Хронікі рэпрэсій, 17 мая. Сямёра сілавікоў затрымлівалі шматдзетнага бацьку ў Брэсце
Распавядаем галоўнае, што стала вядома пра беларускіх палітвязняў сёння.
Сілавікі затрымалі шматдзетнага бацьку з Брэста за ўдзел у пратэстах
«Медыязона» знайшла старонку затрыманага ў сацсетках, там ён падпісаны як Юры Бутурлакін.
На відэа мужчыну затрымліваюць як мінімум сямёра сілавікоў — некаторыя з іх у абмундзіраванні, некаторыя ў цывільным і з камерамі.
Па якіх менавіта артыкулах затрыманы жыхар Брэста і што з ім зараз — невядома.
Леанід Судаленка не мае магчымасці кантактаваць з адвакаткай, якую прызначылі абараняць яго па завочнай крымінальнай справе
Між тым працэс над праваабаронцам можа пачацца ў любы дзень. Пры гэтым Судаленка лічыць, што ягонае права на абарону ігнаруецца.
«Фактычна гэта адмова ў прававой абароне. Пасылаю лісты сваёй адвакатцы, званю на яе тэлефонны нумар, званю па Viber, але слухаўкі не бярэ і на лісты, дасланыя па электроннай пошце, не адказвае. Прававая сваволя адносна мяне працягваецца, бо і скаргі выніку не даюць. Адказ, які я атрымаў, проста смешны.
Адвакатка мусіць абараняць мае правы, а значыць, хаця б ведаць маю прававую пазіцыю адносна абвінавачання, мае аргументы. Але яна проста ігнаруе мае звароты, чым, дарэчы, парушае і правілы прафэсійнай этыкі, якія абавязваюць яе ўзгадняць пазіцыю з падабаронным. Таму напісаў скаргу ў Гомельскую абласную калегію адвакатаў і заявіў пра адвод адвакату. Але адводу не прынялі».
У Мінску за «заклікі да санкцый» у закрытым рэжыме будуць судзіць бізнэсоўца
У Мінскім гарадскім судзе 18 траўня распачнецца суд над палітзняволеным бізнэсоўцам Юрыем Альхавіком. Яго затрымалі восенню 2023 года і змясцілі пад варту. У лістападзе ён даў інтэрв'ю дзяржаўнаму тэлеканалу «Беларусь 1», дзе распавёў, што напісаў ліст у еўрапейскую кампанію з просьбай аб спыненні супрацоўніцтва з беларускай кампаніяй, унесенай у санкцыйны спіс:
«Я вырашыў напісаць ліст у адрас кампаніі, таму што я ведаў аб уведзеных санкцыях Еўрасаюза супраць прадпрыемстваў Рэспублікі Беларусь. Я вырашыў гэта выкарыстоўваць для свайго бізнэсу».
Цяпер яго будуць судзіць паводле ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса, па якой яму пагражае ад 4 да 12 гадоў калоніі. Справу ў закрытым рэжыме будзе разглядаць Таццяна Фалькоўская.
Сілавікі затрымалі сямейную пару за ўдзел у пратэстах
На «пакаяльным відэа» затрыманы мужчына кажа, што працаваў інжынерам і «па родзе дзейнасці валодаў інфармацыяй аб месцы пражывання вышэйшых службовых асоб, у тым ліку кіраўніка дзяржавы». Гэтую інфармацыю ён нібыта пакідаў у чаце «Краіны для жыцця».
Таксама мужчына кажа, што быў адміністратарам дваровага чата і арганізоўваў мерапрыемствы, а таксама выходзіў разам з жонкай на пратэсты. З-за гэтага яго звольнілі і ён быў вымушаны звярнуцца ў ініцыятыву ByHelp па дапамогу.
Мінчанку асудзілі за ўдзел у пратэстах на 2,5 гады «хатняй хіміі». Яе апазналі па фота ў Instagram
У судзе Савецкага раёна Мінска 24 красавіка асудзілі Вольгу Нікіфараву паводле ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх) . Суддзя Вольга Емяльянчанка прызначыла Нікіфаравай два гады і шэсць месяцаў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняй хіміі»).
