815-ты дзень поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны: Туапсінскі НПЗ цалкам спыніў працу, узрасла колькасць ахвяр удару па Харкаве
Расія працягвае свой наступ у Харкаўскай вобласці, але ўкраінскія войскі пакуль стрымліваюць гэты націск. У той жа час ЗША адмаўляюцца дазволіць УСУ здзяйсняць абстрэлы тэрыторыі Расіі з заходняй зброі, што было б неабходным Украіне для паўнавартаснай абароны.
***
Аналітыкі амерыканскага «Інстытута вывучэння вайны» (ISW) мяркуюць, што забарона ЗША біць заходняй зброяй па тэрыторыі Расіі сур'ёзна падрывае здольнасць Украіны абараняцца ад расійскіх наступальных аперацый на поўначы Харкаўскай вобласці.
Ваенныя аналітыкі працягваюць ацэньваць, што абмежаванні ЗША і іншых краін Захаду на здольнасць Украіны наносіць удары па вайсковых аб'ектах у Расіі стварылі ў памежных раёнах Расіі хованкі, адкуль расійская авіяцыя можа наносіць запланаваныя бомбавыя і ракетныя ўдары па ўкраінскіх пазіцыях і населеных пунктах. Акрамя гэтага, расійскія сілы і тэхніка могуць свабодна збірацца перад уступленнем у бой.
Прадстаўнікі ЗША зноў пацвердзілі нежаданне Белага дома выкарыстоўваць прадастаўленую ЗША зброю для ўдараў па ваенных цэлях у Расіі.
Прадстаўнік Міністэрства абароны ЗША Сабрына Сінгх 16 траўня заявіла, што адміністрацыя Байдэна не змяніла сваю пазіцыю адносна выкарыстання ўкраінскімі сіламі амерыканскай зброі для нанясення ўдараў па цэлях у Расіі і што адміністрацыя лічыць, што гэтая зброя павінна быць выкарыстана для вызвалення акупаванай украінскай тэрыторыі.
Ключавыя высновы ISW за 17 мая:
- Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін назваў расійскія наступальныя аперацыі на поўначы Харкаўскай вобласці часткай расійскіх намаганняў па стварэнні «буфернай зоны» для абароны памежных раёнаў ад украінскіх удараў, што пацвярджае папярэднія ацэнкі ISW.
- Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што ўкраінскія сілы стабілізавалі фронт на поўначы Харкаўскай вобласці і што расійскія войскі не дасягнулі «канкрэтнай» і «самай магутнай» лініі абароны Украіны ў гэтым раёне.
- Расійскія войскі, верагодна, змогуць расцягнуць украінскія войскі на шырокім фронце і замацавацца ў раёне міжнароднай мяжы, нават калі тэмпы расійскіх наступальных аперацый на поўначы Харкаўскай вобласці замарудзяцца.
- Расійскія войскі выкарыстоўвалі значныя магчымасці радыёэлектроннай барацьбы (РЭБ) для падтрымкі тактычна важных дасягненняў у першыя дні сваёй абмежаванай наступальнай аперацыі на поўначы Харкаўскай вобласці.
- Вышэйшае вайсковае камандаванне NATO пацвердзіла папярэднія ацэнкі інстытута, што расійскія войскі не маюць дастатковых сіл для дасягнення «стратэгічнага прарыву» ва Украіне.
- У ноч з 16 на 17 траўня ўкраінскія войскі нанеслі шэраг маштабных удараў з паветра і марскімі беспілотнікамі па расійскіх аб'ектах энергетычнай і партовай інфраструктуры ў Краснадарскім краі і акупаваным Крыме.
- Афіцыйныя асобы ЗША пацвердзілі нежаданне Белага дома падтрымліваць выкарыстанне Украінай прадстаўленай ЗША зброі для ўдараў па ваенных аб'ектах у Расіі.
- Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін паспрабаваў працягнуць вядомыя расійскія інфармацыйныя аперацыі, накіраваныя на наўпроставы падрыў легітымнасці прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага.
- Нядаўна расійскія войскі нязначна прасунуліся наперад паблізу Аўдзееўкі.
- Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін прыняў удзел у штогадовай расійска-кітайскай выставе і форуме па міжрэгіянальным супрацоўніцтве, а таксама наведаў Харбінскі політэхнічны ўніверсітэт падчас другога і апошняга дня свайго візіту ў Кітайскую Народную Рэспубліку (КНР) 17 траўня.
- Украінскія і заходнія крыніцы працягваюць паведамляць, што расійскія войскі здзяйсняюць ваенныя злачынствы ў нядаўна акупаваных раёнах Харкаўскай вобласці.
***
Расія праз «Рассупрацоўніцтва» павялічвае выдаткі на праграмы для «замежных журналістаў, блогераў і моладзі». За чатыры месяцы 2024 года «Рассупрацоўніцтва» абвясціла тэндары па «дакладным асвятленні» вайны на 230 мільёнаў рублёў ($2,5 млн.) — больш, чым за ўвесь 2023-ці, паведамляе ўкраінскі «Цэнтр нацыянальнага супраціву» (ЦНС).
«Рассупрацоўніцтва» — гэта структура, створаная для функцыянавання расійскай агентурнай сеткі ва ўсім свеце.
У рамках сваіх праграм «Рассупрацоўніцтва» штогод аплачвае паездкі ў Расію і ў тым ліку на часова акупаваныя тэрыторыі тысячы маладых «прадстаўнікоў грамадска-палітычных колаў» з замежжа.
У Расіі «замежныя журналісты» праходзяць навучанне ў агенцтве навін «Sputnik» і ў газеце «Комсомольская правда».
У далейшым яны становяцца цэнтрамі прапаганды ў сваіх краінах і праводзяць інфармацыйныя кампаніі супраць Украіны і ўсяго цывілізаванага свету.
«Цэнтр нацыянальнага супраціву» адзначае, што прапагандысты адказныя за вайну ва Украіне не менш, чым расійскія салдаты.
***
Пажар, выкліканы атакай украінскага беспілотніка на расійскі Туапсінскі нафтаперапрацоўчы завод на ўзбярэжжы Чорнага мора, прывёў да экстранага спынення завода. Але ёсць магчымасць досыць хутка яго перазапусціць, піша агенцтва «Reuters» са спасылкай на дзве крыніцы, знаёмыя з сітуацыяй.
Пажар на заводзе, які належыць «Раснафце», патушылі, а сама кампанія не пракаментавала атаку.
Паводле слоў адной з крыніц, беспілотнікі папалі ва ўстаноўку па вытворчасці звадкаванага газу ў Туапсэ, а ўстаноўка па перапрацоўцы нафты засталася непашкоджанай. Паведамляецца, што з тэхнічнага пункту гледжання ёсць магчымасць абысці ўстаноўку звадкаванага газу і перазапусціць завод адносна хутка.
Туапсінскі нафтаперапрацоўчы завод спыніў перапрацоўку і выпуск нафты праз пажар, які ўзнік пасля атакі беспілотніка 25 студзеня, і заставаўся закрытым блізу 3 месяцаў, аднавіўшы працу напрыканцы красавіка.
***
Украіна звярнулася да Адміністрацыі прэзідэнта ЗША Джо Байдэна з просьбай дапамагчы вызначыць цэлі ў Расіі, па якіх Кіеў мог бы нанесці ўдар уласнай зброяй. Яна таксама папрасіла ЗША зняць абмежаванні на выкарыстанне прадастаўленай амерыканскай зброі па ваенных аб'ектах на тэрыторыі Расіі, паведамляе «The Wall Street Journal» са спасылкай на амерыканскіх чыноўнікаў і прадстаўнікоў абароннага ведамства.
Гэтая просьба з'явілася ў той час, калі Расія атрымала найбуйнейшыя тэрытарыяльныя дасягненні ва Украіне за амаль 18 месяцаў у паўночна-ўсходняй частцы Харкаўскай вобласці.
Іншыя амерыканскія чыноўнікі заявілі, што запыт Украіны, які быў зроблены на мінулым тыдні, разглядаецца.
