Быць пачутымі. Як у 1991 годзе баставала Беларусь
Трэцяга красавіка 1991 года Беларусь ускалыхнулі забастоўкі рабочых. Пачаліся яны з эканамічных патрабаванняў, аднак неўзабаве да іх дадаліся і палітычныя. Гэта быў месяц, у якім не было практычна ані дня без страйку. Менавіта тады былі зроблены знакамітыя кадры — сотня тысяч рабочых перад Домам урада ў Мінску.
![Мітынг рабочых у Мінску ў 1991-м. Фота з сайта «Е*рарадыё» Мітынг рабочых у Мінску ў 1991-м. Фота з сайта «Е*рарадыё»](/img/v1/images/1152494_031003_21x129247.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Мітынг рабочых у Мінску ў 1991-м. Фота з сайта «Е*рарадыё»
Кошты — наперад. А заробак?
Перабудоўная турбулентнасць у 1991 годзе дасягнула свайго піку. Рэспублікі СССР адна за адной прымалі дэкларацыі аб незалежнасці ад Масквы. Эканоміка стагнала пад грузам праблем і разрыву эканамічных сувязей — як цяпер сказалі б, лагістыкі. Вырашыць праблему эканомікі тады, як і цяпер, улады спрабавалі за кошт народа.
У пачатку красавіка 1991-га цэны выраслі адным махам. Хлеб падаражэў у тры разы, у столькі ж — кілаграм варанай каўбасы, ялавічына і сметанковае масла дадалі ў кошце ў тры з паловай разы, школьная форма — амаль у пяць. У два разы падаражэла піва і ў тры разы — абед у сталовай. Не павысіўся кошт толькі на гарэлку — «пузыр» як каштаваў 10 рублёў, так на тым жа ўзроўні і застаўся. Праўда, гарэлку прадавалі не проста так, а па талонах.
Першыя дні красавіка людзі з вялікімі вачыма глядзелі на новыя цэннікі ў крамах. Трэцяга красавіка рабочыя Мінскага электратэхнічнага завода, палічыўшы, колькі і чаго яны цяпер могуць купіць (дакладней, не купіць) за свае заробкі, сабраліся на імправізаваны мітынг на тэрыторыі завода. Да рабочых прыйшлі прадстаўнікі адміністрацыі, але кіраўніцтва заявіла: павышэння аплаты працы чакаць не варта.
Пасля гэтых слоў завадчане пакінулі працоўныя месцы і выйшлі на вуліцу Казлова, перакрыўшы трамвайны рух. Некалькі чалавек забраліся на трамвай, які яны спынілі. Людзі заявілі, што не вернуцца на працоўныя месцы, пакуль не будуць выкананы іх патрабаванні, галоўным з якіх было, зразумела, павышэнне заробкаў. Неўзабаве да рабочых электратэхнічнага далучыліся супрацоўнікі завода аўтаматычных ліній, а пазней — работнікі трактарнага завода і МАЗа.
Адзін з удзельнікаў той забастоўкі, Пётр Барысаў, казаў пасля ў інтэрв'ю «Onliner», што ў пачатку забастоўкі вялікую ролю адыгралі некалькі актывістаў, якія да гэтага ўжо ўдзельнічалі ў працоўных рухах. Яны прайшліся па цэхах і сабралі людзей, на заводзе арганізавалі страйкам, які ўзначаліў Георгій Кабусь, а пасля 5 красавіка з’явіўся і гарадскі страйкам.
У гэты дзень, 3 красавіка, завод не працаваў. Людзі сфармулявалі патрабаванні і перадалі іх кіраўніцтву, паабяцаўшы, што вернуцца на працоўныя месцы, даўшы начальству час для разгляду прапаноў. На наступны дзень яны сапраўды сталі за станкі, але ланцуговая рэакцыя ўжо была запушчана.
![Рабочыя электратэхнічнага завода на даху трамвая. Фота з Onliner Рабочыя электратэхнічнага завода на даху трамвая. Фота з Onliner](/img/v1/images/555ace356cac5e0bf49e8214b803e0c4.jpeg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Рабочыя электратэхнічнага завода на даху трамвая. Фота з Onliner
Пачатак мітынгаў
Чацвёртага красавіка ў Мінску заводы спыняліся адзін за адным. Рабочыя выходзілі на вуліцы і калонамі рушылі на плошчу Леніна (цяпер — Незалежнасці) да Дома ўрада. Потым распавядалі, што толькі з «Інтэграла» на плошчу прыйшло каля 30 тысяч чалавек.
