Паплечнік Ціханоўскага, экс-палітвязень Андрэй Новікаў пасля дэпартацыі ў РФ пераехаў у Польшчу

Былы расійскі міліцыянт, экс-палітвязень і паплечнік Сяргея Ціханоўскага Андрэй Новікаў знаходзіцца ў бяспецы. Разам з сямёй ён цяпер у Польшчы, дзе падаў дакументы на міжнародную абарону.

Фота з сайта "Віцебскай Вясны"

Фота з сайта "Віцебскай Вясны"

Як піша выданне «Новая газета. Еўропа», «напэўна, у польскіх міграцыйных службаў адбылося нешта накшталт разрыву шаблону».

«З аднаго боку, беларускі палітвязень, паплечнік Сяргея Ціханоўскага, адседзеў тэрмін і звяртаецца па абарону, — піша выданне. — Такіх палітвязняў з Беларусі ў Польшчы тысячы, і працэдура надання ім абароны зразумелая. З іншага боку, гэты ж палітвязень-грамадзянін Расіі, падпалкоўнік міліцыі, а ў яго біяграфіі акрамя шматгадовай службы ў сістэме расійскага МУС яшчэ і дзве камандзіроўкі ў Чачню падчас вайны. У суседняй Літве беларусам ужо адмаўляюць у легалізацыі на падставе таго, што тыя калісьці праходзілі тэрміновую службу ў войску. А тут — расійскі пашпарт, МУС, Чачня. Для такіх выпадкаў звыклых інструкцый проста не існуе».

Андрэй Новікаў — грамадзянін РФ, нарадзіўся ў Віцебскай вобласці, але пасля распаду СССР застаўся жыць у Расіі. У 2013 годзе вярнуўся на радзіму.

Жыў у Пастаўскім раёне, бліжэй да выбараў 2020 года пазняёміўся з блогерам Сяргеем Ціханоўскім, які рабіў сюжэт з яго вёскі для свайго ютуб-канала. Пазней стаў валанцёрам ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай.

Андрэя Новікава затрымалі 6 чэрвеня 2020 года ў вёсцы Прусы Пастаўскага раёна за ўдзел у пікеце па зборы подпісаў, які прыраўнялі да несанкцыянаванага масавага мерапрыемства. Спачатку яго адвезлі ў Паставы, каб скласці пратакол па арт. 23.34 КаАП, а затым стала вядома, што яго перавезлі ў Мінск у ІЧУ на вул. Акрэсціна, а пасля ў СІЗА-1.

12 чэрвеня 2020 года яму прад'явілі абвінавачванне па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

26 лістапада Андрэя Новікава наўпрост вывезлі на мяжу з Расіяй, паставілі штамп аб забароне ўезду на тэрыторыю Беларусі на 10 гадоў. У Беларусі ў яго засталіся жонка і двое дзяцей.

Андрэй Новікаў быў ізноў затрыманы 13 красавіка 2021 года ў Паставах, куды таемна прыехаў наведаць жонку і дзяцей. Новікаву інкрымінавалі арт. 371 КК (незаконнае перасячэнне дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь). Абвінавачванне па справе паводле арт. 342 КК з яго таксама не знята.

5 жніўня 2021 года ў судзе Кастрычніцкага раёна горада Віцебска Андрэя Новікава асудзілі да двух з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

У канцы сакавіка 2022 года стала вядома, што Андрэя 39 дзён утрымлівалі ў карцары. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, адміністрацыя бабруйскай калоніі ў якасці спагнання змяшчала палітвязня на чатыры месяцы ў адзіночную камеру. У жніўні 2022 года праваабаронцы даведаліся, што палітвязня змясцілі ў памяшканне камернага тыпу да 13 кастрычніка.

Андрэй цалкам адбыў тэрмін і 31 кастрычніка 2022 г. выйшаў на волю з бабруйскай ПК № 2. Мужчыну адразу зноў дэпартавалі ў Расію.


Глядзіце таксама

Расійскаму выданню мужчына распавёў некалькі цікавых падрабязнасцяў свайго жыцця.

Узгадваючы перадвыбарныя падзеі ён адзначыў, што сам напісаў Ціханоўскаму, каб той прыехаў са здымачнай групай. Тады яны пазнаёміліся, пагутарылі, Андрэй распавёў, як жывецца ў Пастаўскім раёне. Раніцай Ціханоўскі паехаў па навакольных пасёлках. Выпуск пра Пастаўшчыну выйшаў на канале Ціханоўскага пад назвай «Вынікі безгаспадарчасці ўладаў — Пастаўскі раён» і сабраў 291 тысячу праглядаў.