Жанчыну абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыі пратэсту ў Мінску ў 2020 годзе і выхадзе на праезную частку. У якасці сведкі на судовым пасяджэнні выступаў муж Вольгі.
У кватэры журналіста-фрылансера Змітра Казакевіча з Віцебску супрацоўнікі КДБ выламалі дзверы, а жыллё апячаталі
Мужчына са жніўня 2021 года не жыве ў Беларусі. У 2020-2021 гадах яго затрымлівалі, дома адбылося тры ператрусы.
Кватэру Змітра супрацоўнікі КДБ апячаталі 16 траўня. Падрабязнасці таго, як гэта адбывалася, Казакевіч расказаў «Свабодзе».
«Пасля таго, як я выехаў з Беларусі, было ціха. Нібыта. Але 15 траўня „органы“ выпытвалі ў суседзяў, ці жыве хто ў кватэры, ці з'яўляецца нехта там. Недзе ў 6:40 16 траўня туды прыйшлі супрацоўнікі КДБ разам з супрацоўнікамі МНС і пачалі ламаць дзьверы, паднялі на вушы ўвесь дом».
Паводле суразмоўцы, на дзвярах кватэры сілавікі пакінулі паперку: «Опечатано. КГБ. По всем вопросам обращаться в СК Республики Беларусь». Фрылансэр дадаў, што ня ведае, ці быў у кватэры ператрус. Зміцер кажа, што на акцыях салідарнасці за мяжой бываў, але па працы, не як актывіст.
Па месцы рэгістрацыі намесніка старшыні БАЖ прыходзілі з ператрусам
17 траўня сілавікі прыходзілі з ператрусам па месцы рэгістрацыі ў Мінску намесніка старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыса Гарэцкага. Супраць яго заведзеная крымінальная справа, за што – невядома.
«Сілавікі прыходзілі з пастановай на ператрус. Я не ведаю, ці нешта было забрана з кватэры, людзі вельмі напалоханыя і цяпер баяцца камунікаваць. Але ніякіх маіх рэчаў у кватэры няма, бо я вымушана не жыву ў Беларусі ўжо тры гады.
Усё адно гэта вельмі непрыемна. Відавочна, гэта чарговая атака сілавікоў на БАЖ і незалежных журналістаў з мэтай прымусіць нас спыніць важную працу для беларускай аўдыторыі».
Сілавікі затрымалі жыхара Слоніма за татуіроўку «ACAB» — яе выклала ў сацсеткі ягоная дзяўчына
Пра гэта паведамляюць праўладныя тэлеграм-каналы.
Адзначаецца, што таксама затрымалі і дзяўчыну хлопца.
На чатыры гады калоніі за ўдзел у пратэстах у Пінску асудзілі мясцовага жыхара
Суд Пінскага раёна і горада Пінска 29 красавіка вынес прысуд Сяргею Кулешу, абвінавачанаму ва ўдзеле ў масавых беспарадках паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса. Спараву разглядала суддзя Яўгенія Мельнік, дзяржабвінаваўца — пракурор Аляксандр Плескацэвіч.
Як піша Берасцейская Вясна, падрабязнасці прысуду сталі вядомыя з каментара пракурора Плескацэвіча пінскаму тэлеканалу. Пракурор пераказаў пазіцыю абвінавачанага: 9 жніўня 2020 года той прагаласаваў на выбарчым участку, вярнуўся дадому і шмат выпіў, пасля чаго «з цікавасці пайшоў паглядзець на мітынгоўцаў каля будынка гарвыканкама».
У роліку пінскага тэлебачання не паведамляецца, з якой даты Кулеш змешчаны пад варту, але згадваецца, што сілавікі знайшлі мужчыну па відэа толькі ў 2024 годзе.
Крыніцы: «Вясна», «Радыё Свабода», «Медыязона»