Гуманізм ні пры чым. Чаму Лукашэнка вырашыў вызваліць палітвязняў
Галоўная тэма тыдня — раптоўнае вызваленне невялікай колькасці палітычных зняволеных — дагэтуль захоўвае важную інтрыгу. Што стала прычынай гэтага сенсацыйнага кроку Лукашэнкі? Які яго ў гэтым інтарэс? І ці пачатак гэта сапраўднага трэку на масавы выхад з турмаў асуджаных па палітычных матывах?
Адказваючы на сфармуляваныя пытанні, варта ад самага пачатку адпрэчыць меркаванні гуманізма з боку дыктатара. Гэтая якасць яму не ўласцівая, што паказвае ўвесь жыццёвы досвед беларусаў на працягу апошніх дзесяцігоддзяў.
Гуманнасць — з’ява прыродная, і калі б Лукашэнка меў хоць нейкую эмпатыю, то палітвязняў не катавалі б за кратамі. Іх не кідалі б у ШІЗА па надуманых прычынах. Не змяшчалі б у інфармацыйны вакуум. Не даводзілі б да смерці.
А гэта ўсё адбываецца, прычым ужо даўно не на эмоцыях, як магло быць у 2020-м. Гэта робіцца сістэмна, цвяроза, мэтанакіравана. На ўзроўні стратэгій і загадаў. Катаваць як дыхаць — цалкам натуральна для дзеючай беларускай улады.
Гуманнасць не можа быць выбарачнай, і ўжо вядома, як на фоне вызвалення купкі вязняў працягваюцца здзекі над Палінай Шарэнда-Панасюк. Як трываюць рэпрэсіі і з’яўляюцца ўсё новыя палітычныя зняволеныя. Як у кватэры беларусаў па-ранейшаму ўломваюцца ўзброеныя да зубоў «касманаўты», каб збіць і затрымаць за каментар трохгадовай даўніны.
Таму адразу не. У гэтым кроку Лукашэнкі гуманізму не больш, чым у рашэннях ХАМАС па вызваленні ізраільскіх закладнікаў.
Чаму хамасаўскія тэрарысты аддаюць закладнікаў? Пра гуманізм тут ніхто не кажа, бо ўсё відавочна. Дзяржава Ізраіль без цырымоній пачала ваенную аперацыю супраць палесцінскіх злачынцаў і стварыла для іх такія ўмовы, што яны палічылі выгадным для сябе вызваліць частку палонных.
Тое ж самае Лукашэнка: амаль праз чатыры гады пасля пратэстаў ён палічыў выгадным даць амністыю некалькім дзясяткам палітвязняў. Склаліся такія ўмовы, калі рэжым вырашыў, што гэта — мэтазгодна. Тут усё больш-менш зразумела. А вось што гэта за ўмовы і хто іх стварыў — пытанне адкрытае.
Паспрабуем на яго адказаць.
Пекін нахмурыўся на фоне міграцыйнага крызісу
Пра Кітай — самая папулярная версія. Развіццё падзей тут добра вядомае. Лукашэнка (магчыма, пры ўдзеле Крамля) вырашыў пайсці на абвастрэнне міграцыйнага крызісу. Нелегалы ўзнавілі прамыя атакі на мяжу, што прывяло да забойства польскага вайскоўца.
Варшава ў адказ прыгразіла цалкам спыніць транзіт тавараў. Прэзідэнт Польшчы злётаў у КНР, сустрэўся з Сі Цзіньпінам, абмеркаваў з ім сітуацыю з мігрантамі. Пекін выступіў з заявай, у якой выказаў надзею на ўрэгуляванне канфлікту шляхам перамоў. Эксперты кажуць, што «заклапочанасць» з боку Кітая — з’ява не шараговая. Што гэта фактычна вокрык на адрас Мінска, які паводзіць сябе няправільна.
