ЗША і Канада пашырылі санкцыі супраць Беларусі. Каго закранула?

ЗША і Канада 15 красавіка абвясцілі аб новых санкцыях у дачыненні фізічных і юрыдычных асоб у Беларусі, якія маюць дачыненне да падтрымкі рэжыму Лукашэнкі.

sanktsii_5.jpg

Санкцыі, абвешчаныя Міністэрствам фінансаў ЗША агулам закранаюць 12 юрыдычных і 10 фізічных асоб. Сярод арганізацый — шэсць беларускіх дзяржаўных арганізацый і шэсць беларусаў.

У санкцыйны спіс ЗША уключаныя:

ААТ «Станкагомель» —машынабудаўнічае прадпрыемства, размешчанае ў Гомелі. Адзначаецца, што яно рэгулярна супрацоўнічае з рознымі галінамі беларускай і расійскай прамысловасці. У тым ліку — з расійскімі абароннымі кампаніямі.

ААТ «АГАТ-Сістэмы кіравання» — кіруючая кампанія холдынгу «Геаінфармацыйныя сістэмы кіравання» (АГАТ) — прадпрыемства, якое прадае сістэмы кіравання для Узброеных сіл Беларусі, а таксама прамысловыя кампутары, сістэмы навігацыі і відэаназірання. Таксама прадпрыемства мае ліцэнзію на ажыццяўленне знешнегандлёвай дзейнасці па спецыяльных таварах, валодае патэнтамі ў Беларусі, Расіі і Еўразійскай патэнтнай арганізацыі.

АТ «НІІЭВМ» — кампанія-распрацоўшчык і вытворца кампутарнай тэхнікі падвойнага прызначэння і спецыялізуецца на мадэрнізацыі і рамонце сістэм ўзбраення, ваеннай і спецыяльнай тэхнікі. Супрацоўнічае з прадпрымествамі расійскай «абаронкі».

АТ «Тэхніка сувязі» — спецыялізуецца на вытворчасці сучаснага абсталявання радыёсувязі і тэлекамунікацый, у прыватнасці, прадукцыі для сілавых структур, а таксама прыёмна-перадаючых радыёстанцый для грамадзянскага і ваеннага выкарыстання.

ААТ «АГАТ-Сістэма» — з'яўляецца вядучай арганізацыяй па стварэнні і развіцці сродкаў спецыяльнай радыёсувязі і правадной сувязі на беларускім рынку.

ТАА «ИнаТэх Салюшнс» — кампанія-распрацоўшчык праграмнага забеспячэння ў рэальным сектары эканомікі.

Фізічныя асобы з Беларусі, якія трапілі пад амерыкаснкія санкцыі, паводле звестак Мінфіна ЗША, маюць дачыненне да розных падсанкцыйных прадпрыемстваў: Дзмірый Браім, Сяргей Чаргейка, Дзмітрый Міхальцоў, Алег Юрчык, Аляксандра Аксянчук, Таццяна Пратаповіч.


Глядзіце таксама

Канада ўключыла ў санкцыйныя спісы 20 чалавек, большасць з іх — суддзі і кіраўнікі калоній.

Пад санкцыі трапілі Руслан Машадзіеў (начальнік ПК № 1, Наваполацк), Сяргей Карчэўскі (начальнік рэжымнай часткі ПК № 17, Шклоў), Святлана Бандарэнка (суддзя Вярхоўнага суда), Раман Бізюк (старшы памочнік пракурора Маскоўскага раёна Мінска), Андрэй Тарасевіч (суддзя суда Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці), Ганна Асіпенка (суддзя суда Бабруйскага раёна і горада Бабруйска Магілёўскай вобласці), Сяргей Маслюкоў (начальнік выхаваўчай калоніі, Бабруйск), Яўген Бубіч (начальнік ПК № 2, Бабруйск), Юрый Васілевіч (начальнік ПК № 14, Навасады), Аляксандр Карніенка (экс-начальнік ПК № 17, Шклоў), Андрэй Пальчык (экс-начальнік ПК №1, Наваполацк), Аляксандр Кароль (старшы пракурор аддзела Генеральнай пракуратуры), Міхаіл Мурашкін (экс-намеснік начальніка міліцыі Жодзінскага ГАУС Мінскай вобласці), Мікалай Максімовіч (намеснік начальніка міліцыі грамадскай бяспекі УУС Мінскага аблвыканкама), Валянціна Зянькевіч (суддзя Мінскага гарадскога суда), Зінаіда Балаболава (суддзя суда Наваполацка), Галіна Кніжонак (суддзя суда Мазырскага раёна Гомельскай вобласці), Ганна Леўсік (суддзя суда Ленінскага раёна Гродна), Генадзь Кудласевіч (суддзя суда Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці), Іна Паўлоўская (суддзя суда Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы), Дзмітрый Бубенчык (суддзя суда Гомельскага раёна).