Хронікі рэпрэсій за 6 мая: новыя справы па «спецвытворчасці» і «крыміналка» за рэпост
У Беларусі не спыняецца канвеер рэпрэсій. Мы сабралі асноўнае, што адбылося ў Беларусі за 6 мая.
***
Аўтары «Новага Часу» Мікола Дзядок і Дзяніс Івашын ужо больш за тысячу дзён знаходзяцца за кратамі. Мікола ўтрымліваецца ў палоне рэжыму 1271 дзень, Дзяніс — 1151.
***
Супраць палітзняволенага Змітра Дашкевіча распачалі новую крымінальную справу. Пра гэта ў Facebook паведаміла яго жонка Наста Дашкевіч. Вядома, што Змітру інкрымінаваны «народны» артыкул 342 Крымінальнага кодэкса («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»).
«Вясна» нагадвае, актывіста разам з жонкай абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыі пратэсту 23 жніўня 2020 года. 14 ліпеня 2022 года Змітру прызначылі 1,5 года калоніі, а Насце — 3 гады «хатняй хіміі».
Палітзняволены павінен быў выйсці на волю з папраўчай калоніі № 14 па заканчэнні тэрміну 11 ліпеня. Але адразу па выхадзе яго затрымалі ў межах новай крымінальнай справы па арт. 411 КК. Палітвязню прызначылі яшчэ адзін год калоніі ва ўмовах строгага рэжыму.
***
Палітвязню Дзмітрыю Разановічу дадалі яшчэ 9 месяцаў калоніі. Па ініцыятыве адміністрацыі івацэвіцкай калоніі № 22 у дачыненні да яго распачалі крымінальную справу па ч.2 арт. 411 КК («Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі»).
Справу палітвязня пачалі разглядаць яшчэ 26 сакавіка ў судзе Івацэвіцкага раёна. 26 красавіка суддзя Сяргей Кухацкавалец прызнаў яго вінаватым і прызначыў да 19 гадоў калоніі яшчэ дзевяць месяцаў пазбаўлення волі, паведамляе «Салідарнасць» са спасылкай на праваабаронцаў.
***
Следчы камітэт пачаў «спецыяльную вытворчасць» супраць гродзенскай актывісткі Кацярыны Туманавай. Пра гэта ведамства паведаміла ў сваім тэлеграм-канале, піша «Медыязона».
Гродзенку абвінавачваюць у «грубым парушэнні парадку» (ч.1 арт.342 КК) і ў «гвалце альбо пагрозе гвалту ў дачыненні да міліцыянта» (арт.364 КК).
У ліпені 2022 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон, які ўвёў інстытут «спецыяльнай вытворчасці». Гэтая працэдура дазваляе праводзіць суды без абвінавачанага.
***
Сілавікі затрымалі бізнэсмена за тое, што ён сігналіў у падтрымку пратэстаў. Як паведамляе «Наша Ніва», затрыманы — 36-гадовы Іван Савіцкі. Вінавацяць яго ў тым, што ён на ўласным аўто ездзіў уздоўж дарог і сігналіў у падтрымку пратэстаў. Таксама падчас удзелу ў паўмарафоне ў Маскве ён скандзіраваў «Жыве Беларусь» і намаляваў гэты лозунг на лістку паперы, а фота адтуль змясціў у сацсетках.
***
Гомельскага шоумэна Ягора Зенчанку асудзілі на два гады калоніі. Як паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна», яго абвінавацілі ва ўдзеле ў пратэстах.
Зенчанка арганізоўваў канцэрты і дні горада.
***
Следчы камітэт пачаў «спецыяльную вытворчасць» у дачыненні да гамяльчанкі Аліны Галінскай, паведамляе «Медыязона».
Галінская абвінавачваецца па артыкуле аб «распальванні варожасці» (арт.130 КК), Следчы камітэт прапануе ёй з'явіцца ў Жлобінскі раённы аддзел.
У красавіку 2023 года сілавікі затрымалі Аліну і яшчэ некалькіх жыхароў Гомеля падчас чарговага рэйду. На міліцэйскім відэа яна сказала, што была падпісаная на «экстрэмісцкія каналы» і пакідала там каментары. Верагодна, пасля затрымання яна змагла пакінуць Беларусь, бо «спецыяльная вытворчасць» прадугледжвае завочнае расследаванне і суд.
Таксама спецвытворчасць распачалі супраць актывіста з Наваполацка Андрэя Зуева. Мужчыну абвінавачваюць па артыкулах аб «распальванні варожасці» (ч. арт.130 КК), «масавых беспарадках» (ч.3 арт.293 КК), «стварэнні альбо ўдзеле ў экстрэмісцкім фарміраванні» (ч.1 арт.361-1 КК), «абразе прадстаўніка ўлады» (арт.369 КК).
У Наваполацку мужчына працаваў швачкай. У траўні 2020 года ён даў інтэрв'ю Сяргею Ціханоўскаму, пасля чаго Зуева арыштавалі на 7 сутак. Пасля гэтага ён пайшоў валанцёрам у ініцыятыўную групу па вылучэнні ў кандыдаты ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай. Некалькі разоў ён падвяргаўся адміністрацыйным арыштам. У 2021 годзе з'ехаў з Беларусі.
***
16 красавіка суд Партызанскага раёна Мінска завочна прысудзіў шасцярых чалавек да 2 гадоў калоніі, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».
Анатоля Астроўскага, Віктара Пузана, Аляксандра Церлюка, Ірыну Сталока і Генадзя Гутара прысудзілі да 2 гадоў калоніі паводле артыкула аб «грубым парушэнні парадку» (арт.342 КК). Віталя Пахомчыка прысудзілі да таго ж тэрміну, але яго, да таго ж, абвінавацілі ў «абразе прадстаўніка ўлады» (арт.369 КК) і прызначалі штраф у памеры 12 тысяч рублёў.