«На плошчы ў аднаго міліцыянта быў вялікі мегафон, мы папрасілі пазычыць яго нам — ён даў. Мы залезлі на трыбуну, дзе стаіць Ленін, і адтуль звярталіся да калег. Потым нам прывезлі машыну з калонкамі, далі мікрафон. Да нас выйшаў Вячаслаў Кебіч (кіраўнік тадышняга ўрада) і паспрабаваў звярнуцца да людзей, але яго проста асвісталі. Ён махнуў рукой і сышоў», — успамінаў Міхаіл Марыніч, слесар механазборачных работ з МАЗа (не блытаць з экс-дыпламатам, экс-міністрам знешнеэканамічных сувязей і палітыкам Міхаілам Марынічам — НЧ).
Пазней на плошчы з’явілася імправізаваная сцэна, а страйкоўцы запатрабавалі кожны дзень вылучаць ім эфірны час на тэлебачанні. Улады далі ім 15 хвілін эфірнага часу, прычым у прайм-тайм і ў прамым эфіры, падчас якога рабочыя маглі казаць усё што заўгодна.
Стачачныя камітэты, якія ўзніклі на заводах, аб'ядналіся спачатку ў Мінскі, а потым у рэспубліканскі страйкамы. Да канца тыдня яны падрыхтавалі выразныя патрабаванні — 12 пунктаў, сярод якіх былі як эканамічныя патрабаванні (павышэнне заробкаў, забеспячэнне спецвопраткай і гэтак далей), так і палітычныя: адстаўка ўрада СССР на чале з Міхаілам Гарбачовым і Вярхоўных Саветаў як СССР, так і БССР.
![Мітынг рабочых на плошчы Незалежнасці ў 1991 годзе / Сяргей Брушко Мітынг рабочых на плошчы Незалежнасці ў 1991 годзе / Сяргей Брушко](/img/v1/images/1152494_031003_21x129255.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Мітынг рабочых на плошчы Незалежнасці ў 1991 годзе / Сяргей Брушко
Плюс рэгіёны
На наступны дзень, 5 красавіка, страйкаваць пачалі рэгіёны. У прыватнасці, у Салігорску ўстаў «Беларуськалій». Шахцёры выйшлі на цэнтральную плошчу горада з патрабаваннем павысіць заробак у 2,5 разы, заключыць тарыфнае пагадненне аб умовах працы і адправіць у адстаўку гендырэктара прадпрыемства. Пасля яны далучыліся і да палітычных патрабаванняў — адстаўка прэзідэнта СССР Міхаіла Гарбачова, роспуск саюзнага і рэспубліканскага парламентаў.
«Горад такога яшчэ не бачыў: на цэнтральную плошчу з усіх чатырох рудаўпраўленняў і шахтабудаўнічага трэста проста са змены з’ехаліся падземшчыкі — у чырвоных касках і робах. Усяго — прыкладна 2,5 тысячы чалавек. Прадстаўнікі гарадской улады і адміністрацыі прадпрыемстваў пахаваліся па кабінетах. На плошчы быў абраны гарадскі стачачны камітэт», — успамінаў Васіль Юркін, адзін з сустаршынь стачкама.
![Страйк у Салігорску, 5 красавіка 1991 года. Фота: скрыншот з кнігі «НПГБ. Зборнік матэрыялаў па гісторыі Незалежнага прафсаюза гарнякоў Беларусі» Страйк у Салігорску, 5 красавіка 1991 года. Фота: скрыншот з кнігі «НПГБ. Зборнік матэрыялаў па гісторыі Незалежнага прафсаюза гарнякоў Беларусі»](/img/v1/images/soligorsk_5_aprelya_1991.png?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Страйк у Салігорску, 5 красавіка 1991 года. Фота: скрыншот з кнігі «НПГБ. Зборнік матэрыялаў па гісторыі Незалежнага прафсаюза гарнякоў Беларусі»
Страйкавыя камітэты склаліся ў далейшым у Оршы, Маладзечне, Барысаве, Салігорску, Лідзе і Гомелі. Іх мэтай была каардынацыя забастовак.
