У віцебскай блогеркі забіраюць хату. Яна каштуе нашмат больш, чым жанчына «вінаватая» рэжыму

Чарговы прыклад катастрафічных палітычных рэпрэсій у Беларусі. У вядомай віцебскай блогеркі Алены Янушкоўскай забіраюць хату, яе будуць прадаваць з аўкцыёну. Пры гэтым заяўленая цана нерухомасці ў шмат разоў перавышае «доўг» жанчыгы лукашэнкаўскаму рэжыму.

Фота з асабістага архіву Алены Янушкоўскай

Фота з асабістага архіву Алены Янушкоўскай

Улады прадаюць з аўкцыёну хату віцебскай блогеркі Алены Янушкоўскай. Сама гаспадыня нерухомасці — у вымушанай эміграцыі, у Беларусі супраць яе распачатыя дзве крымінальныя справы, піша БАЖ.

Алена Янушкоўская кажа, што нечага падобнага ўжо чакала: у лютым на яе хату ў вёсцы Суйкава Віцебскага раёна наклалі арышт. Цяпер жытло выставілі на аўкцыён, каб сродкамі з продажу пакрыць запазычанасць блогеркі па штрафах і падатках.

Аўкцыён прызначаны на 30 траўня, абвешчаная цана маёмасці — 10 700 рублёў. На думку блогеркі, Бюро тэхнічнай інвентарызацыі ацаніла нерухомасць нашмат ніжэй за рынкавы кошт:

«На пачатку 2000х, калі я купляла гэтую хату, я заплаціла амаль 9 тысяч долараў. Будынак не новы, але досыць прасторны, 56 квадратных метраў, чатыры пакоі. Побач уласная студня, на падворку — гаспадарчыя пабудовы, лазня, літаральна за хатай — сажалка. Тэрыторыя «маёнтка» — 25 сотак. А самае галоўнае, хата стаіць на ўскрайку вёскі, там вельмі зацішна, як на асобным хутары. Ацяпленне пячное, але вёска газіфікаваная, падвесці газ пры жаданні — не праблема. Іншая справа, што ў мяне не было на гэта лішніх грошай. Увогуле ж вёска Суйкава месціцца за тры кіламетры ад Віцебска, сюды ходзяць гарадскія маршруткі. Усё вельмі зручна».


janushkouskaja_2_jpg_webp.webp

Сума запазычанасці Алены Янушкоўскай складае 1436 рублёў 60 капеек, з іх 856 рублёў —  гэта нясплочаныя штрафы. Астатняе — падаткі, якія жанчына не мела магчымасці заплаціць зза мяжы. Людзі, на якіх яна паспадзявалася ў гэтай справе, падвялі. Сваякоў у Беларусі ў яе практычна не засталося.

Калі хату прададуць і запазычанасць будзе пагашаная, ці можна будзе нейкім чынам атрымаць астатнія грошы за сваю маёмасць? Адказу на гэтае пытанне Алена Янушкоўская не ведае. І не выключае, што гэтыя грошы выкарыстаюць як «прыманку», каб заахвоціць яе вярнуцца зза мяжы.

«Суседзі маёй дачкі распавядалі, што да іх днямі прыходзіў міліцыянт і распытваў, куды мы ўсе з’ехалі. Казаў, каб мне перадалі, што супраць мяне распачатыя дзве крымінальныя справы — за абразу Лукашэнкі і за спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці. І што мне, маўляў, прасцей прыехаць і «адсядзець» за свае правіны. Маўляў, «дадуць» мне гады тры калоніі, і праз паўтра я выйду па амністыі. Вельмі ім хочацца, каб я вярнулася», — кажа Алена Янушкоўская.


Глядзіце таксама

У Беларусі і перадусім на Віцебшчыне жанчыну ведаюць як стваральніцу шэрагу груп у сацыяльных сетках і відэаканала «Настоящая Беларусь», дзе блогерка яшчэ з 2018 года распавядала пра нялёгкае жыццё вяскоўцаў. У лістападзе 2021 года Міністэрства інфармацыі ўключыла ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў некалькі відэаролікаў, размешчаных на гэтым YouTube-канале, у снежні 2022-га ў гэты спіс унеслі групу «Настоящая Беларусь» у сацыяльнай сетцы «ВКонтакте», у красавіку 2023-га — групу з такой самай назвай у «Одноклассниках», у лютым 2024 года — групу «Настоящая Беларусь» у Facebook.

Алена Янушкоўская пакінула Беларусь у лютым 2021 года. Прычынай стаў ціск за блогерскую дзейнасць: з 2020 года жанчыну неаднаразова каралі арыштамі і штрафамі за яе стрымы з важных грамадска-палітычных падзей у Віцебску і ў Мінску. Арышты даводзілася адбываць, нягледзячы на істотныя праблемы са здароўем: жанчына пакутуе на астму, мае інваліднасць. Ціснулі на блогерку і праз рэпрэсіі ў дачыненні да яе блізкіх: дачку Юлію неаднаразова штрафавалі за ўдзел у так званых несанкцыянаваных акцыях, сацыяльныя службы пагражалі адабраць у яе дзвюх непаўналетніх дачок. Цяпер Юлія Уласенка разам з дзецьмі таксама знаходзіцца па-за межамі Беларусі.