіць, што заўгодна, а сваякі палітвязьняў усё гэта замоўчвалі і ціхарылі: маўляў, ціха адсядзіць свае сем гадоў, вызваліцца ды зьедзе, а так яшчэ невядома, чым усё скончыцца. Дык я вас магу запэўніць: у любым выпадку невядома!
Гэты ціхі маўклівы сцэнар нам навязваюць нашыя ворагі, а вы чамусьці яго прымаеце і паводле яго жывяце! Ці сапраўды верыце словам пачвараў у форме?
Ці быў той страйк масавым
Наконт масавага страйку працаўнікоў заводаў ды фабрыкаў у 2020-м — каб ён быў, мы б усе яго адчулі. Каб рабочыя сапраўды — у адзіным парыве! — кінулі працу хоць на тыдзень, ды што там! — хоць на два дні! — на ўсіх гэтых МАЗах, трактарных, шарыках, колавых цягачоў, амкадоры, МЗОРы, птушкафабрыцы імя Крупскай і парнікова-цяплічным камбінаце.
Не. Не было такога. Зарплата, крэдыты, чарга на кватэру пераважылі.
У чым беларусы рашучыя
Той тэкст быў пра беларускую нерашучасьць. І гэта памылка! Якая там нерашучасьць?! Калі трэба — мы вельмі нават рашучыя.
Мы рашуча афармляем сабе за мяжою міжнародную ахову ці то дазвол на жыхарства (а перад гэтым рашуча робім карту паляка, бо плян «Б» ніхто не адмяняў), хаця гэта й няпросты працэс, рашуча адстойваем на мяжы трыццаць гадзінаў, каб пабачыць сваякоў, рашуча едзем у дальні шлях праз Калінінград (ці Пскоў) да Масквы, а адтуль — маршруткаю ў Менск, каб не праходзіць беларускіх памежнікаў, а там, у Менску, рашуча афармляем сваю кватэру на продаж, бо рэжым выключыў іншыя шляхі купля-продажных угодаў нерухомасьці, а потым рашуча вяртаемся на Захад тым самым пакручастым шляхам.
Мы рашуча накідваемся ў інтэрнэце на Кабінэт і ягоных прадстаўнікоў ці то на якую Каардынацыйную раду, ці яшчэ на штосьці (кагосьці), хто ўсё робіць няслушна, а мы ведаем, як трэба, але да нас ня хочуць прыслухоўвацца.
Мы адчайна змагаемся з тымі, хто лічыць расейскамоўных беларусаў не беларусамі і, наадварот, з тымі, хто ставіць мову на першае мейсца (бо трэба пачынаць ня з мовы, а з эканомікі!), абараняем да апошняе кроплі крыві свой адзіна правільны пункт гледжаньня і не прымаем іншыя! Бяз страху і папроку!
Тут мы вельмі рашучыя!
Што рабіць аўтару
А наконт таго, што мне, аўтару гэтых радкоў, «трэба паехаць у Беларусь ці хаця б (чаму «хаця б»?) ва Ўкраіну», дык паглядзім. Такія пляны, нават калі яны ёсьць, звычайна не апублічваюцца.
І наастачу. Спадзяюся, што перадаў вам зарад энэргіі і рашучасьці на ўвесь наступны тыдзень! Дзякуй за ўвагу!
Лявон Вольскі, Budzma.org