«Жалезная заслона» — на гады ці на дзесяцігоддзі?
Падобна на тое, што нашым суседзям вельмі хочацца закрыцца і больш не мець з намі ніякіх спраў. Маюць рацыю?
![_neba___drot___svaboda___plot__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo_1_logo.jpg.webp _neba___drot___svaboda___plot__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo_1_logo.jpg.webp](/img/v1/images/_neba___drot___svaboda___plot__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo_1_logo.jpg.webp?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Выраз «жалезная заслона», які характарызуе адносіны Беларусі і Расіі з краінамі Захаду, да гэтага часу быў свайго роду публіцыстычнай метафарай. Але ў апошні час ён стаў элементам рэальнай палітыкі, увайшоў у лексікон палітычных дзеячаў. І за словамі ідуць справы.
Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа ў лютым, каментуючы планы закрыць яшчэ два пункты пропуску на мяжы з Беларуссю, заявіў, што «жалезная заслона ўжо ёсць, яна, напэўна, апушчаная ўжо даўно, не маю права выказаць здагадку, на дзесяцігоддзі ці гады».
Прэм'ер-міністарка Латвіі Эвіка Сіліня месяц таму заявіла: краіны Балтыі імкнуцца да таго, каб паміж імі і Расіяй і Беларуссю апусцілася жалезная заслона, піша Валерый Карбалевіч на «Позірку».
У адказ на такую рыторыку дэмакратычная лідарка Беларусі Святлана Ціханоўская заклікала: «Няма неабходнасці будаваць жалезную заслону», паколькі гэта ідзе на шкоду беларускаму грамадству і яго дэмакратычнай будучыні.
Бар'ераў усё больш
Тым не менш працэс разрыву адносінаў, будаўніцтва ўсё новых бар'ераў паміж Захадам, з аднаго боку, і Беларуссю і Расіяй — з другога, набірае абароты. Ён закранае ўсе сферы.
Закручваецца спіраль ваеннай эскалацыі на межах Беларусі. NATO нарошчвае свой патэнцыял у суседніх краінах. У Літве пачала размяшчацца германская матарызаваная брыгада. У снежні мінулага года ў Польшчы былі ўведзеныя ў строй аб'екты амерыканскай сістэмы супрацьракетнай абароны. Цяпер NATO праводзіць вялікія вучэнні ў суседніх з Беларуссю краінах. На мяжы ствараюцца ахоўныя збудаванні, памежная тэрыторыя мініруецца.
У Беларусі ў апошнія гады назіраецца мілітарысцкая ліхаманка. Пастаянна праводзяцца вучэнні, праверка боегатоўнасці войскаў, фармуюцца падраздзяленні тэрытарыяльнай абароны і народнага апалчэння. У краіне размешчана расійская тактычная ядзерная зброя.
Глядзіце таксама
![Ці закрыюцца межы для Беларусі цалкам? Як будуецца «жалезная заслона»](/img/v1/images/3_p5ama.jpg_logo.jfif.webp?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Цяпер у пяці раёнах Беларусі пачаліся вучэнні з удзелам вялікай колькасці рэзервістаў. Аляксандр Лукашэнка два разы за кароткі час наведаў заходнюю мяжу і выступіў там з ваяўнічымі заявамі, кшталту такога, напрыклад: «Мы рыхтуемся да вайны, я кажу пра гэта адкрыта».
Беларускія ўлады не спыняюць атакі супраць суседзяў з дапамогай мігрантаў з паўднёвых краін. З пачатку года краіны Еўрасаюза спынілі больш за сем тысяч спроб незаконнага перамяшчэння праз мяжу з Беларусі. На днях польскія памежнікі спынілі групу з 220 мігрантаў, якія спрабавалі прарвацца з беларускай тэрыторыі.
У дадатак да паветранай блакады працягваецца абмежаванне сухапутных шляхоў зносін паміж Беларуссю і заходнімі суседзямі. Закрыццё шэрагу памежных пераходаў абцяжарвае рух транспартных патокаў. Так, чарга грузавікоў на мяжы Польшчы і Беларусі расцягнулася амаль на 50 кіламетраў.
