«Нас затрымалі разам». Знайшоўся беларус, якога экс-палітвязень Канстанцін Міхальцоў ратаваў ад сілавікоў

Нядаўна медыя расказвалі пра Канстанціна Міхальцова, супрацоўніка «Беларуснафты», які адсядзеў тры гады за абарону пратэстоўца падчас акцыі ў іх роднай Рэчыцы. Навіну пра яго вызваленне ўбачыў той самы мужчына, якога Канстанцін спрабаваў вырваць з рук сілавікоў — Іван Карпенка цудам паспеў выехаць з Беларусі, пазбегнуўшы крыміналкі, і цяпер жыве ў ЗША, піша «Наша Ніва».

Фота з асабістага архіва Івана Карпенкі

Фота з асабістага архіва Івана Карпенкі

«Пабачыўшы на «Байсол» збор на падтрымку Косці я вельмі абрадаваўся, што ён на волі. Але тры гады проста ні за што… Прыкра і крыўдна, што гэта адбываецца».

Іван расказвае, што адразу ж перавёў Канстанціну ад сябе 100 даляраў. Таксама падключыў да збору дыяспару Мінеапаліса, дзе цяпер жыве, і сваіх сяброў — гэткая падзяка за спробу адбіць ад міліцыянераў, хаця ў людзей тады і не атрымалася.

«Мы выйшлі на гарадскую плошчу Рэчыцы 9 жніўня адразу пасля выбараў», — згадвае падзеі таго дня са свайго боку Іван. «Паспела сабрацца чалавек 100, проста размаўлялі. У мяне адзінага быў сцяг. Я яго дастаў — і праз 15-20 хвілін з’явіліся міліцыянеры, прычым у параднай выбарчай форме. Іх было чалавек 20, і яны пачалі мяне адразу затрымліваць. Людзі спрабавалі адбіць, я верыў, што ў іх атрымаецца, але, на жаль, не. Мяне забралі з Кастусём. Мы былі разам у машыне, нават не памятаю, ці размаўлялі мы пра што, бо да РАУС ехаць літаральна некалькі хвілін. А потым нас развялі па розных камерах, і мы больш не бачыліся.

Пазней, наколькі я ведаю, па відэазапісах вылічылі яшчэ пару чалавек, якія мяне таксама ратавалі. Але я не ў курсе, хто яны і якія тэрміны ім прысудзілі».

Іван адсядзеў 10 сутак. Пасля працягваў выходзіць на акцыі, за адну з іх атрымаў штраф на тысячу рублёў. Вясной 2021-га знаёмы з Рэчыцы распавёў яму, што за падзеі 9 жніўня пачалі заводзіць крымінальныя справы — літаральна за дзень Іван сабраў рэчы і разам з сябрам вырашыў ехаць у Грузію праз Расію.

«А тады ж кавідныя абмежаванні яшчэ былі, і мы доўга не маглі праехаць праз мяжу — чакалі ўсю ноч, каму б там даць хабар, каб нас прапусцілі. А ранкам мне званок з СК з просьбай зайсці да следчага».

Іван кажа, што ўсё адно не мог расслабіцца, не адчуваў сябе на 100% бяспечна, таму вырашыў ехаць туды, дзе яго «дакладна ніхто не дастане» — у ЗША.


Глядзіце таксама

Для дасягнення сваёй мэты ён пераадолеў няпросты шлях: Грузія — Польшча — Іспанія — Куба — Мексіка — ЗША. Прычым у Мексіцы прыйшлося прабыць чатыры месяцы — столькі чакаў акенца для легальнага пераходу мяжы пасля рэгістрацыі ў спецыяльным дадатку CBP One, які дапамагае кантраляваць плынь мігрантаў.

«У Мексіцы я пазнаёміўся з яшчэ адным беларусам. Ён прайшоў праз Акрэсціна. Мы з ім разам здымалі жытло ў Мексіцы, а цяпер разам жывем у Мінеапалісе», — расказвае Іван.

Мужчына выбраў Мінеапаліс, бо там жыве яго сябар дзяцінства. Цяпер ён знаходзіцца ў чаканні міграцыйнага суда, але мае права на працу. Іван уладкаваўся майстрам па кладцы падлог — гэта дазваляе аплачваць жытло і адкладваць грошы на адваката, які спатрэбіцца яму для далейшай легалізацыі.

«Яшчэ тут вельмі дружная беларуская дыяспара, усім дапамагаюць. Нядаўна людзі скінуліся і купілі будынак, каб тут адкрыць Беларускі дом», — расказвае Іван.

Пасля ад’езду супрацоўнікі органаў спрабавалі ціснуць на яго праз маці: некалькі разоў прыходзілі да яе, правялі дома вобшук.

«Але я разумею, што ўсё роўна цяпер у Беларусь не прыеду ні пры якіх абставінах», — кажа суразмоўца.

У будучыні ён марыць вярнуцца ў покер, якім займаўся апошнія 10 год. «Я быў у ім вельмі добры. Мог зарабляць у месяц пад тры тысячы даляраў у сваёй катэгорыі. Беларусы ўвогуле адны з наймацнейшых гульцоў у гэтай сферы, па маіх назіраннях».

Іван кажа, што напісаў Канстанціну са словамі падтрымкі, але не казаў, што ён — менавіта той чалавек, якога Кастусь спрабаваў адбіць у міліцыі 9 жніўня 2020-га.

«Крыўдна, што ўсё так атрымалася. Але на месцы Косці я павёў бы сябе гэтак жа. Усе мы дарослыя і разумелі, на што ідзём».