Ціханоўская знаходзіцца ў Канадзе, дзе праводзіць сустрэчы на найвышэйшым узроўні

Святлана Ціханоўская гэтымі днямі наведвае Канаду. Сярод іншага яна правяла там перамовы з прэм’ер-міністрам Джасцінам Трудо.

photo_2024_04_16_09_57_35.jpg

Прэс-служба дэмакратычнай лідаркі адзначае, што гэта ўжо другая двухбаковая сустрэча палітыкаў ў Канадзе. Гэтым разам яна адбылася ў офісе прэм'ера ў Атаве.

Трудо выказаў падтрымку дэмакратычным сілам і грамадзянскай супольнасці Беларусі, цікавіўся лёсам палітвязняў, а таксама станам беларускіх медыя.

Святлана Ціханоўская распавяла пра працу дэмакратычных сілаў і заклікала Канаду да больш шчыльнага супрацоўніцтва з Аб'яднаным пераходным кабінетам.

Падчас дыялогу закраналася пытанне ціску на рэжым Лукашэнкі і яго спроб зняць абмежаванні на гандаль калійнымі ўгнаеннямі — гэта істотная крыніца прыбытку рэжыму.

Беларуская лідарка акцэнтавала ўвагу прэм’ера на вытворчасці зброі і яе кампанентаў на тэрыторыі Беларусі, таму што надалей гэтая зброя паступае расійскай арміі.

Ціханоўская папрасіла Трудо вынесці на парадак дня пытанне Беларусі падчас старшынства Канады ў G7, запрасіць дэмакратычныя сілы на саміт «‎Вялікай сямёркі»‎ у Канадзе, а таксама падтрымаць дэмакратычную Беларусь у ААН і АБСЕ.


Глядзіце таксама

Акрамя гэтага, Святлана Ціханоўская сустрэлася са спікерамі Палаты прадстаўнікоў і Сената Канады, а таксама з лідарам групы «За дэмакратычную Беларусь», лідарамі мясцовай апазіцыі.

Ціханоўская падзякавала канадскім партнёрам за падтрымку і салідарнасць у стаўленні да Беларусі, а таксама з радасцю, як паведамляецца, адзначыла: пытанне Беларусі аб'ядноўвае розныя палітычныя сілы ў парламенце Канады — урадавую партыю і апазіцыю.

Прэс-служба Ціханоўскай інфармуе, што падчас сустрэчаў разглядаліся наступныя пытанні:

ваенна-палітычная сітуацыя ў Беларусі;

сітуацыя з палітвязнямі;

санкцыі;

падтрымка для рэпрэсаваных і незалежных медыя;

прыцягненне рэжыму да адказнасці;

праблемы беларускай дыяспары ў Канадзе.

У дыялогу беларуская лідарка заклікала канадскіх партнёраў:

далучацца да групы сяброў Беларусі;

станавіцца хроснымі для палітвязняў;

арганізаваць сустрэчы з прадстаўнікамі дыяспары па вырашэнні пытанняў легалізацыі;

арганізаваць слуханні па Беларусі;

наведаць Вільню і Варшаву, каб сустрэцца з былымі палітвязнямі, праваабаронцамі і медыя;

арганізаваць дні салідарнасці з Беларуссю.

Таксама Ціханоўская прасіла парламентароў падтрымаць Беларусь у Парламенцкіх асамблеях АБСЕ і НАТО.

Акрамя таго, палітык правяла сустрэчу з ценявым прэм'ерам і міністрам замежных справаў Канады — лідарамі Кансерватыўнай партыі. Гэтая камунікацыя стала лагічным працягам дыялогаў з міністаркай замежных справаў Жалі і прэм'ерам Трудо, якія прадстаўляюць кіруючую Ліберальную партыю Канады.