Хронікі рэпрэсій за 7 мая: Цяпер за рэпосты пагражаюць крыміналкай?

Год таму ў калоніі памёр палітзняволены блогер і грамадскі актывіст з Пінска Мікалай Клімовіч, распачаўся трэці масавы суд за пратэсты ў Баранавічах.

hroniki_represij2_logo.png_logo_1.webp

Год таму ў калоніі памёр палітзняволены Мікалай Клімовіч

7 траўня 2023 году ў віцебскай калоніі № 3 памёр 61-гадовы палітзняволены блогер і грамадскі актывіст з Пінска Мікалай Клімовіч. Яго асудзілі да года калоніі за рэакцыю ў «Аднакласніках» на карыкатуру на Лукашэнку. Справу палітвязня разглядаў суддзя Андрэй Бычыла, дзяржабвінавачванне падтрымліваў Ілля Гузарэвіч.


mikalaj_klimovicz_1.jpg

Мужчына меў інваліднасць II групы з прычыны захворвання сардэчнай сістэмы, перанёс інсульт і складаную аперацыю на сэрцы. Негледзячы на гэта, пінскі суда прызначыў яму зняволенне. Перад прысудам блогер выказаўся, што можа памерці за кратамі, бо яму трэба прымаць вялікую колькасць моцных лекаў.

У зняволенні Мікалай Клімовіч вытрымаў крыху больш за два месяцы. 

За перапост з «экстрэмісцкага» рэсурсу цяпер крыміналка?


kryminalka_za_repost.jpg

ГУБАЗіК пахваліўся тым, што за перапост з «экстрэмісцкага» рэсурсу нібыта завялі крымінальную справу. Раней за такое заводзілі выключна адміністрацыйныя справы.

У адным з праўладных тэлеграм-каналаў з'явілася паведамленне пра тое, што крымінальную справу па арт. 361-4 КК (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) завялі за перасылку ў нейкі чат навіны, апублікаванай неназваным «экстрэмісцкім фармаваннем».

Як паведамляе @nashaniva, гаворка ідзе пра гродзенца Дзяніса Чашчэвіка, які знаходзіцца за мяжой і супраць якога яшчэ 2 красавіка была заведзеная (https://t.me/viasna96/25280) «спецыяльная вытворчасць» — 38-гадовага мужчыну збіраюцца судзіць завочна. 

Трэці масавы суд за пратэсты ў Баранавічах


sud_u_baranaviczah.jpg

У судзе Баранавіцкага раёна і Баранавіч 7 траўня распачаўся чарговы суд за ўдзел у акцыях пратэсту ў жніўні 2020 года. Паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) судзяць адразу восемь чалавек: Канстанціна Калягу, Эрыка Каласоўскага, Івана Пацко, Аляксандра Лаўрушчыка, Івана Дрыка, Паўла Сергіені, Дзмітрыя Філіповіча, Арцёма Лапіча. Справу разглядае Вікторыя Пакунова.

Вядома, што некаторых затрымалі пачдас «хапуноў». Так, напрыканцы снежня 2023 года быў затрыманы Іван Дрык, якому на момант удзелу ў акцыях пратэсту не было 18 гадоў.

Нагадаем, на Берасцейшчыне да гэтага часу працягваюцца масавыя затрыманні і суды за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе. Так, напрыклад, за апошні месяц вынеслі прысуды па «народным» артыкуле ўжо 17 жыхарам Баранавічаў. 

У Мінску судзяць жанчыну, якая адмовілася адказваць на пытанні прапагандыста Азаронка

Справу 39-гадовай Наталлі Крук разглядае суддзя Жанна Брысіна ў Мінгарсудзе. Жанчыне інкрымінаваныя ч. 1 арт. 342 КК (удзел у дзеяннях, якія парушаюць грамадскі парадак або заклікі да такіх дзеянняў) і ч. 3 арт. 361 КК (Заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі).