Праз Беларусь якраз ідзе транзіт кітайскіх грузаў. Хай у агульным гандлі з ЕС яго доля невялікая, тым не менш страчваць прыбыткі праз лукашэнкаўскія выбрыкі Пекін не гатовы. Лепш паставіць на месца беларускага таварыша.
Лукашэнку няма чым запярэчыць Кітаю, бо з гэтай падтрымкі ён шмат гадоў корміцца. Рэжым паслухмяна шчоўкнуў абцасамі і першае, што зрабіў, — прыбраў з мяжы мігрантаў. Статыстыка сведчыць, што плынь нелегалаў праз польскую мяжу скарацілася ў разы, і без адпаведнай адмашкі з Мінска гэтага б не адбылося.
Але як у здзелцы аказаліся палітвязні? Выглядае, што гэта тлумачыцца зацікаўленасцю Польшчы ў вызваленні Анджэя Пачобута.
Польскія ўлады апошнім часам часта згадваюць, што выхад на волю палітзняволенага журналіста — прынцыповая ўмова разрадкі двухбаковага крызісу. У пытанні закрыцця транзіту рыторыка Варшавы падобная да ўльтыматыўнай. Імаверна, што каб не сварыцца з Кітаем, Лукашэнка пагадзіўся і з гэтым. Ну, а каб адзінкавае вызваленне Пачобута не выглядала красамоўнай саступкай палякам, улады вырашылі зрабіць «шырокі жэст» і выпусціць некалькі дзясяткаў рэпрэсаваных, сярод якіх польскі журналіст будзе «адным з».
Зрэшты, пакуль інфармацыі пра вызваленне палітвязня няма. Не выключана, што гэтага і не адбудзецца. Тады, вядома, агучаная версія акажацца няслушнай.
Частка дамоўленасцяў з Захадам
Заходнія краіны не прызнаюць Лукашэнку легітымным кіраўніком Беларусі, але справу з ім даводзіцца мець. Часам з’яўляецца інфармацыя, што еўрапейскія сталіцы падтрымліваюць з Мінскам і непублічныя наўпроставыя кантакты. Гэта цалкам праўдападобна, бо нават з Украінай беларускі рэжым вядзе пэўную камунікацыю. Нягледзячы на вайну.
Калі ўпадабаць варыянт, што палітвязняў пачалі вызваляць праз дамоўленасці з Захадам, то ключавым пасрэднікам тут можа быць, скажам, Венгрыя. У Мінск зрэдку прыязджае венгерскі міністр замежных спраў Сіярта, паўнавартасна працуе ў Мінску амбасада. Камунікаваць даволі зручна, то чаму б і не дамовіцца.
Інтарэс дэмакратычных краін тут відавочны: спынення рэпрэсій яны патрабуюць ужо чатыры гады. Але ў чым можа быць матывацыя Лукашэнкі? Тут можа быць некалькі чыннікаў, але галоўны так ці інакш паказвае на ўсход — у бок Масквы.
Колькі б беларускія ўлады ні хваліліся, што санкцыі ім не страшныя, час ад часу яны прагаворваюцца — і скардзяцца на ўведзеныя абмежаванні. Відавочна, што гэтая тэма ім баліць. Прычым, не выключана, баліць у вобласці не столькі эканомікі, колькі палітыкі.
Эканоміку спагадліва выпраўляе Расія, фінансуючы «малодшага брата» непасрэдна і ўскосна. Але плаціць за гэта прыходзіцца кавалкамі суверэнітэту. А гэта тое, што падточвае самае дарагое, што ў Лукашэнкі ёсць, — яго асабістую ўладу.
Гэты перакос павялічваецца, і каб хоць неяк яго выправіць, трэба зноў наладзіць сувязі з Захадам. Дабіцца хай не поўнага прызнання, а хаця б паслаблення санкцый. Хай не адразу, а ў пэўнай перспектыве — напрыклад, пасля прыпынення баявых дзеянняў ва Украіне. Карацей, зноў займець пункт апоры за заходняй мяжой, каб падвысіць сваю ўстойлівасць. За гэта не шкада і нейкую частку палітвязняў вызваліць. Звычайны гандаль людзьмі, ці не першы раз?