А Мінск працягваў страйкаваць. Увечары народ разыходзіўся па дамах, а раніцай вяртаўся на плошчу. Акцыі пратэсту то разгараліся, то астывалі, але працягваліся.
10 красавіка Савет Міністраў БССР пайшоў на перамовы з забастоўшчыкамі. У іх выніку ўлады паабяцалі задаволіць некаторыя эканамічныя патрабаванні, напрыклад, зрабіць інфляцыйнае павышэнне заробкаў. Аднак палітычныя патрабаванні стачкамаў былі адпрэчаны. Таму лідары страйкавага руху абвясцілі аб аднаўленні стачак з 23 красавіка.
Менавіта ў гэты дзень, 23 красавіка, у Мінск прыйшла тэлеграма, што рабочыя прадпрыемстваў Оршы маюць намер заблакіраваць чыгуначныя шляхі, калі патрабаванні рабочых не будуць выкананы.
![Мітынг у Мінску. Фота з сайта «Onliner» Мітынг у Мінску. Фота з сайта «Onliner»](/img/v1/images/293bc660ff4a19134fb22ececaa92d17.jpeg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Мітынг у Мінску. Фота з сайта «Onliner»
Орша і блакіроўка чыгункі
Тэлеграма была прынята рабочымі Оршы на мітынгу ў раённым цэнтры. Яна ўключала ў сябе патрабаванні панізіць цэны, вывесці парткамы з прадпрыемстваў, нацыяналізаваць маёмасць партыі, адмяніць наменклатуры ўсе прывілеі, скараціць на траціну дзяржапарат. Аршанцы паставілі ўльтыматум: калі гэтыя патрабаванні не выканаюць да 17 гадзін 23 красавіка, то будзе паралізавана праца Аршанскага чыгуначнага вузла.
У сераду, 24 красавіка, на галоўнай плошчы ў Оршы сабралася ад 3 да 5 тысяч чалавек. «Усе чамусьці спадзяваліся, што на плошчы будзе нейкі вынік, што прыедуць нейкія сур'ёзныя людзі: мы паклікалі туды і партыйны камітэт Оршы, і многіх кіраўнікоў прадпрыемстваў горада. Але ніхто не з'явіўся. Начальнікі стаялі і з-за рага назіралі за ўсім, што адбываецца», — распавядаў сведка падзей Ігар Грышанаў.
Але «пацан сказаў — пацан зрабіў». Раніцай 25 красавіка чыгуначныя шляхі былі заблакіраваны. У гэты ж час з Барані (горад за 9 кіламетраў ад райцэнтра) у Оршу выйшла шматтысячная калона работнікаў завода «Чырвоны Кастрычнік». Да страйкоўцаў далучыліся рабочыя лакаматыўнага дэпо.
Міліцыя атачыла чыгуначны вакзал, каб не дапусціць страйкоўцаў у дыспечарскую. Аднак страйкаму далі пакой на вакзале — а ў памяшканні насупраць засядалі сілавікі і чыноўнікі.
![Блакіроўка чыгункі ў Оршы. Фота з сайта charter97.link Блакіроўка чыгункі ў Оршы. Фота з сайта charter97.link ](/img/v1/images/aux_1619250482_orsha_zabastovka_1991_3.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Блакіроўка чыгункі ў Оршы. Фота з сайта charter97.link
На прывакзальнай плошчы ўсталявалі гукаўзмацняльную апаратуру. На мітынгу ўвесь час нехта выступаў. Але пратэстоўцаў не разганялі, мікрафон у выступоўцаў не адбіралі. З забастоўшчыкамі ўступаў у перамовы начальнік гарадской міліцыі Аляксандр Длугаш — ён браў слова на мітынгах. Зачытвалі тэлеграмы і паведамленні пра тое, што адбываецца ў Мінску (інтэрнэту ці мабільнай сувязі яшчэ не было).
