Марыя Калеснікава сустракае чарговы дзень народзінаў за кратамі
Родныя не маюць аніякай інфармацыі пра Марыю з 15 лютага 2023 года. Сціплыя звесткі пра яе, якія ўсё ж даносяцца ад іншых зняволенных, надзвычай трывожныя.
![Марыя Калеснікава ў 2020 годзе. Фота Павал Хадзінскі Марыя Калеснікава ў 2020 годзе. Фота Павал Хадзінскі](/img/v1/images/had_1709_logo.jpg.webp?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Марыя Калеснікава ў 2020 годзе. Фота Павал Хадзінскі
Марыя Калеснікава нарадзілася 24 красавіка 1982 года ў Мінску. Скончыла Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі па спецыяльнасці флейтыст і дырыжор. З 17 гадоў выкладала флейту ў гімназіі ў Мінску. Грала на флейце ў Оперным тэатры, аркестры Фінберга, брала ўдзел у моладзевым нацыянальным руху, нагадвае «Наша Ніва».
У 2007 годзе Марыя Калеснікава пераехала ў Германію. Спачатку вучылася ў Вышэйшай школе музыкі ў Штутгарце, а пасля прымала ўдзел у канцэртах, займалася арганізацыяй міжнародных культурных праектаў як там, так і ў роднай краіне.
У 2017 годзе Белгазпрамбанк, старшынёй праўлення якога быў вядомы ў краіне банкір Віктар Бабарыка, купіў тры пустыя цэхі Мінскага станкабудаўнічага завода. Былыя завадскія памяшканні пераабсталявалі ў культурны хаб — ОК16. Месца мелася зрабіцца інкубатарам культурных праектаў і эканамічных інструментаў будучыні. Арт-дырэктарам праекта стала Марыя Калеснікава.
У маі 2020 г. далучылася да штаба Бабарыкі, які заявіў, што ідзе ў прэзідэнты, пасля арышту банкіра, фактычна стала тварам яго штаба, ездзіла са Святланай Ціханоўскай і Веранікай Цапкала па рэгіёнах.
![Фота: Павал Хадзінскі Фота: Павал Хадзінскі](/img/v1/images/had_5388_logo.jpg_1.webp?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Фота: Павал Хадзінскі
Марыя была выкрадзеная 7 верасня 2020 г. у Мінску і разам з яшчэ двума сябрамі Каардынацыйнай рады, Антонам Раднянковым і Іванам Краўцовым, гвалтоўна прывезеная на беларуска-ўкраінскую мяжу для выдварэння з краіны. Аднак, парваўшы свой пашпарт на памежным пераходзе і выскачыўшы з аўтамабіля, Марыя Калеснікава вярнулася ў Беларусь.
21 снежня стала вядома, што згодна з даручэннем Генпракуратуры Следчы камітэт распачаў крымінальную справу аб змове з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам (ч. 1 арт. 357 КК) супраць сябраў Каардынацыйнай рады. Таксама Марыя Калеснікава стала фігуранткай крымінальнай справы аб стварэнні экстрэмісцкага фарміравання (арт. 361-1 КК), таксама распачатай супраць Каардынацыйнай рады.
6 верасня 2021 года — яе судзілі разам з юрыстам Максімам Знакам — асуджаная на 11 гадоў калоніі. Пакаранне адбывае ў Гомельскай калоніі.
![Фота: Getty Images Фота: Getty Images](/img/v1/images/kol700.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Фота: Getty Images
У канцы лістапада 2023 года Марыя Калеснікава трапіла ў рэанімацыю Гомельскай бальніцы хуткай дапамогі. Ёй правялі экстраную аперацыю, выявілі прабадную язву, якая ўскладнілася перытанітам. Пасля бальніцы ў хуткім часе Марыю перавялі назад у калонію, у медыка-санітарную частку. Там ёй дазволілі сустрэцца з бацькам. З таго часу родныя не бачылі Марыю, не атрымлівалі лістоў і тэлефанаванняў.
Апошні ліст ад Марыі Калеснікавай родныя атрымалі 15 лютага 2023 года. З таго часу блізкія не маюць пра яе аніякай інфармацыі. Мяркуецца, што Марыя знаходзіцца ў памяшканні камернага тыпу.
Яе не водзяць на працу, яна год ізаляваная ў адзіночнай камеры. Іншыя зняволеныя жанчыны, трапляючы ў ШІЗА, чулі яе голас, калі яна была там і казала ахоўнікам пра тое, што адчувае сябе блага.