Гэтая гульня ў кулуарныя дамоўленасці можа весціся ўдоўгую, таму і першая партыя вызваленых такая невялікая. Трэба назіраць, калі пойдзе партыя другая.
Аднабаковая ініцыятыва Лукашэнкі
Такая версія выглядае найменш верагоднай, але некаторыя прыкметы могуць сведчыць пра яе рэальнасць.
Так, Крэмль падтрымлівае Лукашэнку фінансава. І эканоміка, паводле афіцыйных звестак, расце, заробкі павялічваюцца. Разам з тым эксперты няспынна кажуць, што эканамічны дабрабыт створаны штучна і можа аднойчы адваліцца. І дэвальвацыю сёй-той прагназуе, што заўсёды балюча ўспрымаецца грамадствам. І гандляваць на знешніх рынках — у тым ліку расійскім — усё цяжэй. А з краінамі «далёкай дугі» дык увогуле не атрымлівацца наладзіць пазітыўны таваразварот.
На фоне трывог за эканоміку бянтэжыць сітуацыя ва Украіне. Усё больш размоваў пра перамовы і заключэнне перамір’я. А гэта стварае для Лукашэнкі рызыкі.
Па-першае, Расія адназначна не атрымае пераканаўчую перамогу ў вайне. Перамовы аб яе спыненні будуць доўгія, і нават калі за РФ застануцца акупаваныя ўкраінскія тэрыторыі, радавацца ў Крамлі асабліва не будуць. Бо і санкцыі наўрад ці здымуць, і насельнікі Крамля застануцца нерукапаціскальнымі ізгоямі. У такой сітуацыі Масква можа паскорыць інтэграцыю з Беларуссю, каб атрымаць той самы «суцяшальны прыз».
Па-другое, прыпыненне вайны ўдарыць і па беларускай эканоміцы. Цяпер шматлікія айчынныя прадпрыемствы зарабляюць, працуючы на расійскую абаронку. Дый увогуле рэжым добра манетызуе падтрымку пуцінскай агрэсіі. Калі ўсё гэта скончыцца, дзе браць грошы? А праз год жа яшчэ і так званыя прэзідэнцкія выбары.
На складанае становішча Лукашэнкі ўказваюць і сённяшнія паводзіны заходніх краін. Нядаўна ЕС зноў пашырыў санкцыі супраць Мінска. Прычым зрабіў тое, чаго дабіваліся дэмакратычныя сілы, — шмат у чым уніфікаваў беларускія абмежаванні з расійскімі.
Нягледзячы на адток ад мяжы мігрантаў, не спыняе жорсткай рыторыкі Варшава. Там то адзін міністр скажа, што да вызвалення Пачобута дыялогу не будзе, то другі дадасць, маўляў, будзем да апошняга дабівацца выдачы забойцы нашага жаўнера.
Паказальная і рэакцыя дэмакратый на вызваленне палітвязняў. Яна досыць стрыманая. ЗША «віталі» гэтую падзею, Еўрасаюз «прыняў да ведама». І адны, і другія заявілі пра неабходнасць неадкладнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных. Неяк не бачна ў такіх водгуках «дагаварняка», а бачны дэманстрацыйны ўчынак Лукашэнкі, які аказаўся калі не ў адчаі, то ў надта няпростай сітуацыі.
Пакуль у беларускага рэжыму ёсць закладнікі, ён можа па-ўсялякаму разыгрываць гэтую карту. І раз да гэтага справа дайшла, гэта ў любым выпадку добры знак. У чым бы ні палягала сапраўдная прычына неспадзяванага лукашэнкаўскага «гуманізму».