Дуда адправіўся ў Кітай, каб распавесці Сі Цзіньпіну пра гібрыдныя атакі Лукашэнкі
Звязаныя з міграцыйным крызісам на польска-беларускай мяжы праблемы мае намер абмеркаваць са старшынёй КНР Сі Цзіньпінам прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда, які 22–26 чэрвеня наведвае Кітай.
![Фота getty images Фота getty images](/img/v1/images/1238300344_7c5382529d4fb2cd0d3abab7afad0863_650x410.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1719076753&w=528)
Фота getty images
На брыфінгу перад вылетам палітык заявіў, што «найбольш важнымі элементамі візіту з’яўляюцца бяспека і эканамічныя пытанні, уключаючы гандаль», аднак таксама «будзе вельмі важны палітычны складнік», адзначае «Позірк».
«Мы маем вайну ва Украіне, а таксама гібрыдную атаку Беларусі на польскую мяжу, у рамках якой беларускія ўлады апошнія тры гады пастаянна падштурхоўваюць мігрантаў да нас, прымушаючы іх спрабаваць нелегальна перасекчы мяжу», — цытуе Дуду яго прэс-служба.
Паводле яго слоў, гэта праблема звязана ў тым ліку з эканомікай, паколькі закранае рэалізацыю кітайскай ініцыятывы «Адзін пояс — адзін шлях». Прэзідэнт Польшчы патлумачыў, што праз міграцыйны крызіс зазнае абмежаванні адзін з чыгуначных маршрутаў дастаўкі кітайскіх тавараў у Еўропу — той, які праходзіць праз Беларусь.
«Стасункі Кітая з Беларуссю традыцыйна дружалюбныя. Я хачу прадставіць гэтую сітуацыю старшыні КНР Сі Цзіньпіну. І распавесці, з чым мы сутыкаемся», — заявіў Дуда.
«Гэты візіт вельмі важны для нашай бяспекі ў Еўропе. Мы ведаем, што Кітай — звышдзяржава, мы ведаем, што ў яго сяброўскія стасункі не толькі з Беларуссю, але і з Расіяй, а Расія сёння з’яўляецца агрэсарам ва Украіне. І гэта тое, што я хачу абмеркаваць са старшынёй Сі Цзіньпінам. Ні для каго не сакрэт, што ўплыў Кітая, у тым ліку і на Расію, безумоўна, вялікі. Прадставіць наш пункт гледжання на гэтае пытанне старшыні Сі Цзіньпіну, на мой погляд, вельмі важна», — дадаў палітык.
Глядзіце таксама
![Адкуль Расія бярэ зброю для вайны з Украінай? Салідарнасць дыктатараў: хто і як дапамагае Расіі ў вайне з Украінай](/img/v1/images/0_slyoszeh_sp9wnmr.webp?f=c&h=360&o=0&u=1717234998&w=660)
Перамовы Дуды і Сі Цзіньпіна запланаваныя на 24 чэрвеня. У той жа дзень польскі госць сустрэнецца з прэм’ер-міністрам КНР Лі Цянам ды інш.
Ад пачатку года суседнія краіны ЕС спынілі 22,1 тыс. спробаў нелегальнага перасячэння мяжы мігрантамі з боку Беларусі, у тым ліку Польшча — 19,3 тыс.
Міграцыйны крызіс, які цягнецца з вясны 2021 года, Варшава, Рыга і Вільнюс называюць «гібрыднай атакай», арганізаванай рэжымамі Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна.
6 чэрвеня стала вядома пра смерць польскага вайскоўца 1-й танкавай брыгады Матэвуша Сітака, параненага нажом 28 траўня на мяжы з Беларуссю. Паводле інфармацыі Памежнай аховы Польшчы, вайсковец зазнаў напад мігранта, які ў складзе вялікай групы спрабаваў незаконна перасекчы мяжу з боку Беларусі.
13 чэрвеня на польска-беларускай мяжы распачала дзеянне буферная зона. Паводле інфармацыі МУС Польшчы, дзякуючы ёй колькасць спробаў парушэння мяжы скарацілася прыкладна на траціну.
Беларускія пагранічнікі неаднаразова абвінавачвалі
еўрапейскіх калег у жорсткім абыходжанні з мігрантамі.