Паводле версіі абвінавачвання, у 2020 годзе асуджаныя ўдзельнічалі ў пратэснай акцыі і выходзілі на праезную частку. Таксама Пахомчык пакінуў тры паведамленні ў неадзначаным тэлеграм-канале, у якім «публічна абразіў прадстаўнікоў улады».
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, іх удзел у маршы даказалі з дапамогай фотаздымка, знойдзенага ў Анатоля Астроўскага ў Instagram.
Супраць іх пачалі «спецыяльную вытворчасць» 23 лютага. Сямейную пару Пруднікавых, супраць якіх таксама ў той дзень пачалі «спецільную вытворчасць», завочна прысудзілі да таго ж тэрміну — 2 гадоў калоніі.
***
У ГУБАЗіКу заявілі пра ўзбуджэнне крымінальнай справы за адзіны рэпост навіны «экстрэмісцкага фарміравання». Раней гэта кваліфікавалі як адміністрацыйнае правапарушэнне, звяртае ўвагу «Зеркало».
«Хапіла адзінай перасылкі ў публічныя чаты навіны, раней апублікаванай экстрэмісцкім фарміраваннем, каб распачаць крымінальную справу па арт.361-4 КК Беларусі. Цяпер такая правільная практыка будзе пастаўлена на паток і падобныя наўмысныя дзеянні будуць строга карацца», — заявілі сілавікі.
У дачыненні да каго была ўзбуджаная крымінальная справа, а таксама абставіны — невядома. З апублікаванага фрагмента зразумелы толькі пол і ўзрост — гэта 37-гадовы мужчына.
Пакаранне па ч.2 арт.361-4 «(Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці, учыненае паўторна, альбо групай асоб па папярэдняй змове, альбо службовай асобай з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў») прадугледжвае да сямі гадоў пазбаўлення волі.
***
Сілавікі зрабілі справаздачу аб затрыманні хлопца, які пакінуў каментар пра тэракт у падмаскоўскім «Крокус Сіці Холе», паведамляе «Медыязона».
На міліцэйскім відэа мужчына ў джынсавай куртцы і чорнай камізэльцы кажа, што напісаў фразу «Можаце мне не дзякаваць».
Гэта як мінімум 15-ты беларус, якога затрымалі за «няправільныя» каментары пра тэракт у Расіі.
***
Па заяве пракуратуры горада Мінска інфармацыйная прадукцыя друкаваных выданняў «Выбраныя творы. Вацлаў Ластоўскі» (1997 год) і «Выбраныя творы. Алесь Петрашкевіч» (2017 год), выдадзеныя ў рамках праекта «Беларускі кнігазбор», прызнаныя судом экстрэмісцкімі матэрыяламі. Пра гэта паведамляе Генпракуратура.
***
У Беларусі прызналі «экстрэмісцкім» Telegram-канал праекту InformNapalm і шэраг іншых, паведамляюць праваабаронцы.
Адпаведнае рашэнне прынятае судом Баранавічаў і Баранавіцкага раёна 29 красавіка. InformNapalm — шматмоўны некамерцыйны праект аб расійскім ваенным уварванні ва Украіну. Пераклад беларускамоўнай версіі сайта да затрымання ажыццяўляў Дзяніс Івашын.
Таксама ў «экстрэмісцкі» спіс трапілі:
- Telegram-каналы і чаты: «Roman Popkov», «Зона власти Беларусь», «PLUSHEV/ПЛЮЩЕВ», «Наш Дом-Шуфлядка», «НеКедми», «White Powder»;
- Youtube-каналы: «Николай Масловский», «Святлана Ціханоўская», «NEXTA Plus»;
- Facebook-старонкі: «Беларусь ЗА перемены», «Беларусы ў Летуве / Baltarusiai Lietuvoje / Belarusians in Lithuania», «Беларусы в Германии 97%», «Тыдзень Белсат»;
- Старонка ў «Х»: «Светлана Тихановская»;
- Старонкі ў «Аднакласніках»: «Protest», «Ольга Карач», «Все нормально, это Гомель»;
- TikTok-старонкі: «rocket_brutto_», «reformby», «belveterans», «Belarus.socdems», «_..nazgul.._», «Andrei_Smalianko», «ў1808053».
***
У «спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 23 чалавек — цяпер у ім 4034 прозвішчы, пішуць праваабаронцы.
3 траўня МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліку грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».
Сярод іншых, у спіс дадалі фатографа Аляксандра Зянкова, Галіну Краснянскую, якая вярнулася са Швецыі і атрымала 5 гадоў калоніі, а таксама палітвязня Валерыя Самсоненку, які вывесіў украінскі сцяг замест афіцыйнага.
***
Як паведамляе Прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага пераходнага кабінета, на сённяшні дзень няма аніякіх звестак ад самых вядомых палітзняволеных: Марыі Калеснікавай — 459 дзён, Максіма Знака — 454 дні, Мікалая Статкевіча — 450 дзён, Ігара Лосіка — 442 дні, Віктара Бабарыкі — 379 дзён, Сяргея Ціханоўскага — 309 дзён, Уладзіміра Гундара — 276 дзён.
***
Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на дадзены момант у беларускіх турмах утрымліваюцца 1380 палітвязняў.
У спісах ініцыятывы «Dissidentby» знаходзіцца 1539 чалавек. Сярод іх — 184 жанчыны і 2 непаўнагадовых. 19 палітвязняў адпраўлены на прымусовае лячэнне.