Калі ЗША пагодзяцца на такія змены, гэта можа азначаць сур'ёзнае змяненне палітыкі адміністрацыі, якая ўжо даўно імкнецца зменшыць рызыку ваеннай эскалацыі паміж Вашынгтонам і Масквой, падтрымліваючы пры гэтым Украіну.
Як адзначае генерал ВПС ЗША Сі Кей Браўн, «яны сапраўды прасілі [ЗША] аб дапамозе, каб нанесці ўдар па Расіі. Гэта не тычылася канкрэтнай сістэмы ўзбраенняў, а дадатковай дапамогі ў нанясенні ўдару па расійцах».
Напад Расіі на Харкаўшчыну на пачатку гэтага месяца прымусіў Украіну адцягнуць войскі і рэсурсы з іншых частак краіны, што прывяло да павелічэння нагрузкі на і без таго перагружаныя сілы, якія ўжо даўно чакаюць дадатковага ўзбраення з ЗША.
Прадстаўнік Белага дома заявіў, што цяперашняя палітыка ЗША не падтрымлівае аказанне такой дапамогі ў выбары цэляў або выкарыстанне амерыканскай зброі на тэрыторыі Расіі: «Мы не заахвочваем і не дазваляем ажыццяўляць атакі на тэрыторыі Расіі, што з'яўляецца нашай даўняй палітыкай».
WSJ піша, што ЗША далі ракетныя комплексы класа «зямля-зямля» і іншыя сістэмы ўзбраенняў ATACMS пры ўмове, што яны не будуць выкарыстоўвацца для нанясення ўдараў па цэлях на тэрыторыі Расіі. Гэтая агаворка, на якую Украіна пагадзілася як на ўмову атрымання зброі, мела на мэце зменшыць рызыку перарастання канфлікту ў прамое сутыкненне паміж ЗША і Расіяй.
У верасні 2022 года Міністэрства замежных спраў Расіі папярэдзіла, што ЗША «перасякуць чырвоную лінію» і будуць уважацца за «прамы бок канфлікту» ў вачах Крамля, калі паставяць Кіеву ракеты большай далёкасці.
Аднак з тых часоў Расія звярнулася да Паўночнай Карэі па балістычныя ракеты, а да Ірана — па беспілотнікі, і выкарыстала гэтую зброю для ўзмацнення нападаў на ўкраінскую інфраструктуру.
Цяпер Расія перакідвае сілы і сродкі на паўночны ўсход Украіны з бяспечнай тэрыторыі паблізу, узмацняючы атакі ў Харкаўскай вобласці.
***
Расійцы атакавалі 123 аб'екты інфраструктуры ва Украіне на працягу 17 мая, заяўляе ўкраінскае Мінабароны.
Паводле даных ведамства, за мінулыя суткі расійскія войскі абстралялі тэрыторыю 12 абласцей Украіны.
З мінамётаў, артылерыі, танкаў, РСЗА, ЗРК, АТРК, БПЛА, тактычнай авіяцыі былі атакаваныя 100 населеных пунктаў і 123 аб'екты інфраструктуры.
Ёсць загінулыя і параненыя сярод цывільных, колькасць ахвяр удакладняецца.
***
Сілы абароны Украіны за суткі абясшкодзілі 1210 акупантаў і знішчылі 164 адзінкі варожай тэхнікі, паведамляе Генштаб УСУ ў Facebook.
Агульныя баявыя страты праціўніка з 24.02.22 па 18.05.24 арыенціровачна склалі:
- асабістага саставу — каля 491 080 (+1210) чалавек;
- танкаў — 7560 (+13) адз.;
- баявых браніраваных машын — 14 595 (+43) адз.;
- артылерыйскіх сістэм — 12 639 (+36) адз.;
- РСЗА — 1 071 (+0) адз.;
- сродкаў СПА — 801 (+1) адз.;
- самалётаў — 354 (+1) адз.;
- верталётаў — 326 (+0) адз.;
- БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 108 (+35);
- крылатых ракет — 2203 (+3);
- караблёў / катэраў — 26 (+0) адз.;
- падводных лодак —1 (+0) адз.;
- аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрнаў — 17 169 (+65) адз.;
- спецыяльнай тэхнікі — 2 075 (+6).