Пра Наталлю вядома, што ў пачатку жніўня 2023 года яна вярнулася ў Беларусь з Польшчы, дзе спрабавала займацца бізнесам. Тады сілавікі апублікавалі (https://t.me/viasna96/20920) відэа, на якім яна адмаўляецца адказваць на пытанні прапагандыста Азаронка, калі той размаўляе з жанчынай у кабінеце будынку ГУБАЗіКа.

У «палонным» відэа таксама былі паказаныя каментары, якія, як мяркуецца, пакідала жанчына.

Глядзіце таксама

Сілавікі затрымалі дальнабойніка з Мінска, які напісаў «каля 1 200 каментароў»

На «палонным відэа» затрыманы кажа, што працуе кіроўцам па Еўропе, з 2020 года быў падпісаны на шэраг «дэструктыўных» каналаў і пакінуў «каля 1 200 каментароў» з абразамі ў дачыненні да сілавікоў і Лукашэнкі, піша @mediazona_by. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, затрыманы — Дзмітрый Сончык.

Па якім артыкуле затрыманы мінчук і дзе зараз знаходзіцца, невядома. 

Інжынера з Гродна асудзілі да двух гадоў «хіміі» за «паклёп» на Лукашэнку


prysud_andreju_tomczyku.jpg

18 красавіка ў судзе Ленінскага раёна Гродна вынесены прысуд Андрэю Томчыку. Яго прызналі вінаватым паводле ч. 2 арт. 367 (паклёп у адрас Лукашэнкі). Прысуд агучыла суддзя Наталля Козел.

Яго прызналі вінаватым у тым, што ён размясціў на Facebook допіс, якая нібыта зневажала гонар і годнасць Лукашэнкі. Судовая экспертыза засведчыла, што публікацыя ўтрымлівала «лексемы, якія ўтрымлівалі мянушкавыя намінацыі» Лукашэнкі.

Да суда на маёмасць Томчыка быў накладзены арышт — у тым ліку, на тэлевізар, «разумныя» калонкі, пыласмок, пральную машыну і мульціварку. Суддзя пастанавіла зняць з яе арышт. 

Глядзіце таксама

У Заслаўі сілавікі затрымалі асістэнтку стаматолага

На «палонным відэа» жанчыну прымусілі расказаць, што яна публікавала «абразы супрацоўнікаў міліцыі» і чыноўнікаў, рабіла рэпосты, а таксама пакідала негатыўныя каментары.

Таксама прапагандысты сцвярджаюць, што жанчына распаўсюджвала фота з нацысцкай сімволікай. 

На волю выйшаў палітвязень Валянцін Музыкін

54-гадовага Валянціна абвінавацілі па ч. 1 арт. 130 КК "распальванне іншай сацыяльнай варожасці", а таксама па арт. 369 КК "абраза прадстаўніка ўлады". Суд праходзіў у закрытым рэжыме. У жніўні 2022 года суддзя Гомельскага абласнога суда Іван Котаў прызначыў палітвязню 2 гады пазбаўлення волі. Тэрмін Валянцін адбываў у бабруйскай калоніі № 2.

Паводле інфармацыі "Гомельскай Вясны", Валянцін выйшаў на волю 1 траўня.

Глядзіце таксама

У Беластоку адбылася прэзентацыя кнігі «Турэмны зборнік. Творы беларускіх палітвязняў 2020 – 2023»


turemny_zbornik.jpg

У кнігу ўвайшлі вершы, казкі, успаміны, апавяданні і публіцыстычныя тэксты на беларускай і рускай мовах 52 зняволеных па палітычна матываваных крымінальных справах, напісаныя ў 2020-2023 гадах.

Прадмову да выдання напісала пісьменніца Ева Вежнавец: «Творчасць беларускіх палітвязняў — гісторыя асвойвання траўматычнага досведу, неаднакроць блізкага да смяротнага, і гісторыя пераўтварэння гэтага досведу ў высокае, простае і светлае, што асабліва добра відно з цёмнага лёху».

На вокладцы змешчаны турэмны малюнак Алеся Пушкіна (https://prisoners.spring96.org/be/person/ales-puszkin). Падчас прэзентацыі асобнік кнігі можна было атрымаць бясплатна.