«Мы не можам кінуць беларусаў на волю лёсу за новай жалезнай заслонай» — Святлана Ціханоўская

«Польшча пакутуе ад нашэсця мігрантаў: яны спрабуюць трапіць у ЕЗ з тэрыторыі Беларусі», заявіў увечары 22 чэрвеня ў інтэрв’ю польскаму тэлеканалу TVN24 кіраўнік польскага МЗС Радослаў Сікорскі. Таму, паводле Сікорскага, Польшча разглядае магчымасць закрыцця ўсіх памежных пераходаў з Беларуссю.

Мяжа Польшчы.  Twitter.com/@Straz_Graniczna

Мяжа Польшчы.  Twitter.com/@Straz_Graniczna

Па меркаванні Сікорскага, мігранцкая навала на тэрыторыю Польшчы адбываецца пад кантролем беларускіх і расійскіх спецслужб. «Асабліва шакуе тое, што функцыянеры беларускай дзяржавы інструктуюць гэтых людзей, як біць польскіх жаўнераў і польскіх памежнікаў нават тады, калі нашы хлопцы ў бронекамізэльках. Гэта абсалютна непрымальна», — заўважыў ён.

«Улічваючы дзеянні Беларусі, мы разглядаем магчымасць закрыцця ўсіх пагранічных пераходаў. Цяпер мы высвятляем, ці шкодна гэта для эканомікі. Фіны закрылі памежныя пераходы з Расеяй, і праблемы спыніліся», — заявіў Сікорскі. Ён адзначыў, што канчатковае рашэнне будзе прынята пасля аналізу яго наступстваў. «Каб іх адчуваў Лукашэнка, а не мы», — дадаў Сікорскі. 

На заяву Сікорскага пра магчымае закрыццё памежных пунктаў адрэагавалі Святлана Ціханоўская і Павел Латушка.

Глядзіце таксама

«Ініцыятывы павінны быць нацэленыя на дыктатара, а не народ»

Святлана Ціханоўская ў сацыяльнай сетцы Х адзначыла, што «падтрыманне сувязі беларусаў з Еўропай мае вырашальнае значэнне: неабходна забяспечыць іх мабільнасць. Ініцыятывы па абмежаванні прыгранічнага руху з-за працяглых правакацый рэжыму павінны быць нацэленыя на дыктатара, а не на народ. Мы не можам кінуць беларусаў на волю лёсу за новай жалезнай заслонай».

Глядзіце таксама

Важна захаваць для беларусаў магчымасць для камунікацыі з Еўропай

Павел Латушка пра заяву міністра замежных спраў Польшчы Радаслава Сікорскага ў дачыненні да магчымага закрыцця ўсіх пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю ў сваім тэлеграм-канале напісаў:

«Падтрымліваю закрыццё ўсіх таварных пунктаў пропуску з мэтай прымусіць Лукашэнку спыніць саўдзел у агрэсіі Расеі супраць Украіны, спыніць масавыя рэпрэсіі ў дачыненні да беларусаў і вызваліць палітычных зняволеных, спыніць гібрыдную вайну з выкарыстаннем мігрантаў у дачыненні да Польшчы і іншых краін ЕЗ. 

Адначасова важна захаваць магчымасць перасячэння мяжы грамадзянамі Беларусі праз пасажырскія пункты пропуску.

Важна захаваць для беларусаў магчымасць для камунікацыі з Еўропай».

*****

Ад пачатку года суседнія краіны ЕЗ спынілі 22,1 тыс. спробаў нелегальнага перасячэння мяжы мігрантамі з боку Беларусі, у тым ліку Польшча — 19,3 тыс.

Міграцыйны крызіс, які цягнецца з вясны 2021 года, Варшава, Рыга і Вільнюс называюць «гібрыднай атакай», арганізаванай рэжымамі Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна.

6 чэрвеня стала вядома пра смерць польскага вайскоўца 1-й танкавай брыгады Матэвуша Сітака, параненага нажом 28 траўня на мяжы з Беларуссю. Паводле інфармацыі Памежнай аховы Польшчы, вайсковец зазнаў напад мігранта, які ў складзе вялікай групы спрабаваў незаконна перасекчы мяжу з боку Беларусі.

13 чэрвеня на польска-беларускай мяжы распачала дзеянне буферная зона. Паводле інфармацыі МУС Польшчы, дзякуючы ёй колькасць спробаў парушэння мяжы скарацілася прыкладна на траціну.