***
У выніку двух удараў КАБамі па Шаўчэнкаўскім раёне Харкава 17 мая колькасць пацярпелых ўзрасла да 32 — яшчэ чацвёра загінулі.
Увечары было вядома пра 28 пацярпелых. Паводле паведамлення кіраўніка абласной ваеннай адміністрацыі Алега Сінягубава, сёння ў бальніцы памёр 33-гадовы мужчына. Раней было вядома пра траіх загінулых.
Каля 28 чалавек атрымалі розныя раненні. На дадзены момант 16 чалавек праходзяць лячэнне на стацыянары, двое пацярпелых застаюцца ў цяжкім стане.
У ноч на 18 траўня Расія атакавала Палтаўскую вобласць, пашкодзіла энергетычную інфраструктуру, напісаў кіраўнік Палтаўскай вобласці Філіп Пронін у Telegram.
Паводле даных Проніна, пацярпелых няма.
***
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі расказаў французскаму AFP, што Расія можа ўзмацніць свой наступ, але, паводле яго слоў, мэты захапіць Харкаў у яе няма — «бо акупанты павінны разумець, што Украіна будзе змагацца доўга».
Галоўнае з яго інтэрв'ю прыводзіць «Бі-бі-сі».
Ці рэальна расійцам захапіць Кіеў і Харкаў?
Па Харкаве на сённяшні дзень такіх планаў няма, лічыць Зяленскі, але расійскі наступ «можа складацца з некалькіх хваль». «Мы павінны быць цвярозымі і разумець, што яны ідуць глыбей на нашу тэрыторыю».
Што тычыцца Кіева, то, на думку Зяленскага, у Расіі недастаткова сіл для «поўнамаштабнага наступу на сталіцу, такога, як было на пачатку наступу».
Пра зброю і дапамогу Захаду
Цяпер ёсць «каля 25% таго, што нам трэба для абароны Украіны», калі казаць пра супрацьпаветраную абарону, сказаў украінскі прэзідэнт. Ён паўтарыў заклік да саюзнікаў даслаць больш сродкаў СПА і знішчальнікаў. Паводле яго слоў, «найбольшай перавагай» для Расіі цяпер з'яўляецца забарона Украіне выкарыстоўваць прадстаўленую Захадам зброю для ўдараў па расійскай тэрыторыі.
Пра алімпійскае перамір'е
Зяленскі адхіліў заклік прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрона да алімпійскага перамір'я падчас парыжскіх гульняў, заявіўшы, што гэта выгадна Маскве. «Мы супраць любога перамір'я, якое гуляе на руку ворагу».
Зяленскі асцерагаецца, што Расія можа выкарыстоўваць перамір'е, каб прасунуць наперад свае войскі.
«Хто можа гарантаваць, што Расія не скарыстаецца гэтым часам, каб увесці свае войскі на нашу тэрыторыю?» — сказаў Зяленскі ў адказ Макрону.
Пра ролю Кітая ў дасягненні міру
«Кітайскія лідары жывуць з адчуваннем, што калі Расія прайграе вайну, то гэта будзе не параза Расіі, а перамога ЗША, — сказаў Зяленскі. — Для іх гэта перамога Захаду. І яны хочуць знайсці баланс паміж імі...». Таму ён хацеў бы, каб Кітай прыняў удзел у Саміце міру 15 і 16 чэрвеня. Удзел такіх глабальных гульцоў, як Кітай, важны, бо «яны маюць уплыў на Расію», мяркуе Зяленскі.
Пра заканчэнне вайны
Зяленскі сказаў, што ва Украіны і яе заходніх хаўруснікаў ёсць «аднолькавыя каштоўнасці», але часта «розныя погляды», між іншым, адносна таго, як можа выглядаць завяршэнне канфлікту. Кіеў прыме толькі «справядлівы мір», заявіў Зяленскі.
«Мы знаходзімся ў абсурднай сітуацыі, калі Захад асцерагаецца, што Расія прайграе вайну. І не хоча, каб Украіна яе прайграла», — сказаў Зяленскі.