«Сяргей распавядаў, што яны з жонкай вырашылі: калі жнівеньскія выбары не прывядуць да пераменаў, то яны з'едуць з Беларусі, — успамінае Андрэй Новікаў. — У яго, дарэчы, былі планы і па Еўропе паездзіць, паздымаць сюжэты пра тое, як беларусы ўладкоўваюцца ў розных краінах. У гэтым нашы погляды на становішча ў Беларусі — адсутнасць разумнай улады, грамадзянскіх свабод і рэальных перспектыў для развіцця — супадалі».

«А потым, — дадае былы палітвязень, — Сяргей патэлефанаваў і сказаў, што вырашыў у прэзідэнты падацца. Я адказаў: падтрымліваю, але будзь гатовы да ўсяго. Потым кансультаваў яго па пытаннях бяспекі (і не толькі). Калі Сяргея пасадзілі па адміністрацыйнай справе спецыяльна на той час, калі трэба было падаваць дакументы ў ЦВК для рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, замест яго падала дакументы жонка Святлана. Я разумеў, што калі хутка паабяцаў яго падтрымліваць — значыць, павінен дапамагаць. Спрабаваў збіраць актыў у Пастаўскім раёне, дарэмна шукаў кантакты з мясцовымі прадстаўнікамі апазіцыйных партый, дапамагаў даверанай асобе ад штаба Ціханоўскай арганізоўваць пікеты па зборы подпісаў, са сваім прафесійным вопытам забяспечваў бяспеку на правах валанцёра, кантактуючы з РУУС».

Перад першай дэпартацыяй, паводле слоў Новікава, да яго ў турму прыходзіў начальнік 3-га ўпраўлення ГУБАЗіКа Бедункевіч. Казаў: «Мы з вамі цяпер як два оперы пагаворым, вы ж разумееце...» Але пасля таго як падследны Новікаў, былы опер, задаў «калегу» некалькі пытанняў, размова сама сабой кончылася. «Следчых дзеянняў як такіх і не было-а што там расследаваць? Але следчыя зрэдку прыходзілі-азнаёміць з нейкімі пастановамі ў дачыненні да іншых фігурантаў, правесці фармальнае працэсуальнае дзеянне, пры гэтым парыруючы пытанні, заявы і хадайніцтвы адной простай фразай: «Ну вы ж самі ўсё разумееце», — распавёў Андрэй Новікаў.

«На «Валадарцы» я адседзеў да 26 лістапада, а потым мяне дэпартавалі, — распавядае Андрэй. — Раніцай прыехаў следчы з СК, прывёз пастанову аб скасаванні меры стрымання ў выглядзе арышту, але ніякай іншай — ні аб новай меры стрымання, ні аб дэпартацыі — не выдаў. Пра мой працэсуальны статус таксама нічога не сказаў. Мне нічога не патлумачылі, вывелі, двойчы абшукалі, з ужываннем фізічнай сілы адабралі ўсе дакументы па крымінальнай справе, асабістую перапіску з жонкай, лісты падтрымкі. Потым мяне закінулі ў грамадзянскую машыну ў кайданках і кудысьці павезлі. Па дарозе канваіры ў масках (адзін з іх, як я пасля высветліў, — супрацоўнік ГУБАЗіКа Высоцкі, другі — супрацоўнік аддзела грамадзянства і міграцыі Маскоўскага РУУС Мінска па прозвішчы Сіцько) казалі: «Едзем у лес. Табе дзе лепш магілу капаць? Дзе сушэй або макрэй?» Не магу сказаць, што я моцна баяўся, — здагадваўся, што вязуць на дэпартацыю. Але ўвесь гэты дзіцячы сад — пагражаць расстрэлам у лесе — вельмі раздражняў».

Увечары таго дня, дадае былы палітвязень, канваіры высадзілі яго на мяжы, паставілі ў пашпарт пячатку аб дзесяцігадовай забароне на ўезд у Беларусь, падвялі да знака «Расія», сфатаграфавалі з пашпартам, развярнуліся і з'ехалі.