Спыніўся рух усяго — як таварных, так і пасажырскіх цягнікоў. Да пратэстоўцаў выходзілі пасажыры і прасілі даць рух саставам, прасілі пашкадаваць дзяцей, якія аказаліся заблакіраванымі ў цягніках у спякотны веснавы дзень. Таму ўвечары 25 красавіка страйкам вырашыў зняць блакаду чыгункі.
Куды глядзела міліцыя?
Міліцыя ў 1991 годзе не была прывілеяваным класам. Міліцыянты тады рэальна былі «з народам», у іх былі такія ж заробкі (а то і меншыя), як і ў рабочых, яны сапраўды гэтак жа адчувалі ўсе эканамічныя цяжкасці і сапраўды гэтак жа думалі, як жыць далей. Таму ў разгонах працоўных пратэстаў яны асабліва не шчыравалі.
Дый, уласна, улада ў 1991 годзе адрознівалася ад той, якая ёсць цяпер — яна не была аднаасобнай. Усё вырашаў не адзін чалавек, а Прэзідыум ЦК КПСС БССР, над якім стаяў ЦК КПСС СССР. А ў гэтых структурах думкі пра тое, як трэба дзейнічаць у сітуацыях стачак, таксама былі розныя. Прыйсці да адзінага меркавання не ўдавалася — і менавіта таму «ястрабы» ў ЦК КПСС у жніўні таго ж 1991 года задумалі путч, які мы ведаем па абрэвіятуры іх структуры — ГКЧП.
У прэсе тых часоў сілавікі выказваліся максімальна дэмакратычна. Вось цытата начальніка падраздзялення грамадскіх сувязей КДБ Гейдзіча, апублікаваная ў «Народнай газеце» ў красавіку 1991-га: «Што тычыцца органаў дзяржаўнай бяспекі, то яны таксама заклапочаны бядотным станам эканомікі ў рэспубліцы, рэзкім паніжэннем узроўню жыцця, нестабільнасцю ў грамадстве [...] Мы плоць народа і сваё прызначэнне бачым у абароне яго інтарэсаў. Разам з тым, лічым, што мітынгі, дэманстрацыі і забастоўкі не палепшаць наша жыццё».
![Міліцыя на чыгуначным вакзале ў Оршы. Фота з сайта charter97.link Міліцыя на чыгуначным вакзале ў Оршы. Фота з сайта charter97.link](/img/v1/images/aux_1619250483_zabastovka_orsha_1991_16.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Міліцыя на чыгуначным вакзале ў Оршы. Фота з сайта charter97.link
Дамагліся не ўсяго, але…
У выніку забастовак урад пайшоў на перамовы са страйкамамі і пагадзіўся выканаць эканамічныя патрабаванні: заробкі павысілі, страйкоўцам паабяцалі выплаціць кампенсацыю за красавік. Палітычныя патрабаванні, вядома, выкананы не былі. Але рабочыя, падаецца, і не чакалі іх выканання, паколькі ўсведамлялі, што рэгіянальным страйкам зняць урад усяго Савецкага Саюза наўрад ці ўдасца. Палітычныя патрабаванні былі дададзены, хутчэй, зыходзячы з прынцыпу «будзьце рэалістамі, патрабуйце немагчымага». І тады ў выніку перамоў вы атрымаеце максімум з магчымага.
Зрэшты, адно палітычнае патрабаванне ўсё ж было практычна выканана — парткамы КПСС на заводах практычна страцілі свой уплыў.
Завод імя Казлова неўзабаве падпісаў калектыўную дамову, рабочым павялічылі колькасць адпускных дзён і павысілі заробак.
На Мінскім аўтазаводзе быў створаны страйкам, які засядаў усё лета, а потым на яго базе быў створаны Свабодны прафсаюз работнікаў МАЗ. Літаральна за год прафсаюз вырас да тысячы чалавек, а ў 1996 годзе там было пад 1300 чалавек.
У выніку таго гарачага страйку рабочыя дамагліся выканання асноўных сваіх патрабаванняў — але не ўсіх. Але галоўнае — народ адчуў, што ён мае права голасу, ён можа прымусіць з сабой лічыцца. А страйкавы рух даў пачатак стварэнню незалежных прафсаюзаў на прадпрыемствах — тых, якія цяпер перажываюць рэпрэсіі сённяшняга часу.