Пакуль ідзе вайна, нельга чакаць нейкага аслаблення палітычных рэпрэсій?

Рэпрэсіі — спосаб кантролю ўлады за нестабільнай палітычнай сітуацыяй ва ўмовах турбулентнасці, якая разварочваецца вакол Рэспублікі Беларусь, лічыць сябар перадвыбарчай каманды Віктара Бабарыкі Іван Краўцоў.

Фота з архіва Івана Краўцова

Фота з архіва Івана Краўцова

На Эдуарда Бабарыку завялі новую крымінальную справу — на гэты раз па артыкуле пра злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі папраўчай установы. Максімальнае пакаранне па гэтым артыкуле — год пазбаўлення волі. На дадзены момант Эдуарду Бабарыку засталося адбыць у зняволенні каля 4,5 гадоў. За кратамі знаходзіцца і бацька Эдуарда Віктар Бабарыка, з якога таксама здзекуюцца ў турме, інфармацыі пра стан якога няма ўжо больш за год.

Пра лёс палітыка і яго сына, а таксама агульнае становішча палітзняволеных у Беларусі, журналістка Радыё Рацыя Вольга Сямашка пагутарыла з чальцом перадвыбарчай каманды Віктара Бабарыкі Іванам Краўцовым.

— На якой падставе заведзена крымінальная справа і што ўвогуле чуваць?

— Нядаўна стала вядома, што адміністрацыі калоніі №2 горада Бабруйска, дзе Эдуард Бабарыка цяпер адбывае пакаранне, ініцыявала новую крымінальную справу за злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі папраўчай установы. Калі гэтая справа ў выніку закончыцца чарговым тэрмінам, то Эдуарду Бабарыка дадасца яшчэ год да тых 8 гадоў, якія былі яму прысуджаныя ў ліпені 2023 года.

Глядзіце таксама

— Што вядома пра гэта “злоснае непадпарадкаванне” адміністрацыі?

— Наколькі я ведаю з практыкі, гэтыя артыкулы ўзбуджаюцца па факце, напрыклад, шматлікіх папярэджанняў і парушэнняў. Папярэджаннем парушэння ў калоніі можа стаць любая прычына. Ад недастатковай аголенасці, нейкага спазнення на некалькі хвілін ці дрэнна запраўленага ложка.

У цэлым практыка стаўлення да палітвязняў паказвае, што няма праблемы знайсці прычыну для выдачы папярэджання, гэта норма. Яна выкарыстоўваецца якраз для ціску на зняволеных. Таму канкрэтная прычына ў дадзеным выпадку невядомая. Я не думаю, што гэта штосьці асаблівае. Я думаю, што гэта ў межах звычайнай практыкі бюракратычнага ціску на чалавека.

Глядзіце таксама

— Таксама мала што вядома пра стан Віктара Бабарыкі, бацькі Эдуарда. Дзе ён знаходзіцца, які яго стан здароўя і ці ёсць да яго допуск адвакатаў?

— Не, канешне пра ніякі допуск адвакатаў мы ўжо даўно не можам казаць. Ужо больш за год-паўтара адвакат не наведваў Віктара Бабарыку ў калоніі, як і Марыю Калеснікаву. Усе яны па чутках цяпер знаходзяцца ў памяшканнях камернага тыпу, ізаляваныя. Часамі ў пары з кімсьці, часамі ў адзіночцы. Эдуард Бабарыка, наколькі нам вядома, трапляў у адзіночную камеру. Яны ізаляваныя, перапіскі няма, тэлефанаванняў да родных няма, тым больш няма наведванняў адваката.


Глядзіце таксама

— Ці бачылі вы вынікі апошняга “Барометру рэпрэсій у Беларусі” ад Цэнтра новых ідэй? Рэпрэсіі не сціхаюць, колькасць палітзняволеных расце. Праваабаронцы наракаюць на тое, што няма доступу ні юрыстаў, ні адвакатаў. Пытанне ў тым, што далей рабіць з палітзняволенымі? У праграме руху “Моладзевага наступу” ёсць асобны пункт прысвечаны абароне палітвязняў. Як гэта бачыцца ў гэтай сістэме?

— Нягледзячы на тое, што палітычныя лідары знаходзяцца пад надзвычайным ціскам, для большасці палітвязняў усё ж такі яшчэ магчыма аказваць падтрымку. Канешне, мова ў асноўным ідзе пра іх рэабілітацыю пасля таго, як яны выйшлі на волю. То-бок гэта і пошук працы, выезд за мяжу, дапамога з легалізацыяй за мяжой. У тым ліку дагэтуль гэта тыя фонды, якія займаюцца падтрымкай палітвязняў, наколькі мне вядома, яны ў Беларусі працягваюць падтрымку сем’яў палітвязняў.

Таму, канешне, як асобная група — гэта моладзь. Па ёй, я так разумею, у нас будзе каардынацыя. Як гэта звычайна робіцца? Выбіраюцца канкрэтныя спісы па нейкай прыкмеце. Па іх высвятляецца інфармацыя, ці працуе з імі ўжо нейкая арганізацыя, ці аказваецца ім падтрымка. Высвятляецца актуальны статус па іх родных. Палітвязняў вельмі шмат і на практыцы не хапае праваабарончых арганізацый, арганізацый, якія займаюцца палітычнымі вязнямі, рэсурсаў, каб па кожным індывідуальна прайсціся. Таму ўпор на моладзь тут будзе зроблены ў межах руху “Моладзевы наступ”.

Што датычыць “Барометру рэпрэсій”, то, насамрэч, нейкіх змен атмасферы ў Беларусі мы не бачым. Я думаю, што гэта звязана з геапалітычнай абстаноўкай. Пакуль ва ўсходняй Еўропе ў нас ідзе вайна, абстаноўка ў высокай кропцы напружання, нельга чакаць нейкага аслаблення палітычных рэпрэсій. Гэта ў тым ліку спосаб кантролю за нестабільнай палітычнай сітуацыяй ва ўмовах турбулентнасці, якая разварочваецца вакол Рэспублікі Беларусь. Таму, я думаю, што гэта рэчы ўзаемазвязаныя, цяпер, канешне, вы маеце рацыю, не бачна, што прынцыпова змяніўся падыход ці інтэнсіўнасць знізілася. Дагэтуль метадычныя і паўсядзённыя арышты, затрыманні. Не кажучы пра выклікі наконт кампенсацый за ахвяраванні, то бок гэта ўсё адбываецца так жа, як і раней.