«Лістапад, замаразкі, а я ў летняй вопратцы, у якой у чэрвені затрымлівалі, стаю з баулам, як дурань, — успамінае Андрэй. — Ні грошай, ні тэлефона. На спадарожных у Усурыйск ехаць? Убачыў, што з лесу выйшаў нейкі мужык (непадалёк ад трасы М-1 была вёска), я папрасіў у яго тэлефон, патэлефанаваў жонцы і сказаў, каб не хвалявалася. Перайшоў праз дарогу, прагаласаваў і на спадарожках даехаў да трасы на Віцебск. Потым нейкая аўталаўка да Віцебска давезла, адтуль — да Глыбокага. У Глыбокім дамовіўся з таксістам, шчыра сказаў, што грошай няма: у СІЗА выдалі «на дарогу» каля шасці рублёў».

Андрэй патлумачыў сітуацыю, і таксіст бясплатна давёз яго да вёскі. Выйшаў ён, трохі да яе не даязджаючы, і лесам падышоў да хаты. А на наступны дзень сабраў грошы, дакументы, сеў у сваю машыну і з'ехаў у Расію. Андрэй не прасіў, але чакаў дапамогі ад «Краіны для жыцця», шукаў кантакту з адвакатам Ціханоўскага, з кім-небудзь з офіса Святланы Ціханоўскай, з самой Святланай, каб зразумець, што рабіць далей. Бо быццам бы пратэст не спыняўся, думаў ён. Але потым зразумеў, што памыляўся, піша «Новая газета. Еўропа».


Глядзіце таксама

Пазней мужчына перабраўся ў Польшчу, дзе ўладкаваўся на працу дальнабойнікам. У красавіку 2021 года здарыўся форс-мажор, сям'і спатрэбілася дапамога. І Андрэй Новікаў таемна паехаў у Беларусь. Праз Літву, Латвію і Расію. Разумеў, чым яму пагражае паездка да сям'і, але выбару ў тых абставінах не было, кажа ён.

«Усё, што трэба было зрабіць, ён зрабіў. Усё паспеў, — піша выданне. — Збіраўся з'язджаць такім жа маршрутам, не прыцягваючы ўвагі. Але напярэдадні ад'езду, 13 красавіка, яго затрымалі. Акрамя 342-га артыкула КК, паводле якога Андрэй правёў паўгода ў СІЗА, паставілі яшчэ 371-мы — незаконнае перасячэнне дзяржаўнай мяжы. Крымінальную справу, вылучаную са справы Ціханоўскага, згатавалі ледзь-ледзь: наскраблі сяк-так чатыры тамы, два з якіх — раздрукоўкі кнігі Джына Шарпа «198 метадаў негвалтоўных дзеянняў» і нейкія палітычныя агляды з інтэрнэту. Прысудзілі да двух з паловай гадоў пазбаўлення волі».

Калі Новікаў адседзеў свой тэрмін і вызваліўся, на яго тут жа надзелі кайданкі. Яго павезлі ў Бабруйскі міграцыйны аддзел. Там аформілі пастанову аб дэпартацыі, паставілі ў расійскі пашпарт яшчэ адну пячатку аб забароне ўезду ў Беларусь і павезлі на мяжу — гэтым разам праз Гомель да Бранскай вобласці. На мяжы ўжо не пакінулі, як у мінулы раз, а перадалі ФСБ. Разам з Новікавым дэпартавалі яшчэ аднаго расіяніна-19-гадовага маладога чалавека, які сядзеў, прычым ужо не першы раз, па крымінальных справах.

У Расіі мужчына пачаў працу над тым, каб пераехаць у Польшчу. Пасля асабістай перапіскі з пасольствам і консулам Польшча дала яму, а таксама яго жонцы і дачцэ гуманітарныя візы.

Цікава, што калі праз нейкі час Андрэй Новікаў прыйшоў на ранейшае месца працы, у транспартную кампанію, яго без праблем прынялі.

«Дзіўная справа, але супрацоўніка, які адпрасіўся на тыдзень па сямейных абставінах, а вярнуўся праз два гады, адразу вярнулі на працу, — кажа мужчына. — Сказалі: мы ведаем, што з табой адбылося».

Ужо на наступны дзень Андрэй Новікаў сеў за руль і некалькі месяцаў практычна жыў у машыне: фірма займаецца кантэйнернымі перавозкамі. Расійскай пенсіяй у Еўропе не скарыстаешся, таму, кажа былы палітвязень, трэба было працаваць шмат, гэта наладзіць жыццё.