Беларусь успрымаюць як працяг расійскай тэрыторыі
Апошні, 13-ты пакет санкцый ЕС у дачыненні да Расіі ўвайшоў у дзеянне ў другую гадавіну пачатку поўнамаштабнага ўварвання РФ ва Украіну. Яго называюць калі не самым, то адным з самых шырокіх. Новыя абмежаванні, хай і ўскосна, закранаюць Беларусь. З-за гэтага паўсталі цяжкасці з увозам не толькі аўтамабіляў з аб'ёмам рухавіка больш за 1,9 літра і коштам больш за 50 тысяч еўра, але і шэрагу іншых тавараў.
Суседнія краіны, у прыватнасці Літва, робяць больш жорсткімі правілы знаходжання і легалізацыі грамадзян Беларусі (і Расіі) на сваёй тэрыторыі. Пры гэтым іх улады спасылаюцца на актывізацыю дзейнасці беларускіх спецслужбаў. Урад Літвы прапануе падоўжыць забарону на рэтрансляцыю беларускіх і расійскіх тэлеканалаў.
Важна звярнуць увагу, што ў заходніх сталіцах рэзка змянілася ўспрыманне Беларусі. Нашу краіну не лічаць незалежнай дзяржавай, а разглядаюць як марыянетку, васала Расіі, як працяг расійскай тэрыторыі.
Глядзіце таксама
![У Беларусі крымінальную адказнасць будуць распаўсюджваць на сваякоў? «Жалезная заслона» і «ворагі народа». Вяртанне савецкіх практык у нашу рэчаіснасць](/img/v1/images/_vosen___lisce___minsk____czyhunka___relsy__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas___2__logo.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Пры гэтым Лукашэнка сваёй палітыкай усяляк умацоўвае такое ўяўленне, заганяючы краіну ва ўсё большую залежнасць ад Расіі. Напрыклад, на нарадзе аб стане і задачах развіцця прамысловасці 9 красавіка ён праінфармаваў, што больш за 90% беларускай прамысловай прадукцыі ідзе на рынак Расіі і пасольства Беларусі ў РФ, па сутнасці, ператварылася ў другі ўрад.
Калі прыняць да ўвагі тую атмасферу нянавісці, якую транслююць беларускія дзяржаўныя СМІ на адрас суседзяў, то карціна становіцца поўнай.
Мінск і Масква не хочуць вяртацца да нармальнай камунікацыі
Такім чынам, у рэгіёне фармуецца новая геапалітычная рэальнасць. Цывілізацыйнае адзінства, якое фармавалася стагоддзямі, штучна разрываецца па палітычных прычынах. Эканамічныя, сацыяльныя, культурныя сувязі, камунікацыі паміж краінамі і людзьмі сталі ахвярай геапалітычнага супрацьстаяння.
Аглядальнікі параўноўваюць цяперашнюю сітуацыю з часамі «халоднай вайны» паміж дзвюма грамадскімі сістэмамі. Як і тады, ваенна-палітычнае супрацьстаянне суправаджаецца вострай ідэалагічнай барацьбой.
Глядзіце таксама
![Літва рыхтуецца закрыць яшчэ адзін памежны пераход з Беларуссю: Шальчынінкай — Беняконі «Хуткасць закрыцця межаў наўпрост карэлюе з узроўнем агрэсіі беларускіх дзяржСМІ»](/img/v1/images/benyakoni_0.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Беларускія ўлады навязваюць грамадству ўяўленне, што еўрапейскія каштоўнасці супярэчаць спрадвечным нацыянальным традыцыям, што нашы ідэйныя саюзнікі па барацьбе з «аднапалярным светам» знаходзяцца ў Кітаі, Афрыцы, на Блізкім Усходзе. У Расіі такія ўстаноўкі працуюць. У Беларусі ж спроба сфармаваць свой нацыяналізм на аснове варожасці да Польшчы выклікае абурэнне.
Сітуацыя складваецца так, што гэтая «жалезная заслона» можа быць разбураная толькі пры ўмове, калі рэжымы Лукашэнкі і Пуціна вычарпаюць свой рэсурс. Бо тая ваяўнічая пастава, у якую цяпер усталі расійскія і беларускія ўлады, не прадугледжвае магчымасці вярнуцца да нармальнай камунікацыі.