Кампанія вядомага «ябацькі» збанкрутавала праз санкцыі. Работнікі патрабуюць заробкі праз суд

40 000 еўра праз суд спагналі восем былых супрацоўнікаў фірмы «Белабеддынг». Гэта запазычанасці па заробках. Яшчэ тры чалавекі пачалі судовы працэс. Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, што адбылося з фірмай, дзе начальнік хацеў стаць дэпутатам — але яго не зарэгістравалі.

Фота oshmiany.gov.by

Фота oshmiany.gov.by

11 былых супрацоўнікаў пайшлі ў суд Гродзенскага раёна, каб спагнаць запазычанасці па зарплаце. Пра гэта стала вядома з банка судовых рашэнняў. Супрацоўнікі накіравалі іскі да «ТАА Б.». Hrodna.life прааналізаваў суды і прыйшоў да высновы, што гэта ТАА «Белабеддынг» — вядомы вытворца матрацаў і падушак, рэзідэнт свабоднай эканамічнай зоны «Гроднаінвест». Да таго ж, менавіта гэтая фірма пазначана ў наступных аналагічных пасяджэннях у раскладзе судовых пасяджэнняў. Суды пачаліся ў студзені 2024 года.

Хто пайшоў у суд:

зборшчык дэталяў і вырабаў - спагнаў 49 314,41 рубля,

упакоўшчыца — 9 591,45,

кіроўца — 18 274,20,

прыбіральнік — 11 586,82,

машыніст-качагар — 8 196,25,

сакратар-рэферэнт — 12 099,39,

намеснік дырэктара па прасоўванні - 19 358,12,

загадчыца склада — 9 914,22.

Былыя супрацоўнікі распавялі, што ім не выплачвалі заробак з ліпеня да кастрычніка 2023 года. Істцы прасілі спагнаць з адказчыка запазычанасць па заработнай плаце, кампенсацыю за нявыкарыстаны водпуск, кампенсацыйныя выплаты, а таксама сярэдні заробак за затрымку выплаты сумы, належнай пры звальненні. Суд задаволіў усе іскі на падставе арт. арт. 57, 73, 77, 78 Працоўнага кодэкса.

Усяго супрацоўнікі ўжо спагналі 138 334, 86 рублёў (€39 615). Пэўны працэнт ад запазычанасці ім павінны выплаціць на працягу месяца. Таксама ў цэлым суд спагнаў 6916,74 рубля (€1980) у ў даход дзяржавы.

Суды працягваюцца

Яшчэ тры супрацоўнікі судзіліся з «Белабеддынг» 1 сакавіка. Гэта Ганна Семянчук, Антон Астюкевіч і Алег Салавенюк. Семянчук хоча спагнаць запазычанасць у заробку і кампенсацыю. Асцюкевіч і Салавенюк спрачаюцца аб выплаце заробку.

Раней даўгі выбівалі контрагенты

З сакавіка па лістапад 2023 у эканамічны суд Гродзенскай вобласці паступіла 19 заяў аб спагнанні з «Белабеддынг» даўгоў. Вытворчасць завінавацілася іншым прыватным фірмам больш за 187 тыс. рублёў. З некаторымі патрабаваннямі «Белабеддынг» пагадзіўся, на іншыя не падаў водгукаў.


Глядзіце таксама

Фірма ліквідуецца

Паводле даных Адзінага дзяржаўнага рэестра, таварыства з абмежаванай адказнасцю «Белабеддынг» знаходзіцца ў працэсе ліквідацыі з 11 кастрычніка 2023 года па рашэнні ўласніка. Яна была зарэгістраваная ў свабоднай эканамічнай зоне «Гроднаінвест». Вытворчасць знаходзілася ў Новай Гожы.

На прадпрыемстве рабілі матрацы, наматраснікі, ложкі, падушкі, канапы, чахлы. Фірмовая крама «Good Night» была на рынку «Карона». Сайт фірмы на момант публікацыі навіны недаступны.

COVID-19, санкцыі і сыход інвестара

Адкрыў сумесную беларуска-нямецкую фабрыку матрацаў і падушак «Белабеддынг» у 2006 годзе былы гандбаліст Андрэй Барбашынскі — пасля завяршэння кар’еры. Яго партнёрам была нямецкая кампанія Fey&Co.

Вытворчасць заўсёды была экспартна арыентаванай. Вядома, што ў 2010-х да 80−90% прадукцыі ішло на экспарт, у асноўным у Заходнюю Еўропу. Фактычна, гэта быў аўтсорс, выгадны за кошт ільготнага падаткаабкладання і таннай працоўнай сілы.

Праблемы пачаліся яшчэ ў 2020 годзе праз пандэмію. У траўні 2022 з поўнай назвы юрыдычныя асобы знікла слова «замежнае» — сышоў нямецкі інвестар. Звязаныя з санкцыямі супраць Беларусі праблемы Барбашынскі прызнаваў у інтэрв'ю ў траўні 2023 года. Ужо тады штат фабрыкі «Белабеддынг», дзе раней працавала да 200 чалавек, моцна скараціўся. А ў верасні 2023 бізнесмен зняўся з пасады дырэктара, якую займаў 15 гадоў.

Кіраўнік не прайшоў у дэпутаты

У 2020 годзе Андрэй Барбашынскі быў даверанай асобай Аляксандра Лукашэнкі, а пазней выступаў у дзяржаўных газетах і прапагандысцкіх тэлепраграмах. Адкрыта падтрымаў расійскае ўварванне ва Украіну.

У 2024-м Барбашынскі збіраўся стаць дэпутатам Гродзенскага абласнога савета. У яго падтрымку сабралі подпісы, правялі сход працоўнага калектыву для яго вылучэння. Бізнэсовец падаў дакументы на рэгістрацыю як намеснік старшыні Беларускай федэрацыі гандбола. Але ў выніку яго нават не зарэгістравалі.