Эдуарда Бабарыку асудзілі да 8 гадоў калоніі, хоць віны ён не прызнаў

Мінскі абласны суд сёння, 5 ліпеня, агучыў прысуд палітзняволенаму Эдуарду Бабарыку, якога пад вартай утрымліваюць больш за тры гады — восем гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, паведамляюць праваабаронцы. 

Эдуард Бабарыка на судзе, 5 ліпеня 2023 года. Фота: sb.by


Эдуард Бабарыка на судзе, 5 ліпеня 2023 года. Фота: sb.by

Эдуарда Бабарыку абвінавацілі паводле ч.3 арт. 130 («Распальванне іншай сацыяльнай варожасці»), ч.1 арт. 293 («Арганізацыя масавых беспарадкаў»), ч.2 арт. 243 («Ухіленне ад выплаты падаткаў») Крымінальнага кодэкса. 

Дзяржаўнае абвінавачанне адмовілася ад прад’яўленага Эдуарду Бабарыку абвінавачання па ч.2  арт. 235 КК («Легалізацыя («адмыванне») сродкаў, атрыманых злачынным шляхам»). 

Суддзя Уладзімір Арэшка прызначыў яму на два гады менш, чым прасіў пракурор Аляксандр Кароль. Справу разглядалі ў адкрытым рэжыме ў выязным судовым пасяджэнні ў памяшканні Мінскага раённага суда з 22 траўня. 

Эдуард Бабарыка падчас суда. Фота: sb.by

Эдуард Бабарыка падчас суда. Фота: sb.by

Нагадаем, Эдуард быў затрыманы 18 чэрвеня 2020 года разам з бацькам, калі ішоў у ЦВК здаваць сабраныя подпісы. 

У абвінавачанні гаворыцца, што ён «абавязаны быў дэклараваць даходы і валодаў рэальнай магчымасцю выканаць свае абавязацельствы, але не падаў у інспекцыю падатковую дэкларацыю». 

Што характэрна, у Эдуарда ў зняволенні былі праблемы з ліставаннем у СІЗА, таму незразумела, як ён мусіў прадаставіць у падатковую дэкларацыю аб падатках за два гады. 

Паводле версіі абвінавачання, Эдуард Бабарыка садзейнічаў Сяргею Ціханоўскаму, затрыманаму 29 траўня 2020 года, у арганізацыі масавых беспарадкаў. 

Глядзіце таксама

Акрамя таго, палітвязня абвінавацілі ў аказанні дапамогі ў наўмысных дзеяннях, накіраваных на распальванне іншай сацыяльнай варожасці і варожасці па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасці, учыненых групай асоб па папярэдняй змове. Адзначаецца, што гэтыя дзеянні пацягнулі іншыя цяжкія наступствы ў выглядзе ўзнікнення масавых беспарадкаў, прычынення шкоды ў асабліва буйным памеры.

Эдуард Бабарыка не прызнаў віны. Ён заявіў, што не разумее сутнасці прад'яўленага яму абвінавачання. Таксама ён падкрэсліў, што асабіста не быў знаёмы з Ціханоўскім.

Эдуард на судзе вырашыў даваць паказанні:

«Я не здзяйсняў ніводнага злачынства, у якіх мяне абвінавачваюць. Следствам не было здабыта ніводнага доказу маёй віны».

Ён таксама распавёў, што тыя 1,8 мільёна рублёў, якія фігуруюць у справе і лічацца атрыманымі незаконным шляхам, падарылі яму бацькі. 

Эдуард Бабарыка на абвяшчэнні прысуду 5 ліпеня 2023 года. Фота: sb.by

Эдуард Бабарыка на абвяшчэнні прысуду 5 ліпеня 2023 года. Фота: sb.by

Глядзіце таксама

На судзе ў якасці сведкаў мусілі дапытаць палітзняволеных Віктара Бабарыку і Сяргея Ціханоўскага, ад якіх некалькі месяцаў няма ніякіх вестак, але на працэсе яны так і не з'явіліся — нават па відэаканферэнцсувязі.

Эдуарду Бабарыку не залічылі ў агульны тэрмін паўтара года ўтрымання пад вартай

Як стала вядома праваабаронцам «Вясны», у тэрмін не залічылі час утрымання ў СІЗА КДБ да 14 снежня 2021 года. Менавіта тады Эдуард стаў падазраваным па новай крымінальнай справе, па якой яго сёння асудзілі. Да гэтага яго ўтрымлівалі максімальныя 18 месяцаў паводле ч.2 арт. 243 КК («Ухіленне ад выплаты падаткаў і збораў, што пацягнула прычыненне шкоды ў асабліва буйным памеры»).

Акрамя гэтага, ч.1 арт. 293 («Арганізацыя масавых беспарадкаў») на судзе перакваліфікавалі на ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса («Арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак»).

У СІЗА для Эдуарда стваралі «жудасныя ўмовы»

У 2020 годзе ён два тыдні сядзеў у адзіночцы, а «потым, па вяртанні да суседзяў, не мог нагаварыцца». У ягонай камеры былі такія спёка і вільгаць, што адзенне пакрывалася цвіллю. Яму моцна абмяжоўвалі ліставанне.

Эдуард кіраваў краўдфандынгавымі платформамі Ulej і MolaMola.

Глядзіце таксама