Ігар Ільяш: «За год так і не даведаліся, за што канкрэтна была асуджана Каця…»
Кацярына Андрэева павінна была выйсці на волю 5 верасня 2022 года, аднак ёй выставілі новае абвінавачанне — і 13 ліпеня 2022 года асудзілі на 8 гадоў і 3 месяцы калоніі за «здраду дзяржаве».
![sud_anreeva_czulcova._fota_dzmitryja_dzmitryeva__17__logo_1_logo.jpg_logo.webp sud_anreeva_czulcova._fota_dzmitryja_dzmitryeva__17__logo_1_logo.jpg_logo.webp](/img/v1/images/sud_anreeva_czulcova._fota_dzmitryja_dzmitryeva__17__logo_1_logo.jpg_logo.webp?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Муж палітзняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай распавёў «Народнай волі» апошнія навіны ад жонкі.
Нагадаем, Кацярына Андрэева разам з Дар’яй Чульцовай былі затрыманы 15 лістапада 2020 года. Яе асудзілі на два гады зняволення ў калоніі агульнага рэжыму.
Кацярына павінна была выйсці на волю 5 верасня 2022 года, аднак 7 красавіка сям’і журналісткі стала вядома, што ёй выставілі новае абвінавачанне. Жорсткае. 13 ліпеня 2022 года Гомельскі абласны суд прысудзіў Кацярыне 8 гадоў і 3 месяцы калоніі за «здраду дзяржаве».
Адбывае пакаранне Кацярына ў гомельскай калоніі.
– Апошнім часам сувязь з Кацяй, дзякуй Богу, нармальная, – распавядае Ігар Ільяш, муж журналісткі. – І лісты даходзяць, і адваката прапускаюць, і тэлефануе дадому з калоніі.
Таксама на мінулым тыдні я без праблем адвёз жонцы вялікую харчовую перадачу на 50 кілаграмаў. Такая дазваляецца раз на тры месяцы.
Глядзіце таксама
![Дзень з Ігарам Ільяшом у падарожжы ў гомельскі СІЗА-3, дзе трымаюць яго жонку Кацярыну Андрэеву Марш-кідок да каханай. Дзень з Ігарам Ільяшам у падарожжы ў гомельскі СІЗА, дзе трымаюць яго жонку Кацярыну Андрэеву](/img/v1/images/_homel_vakzal_adbyccjo___1__logo.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
— Перадаяце традыцыйны набор, ці жонка нешта просіць адмыслова?
— Часам штосьці просіць, але ў асноўным я фармірую перадачу на свой густ. Каўбаса, мяса, рыба, шакалад і цукеркі, пячэнне… І ўсяго гэтага даволі шмат, бо 50 кілаграмаў – гэта 6-7 вялікіх сумак.
Праўда, апошнім разам Каця папрасіла разнастаіць набор прадуктаў, даслаць ёй тое, чаго яшчэ не спрабавала.
Але трэба адзначыць, што нярэдка сябры перадаюць ёй (у тым ліку і з замежжа) нейкія прысмакі – цукеркі, шакалад. І гэта таксама заўсёды вельмі прыемна і важна для жонкі.
— А кнігі можна дасылаць?
— Нельга, але Каця заўсёды адзначае, што ў калоніі вельмі добрая бібліятэка. Там неблагі выбар кніг, ёсць што пачытаць.
Глядзіце таксама
![Някляеў выказаўся пра справу Кацярыны Андрэевай «Якой дзяржаве Каця здрадзіла?» Уладзімір Някляеў — пра новую справу Кацярыны Андрэевай](/img/v1/images/277773942_5148493251880582_7254337470996759054_n.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
— Як яе здароўе?
— Быццам бы не скардзіцца. Вясной у яе быў востры алергічны перыяд, але зараз ужо ўсё нармальна.
— 13 ліпеня споўніцца год, як Кацярыне быў вынесены другі прысуд…
— Магу канстатаваць, што за гэты час мы так і не даведаліся, за што канкрэтна была асуджана Каця і за што ёй далі такі вялізны тэрмін зняволення.