Алег Кулеша: Не ўсе задаволены, што мы ствараем Беларускую асацыяцыю палітвязняў
Праз 2-3 месяцы ў Польшчы можа з’явіцца Беларуская асацыяцыя палітвязняў. Палітвязень з Пружанаў Алег Кулеша, які адбыў тэрмін па «карагоднай справе», распавёў «Новаму Часу», чым яна будзе займацца.
— Мы ствараем Беларускую асацыяцыю палітвязняў. Аналагічныя аб’яднанні існуюць у Польшчы, ва Украіне, у Літве, мы наладжваем кантакты з арганізацыямі ў Польшчы і Украіне, — кажа Алег Кулеша. — А пачыналася ўсё з суполкі ў тэлеграме, куды далучаюцца людзі, якія бягуць з Беларусі. Я далучыўся да яе ў канцы траўня, тады нас было каля сарака чалавек, а зараз ужо больш за 80.
Працу з палітвязнямі дэкларуюць многія фонды, арганізацыі, аб’яднанні, але ўсе яны, на жаль, працуюць разрознена, паасобку, таму не даюць належнага эфекту. Мы бачым, што праваабарончыя арганізацыі падаюць зусім розныя лічбы палітвязняў, адсутнічае статус пацярпелых ад рэжыму, палітвязнямі не лічацца тыя, хто адбывае «хатнюю хімію» ці «хімію». А ўсе палітвязні — не былыя: дарога дадому, аднаўленне ўсіх правоў праз суд нас чакаюць толькі наперадзе.
Так мы прыйшлі да высновы, што трэба ствараць асацыяцыю палітвязняў. Гэта будзе не палітычная арганізацыя, але без палітыкі, як мы ўсе разумеем, ніяк не абысціся. Палітвязні ў Беларусі з’явіліся яшчэ ў 1996 годзе, а пасля 2020 года хлынула найбольшая хваля палітычных прысудаў. Але, на жаль, многіх палітвязняў мы не ведаем нават па імёнах.
Найбліжэйшая задача Беларускай асацыяцыі палітвязняў — выпрацоўка статута і стварэнне штаба арганізацыі.
— Што падштурхнула да стварэння асацыяцыі?
— Давайце глядзець. Эвакуацыяй палітвязняў з Беларусі звычайна займаецца «Байсол». Тут, за мяжой, палітвязні трапляюць у розныя сітуацыі: некаторыя маюць грошы, нейкае жытло, а ў іншых, акрамя пустога гаманца, ні халеры няма. Перад эвакуацыяй і перада мной паўстаў выбар: альбо я выкідваю ўсе свае рэчы, альбо нікуды не выязджаю. Таму я выехаў з пустым гаманцом, не змог толькі пазбавіцца ад кніжак Багдановіча — гэта ўвесь мой багаж, з якім я апынуўся ў Варшаве.
Дзе жыць, за што жыць адразу пасля эвакуацыі з Беларусі? Трэба вырашаць самыя простыя, але самыя неадкладныя праблемы: жытло, ежа, быт.
А што рабіць далей? Трэба неяк легалізавацца, рабіць паперы. Як, хто падкажа? Многім палітвязням патрэбна тэрміновае лекаванне. Аказваецца, такія паслугі палітвязням аказвае медыцынскі цэнтр «Linkin Media»: у яго праграму я патрапіў адразу пасля таго, як мяне ўратаваў «Байсол». Мне пашанцавала, а колькім людзям не пашчасціла?
Літаральна 10 дзён таму, калі я ўзяў на рукі дзіця, у мяне перастаў працаваць сустаў, перасталі працаваць цягліцы. Зона нагадвае пра сябе і праз год, і праз два: ва ўсіх палітвязняў амаль няма зубоў, зрок у многіх поўнасцю сапсаваны. Я выйшаў з зоны 29 верасня 2022 года, а праблемы са здароўем зараз толькі абвастрыліся.
Да нас далучаюцца людзі, якія адбывалі «хатнюю хімію», якія сядзелі на «хіміі». Людзі на «хатняй хіміі» не маюць статусу палітвязняў, хаця часам умовы адбыцця пакарання там горшыя, чым у якой калоніі. Ёсць многа сямей палітвязняў, якія ні разу не атрымлівалі дапамогі. Мы знаходзім магчымасці дапамагчы, але пакуль яны малыя. Многім палітычным «накідваюць» зверху зусім не палітычныя артыкулы — напрыклад, наркатычны артыкул 328. Вось тут аніяк не абысціся без праваабаронцаў, якія павінны дакладна зафіксаваць сітуацыю.
— На якой стадыі знаходзіцца стварэнне БАП?
— Найбліжэйшая задача — стварыць статут і штаб Беларускай асацыяцыі палітвязняў. Спадзяемся, праз месяц-тры мы зарэгіструем сваю арганізацыю. Зараз працуем над уласным сайтам.
Пакуль мы працуем як валанцёры. Але мяркуем вывесці нашу працу на прафесійны ўзровень: валанцёрыць можна месяц-два, але і кожнаму з нас трэба жыць, трэба праца.
Наша галоўная мэта — супрацоўнічаць з любой пляцоўкай, якая аказвае дапамогу палітвязням. Мы хацелі б стаць такім каардынуючым цэнтрам, куды мог бы звярнуцца любы палітвязень і тут жа атрымаць дапамогу і кансультацыю. Мы ствараемся не насуперак усім, а дзеля каардынацыі агульнай працы.
Канечне, мы працуем і «на зямлі», у Беларусі, пра што не можам распавядаць. Але, як кажа Зянон Пазняк, «паверце, яно ёсць».
Як толькі з’явіліся вольныя месцы, мы вылучылі 7 кандыдатаў у сябры Каардынацыйнай рады, праўда, зараз засталіся толькі два прэтэндэнты, дый тыя — на медыяцыі. Падобна на тое, што не ўсе задаволены, што мы ствараемся.
Зараз усё больш і больш палітычных вязняў выходзіць з месцаў зняволення. Але заставацца ў Беларусі ім небяспечна: раней ці пазней да іх зноў прыйдуць, іх зноў будуць садзіць. Усім ім спатрэбіцца наша дапамога.
Салідарнасць і аб’яднанне — галоўная задача дэмакратычных сіл. Каліноўцы заканчваюць сваю службу ва ўкраінскім войску — і яны маюць ветэранскую арганізацыю. А чым мы горшыя за іх?