Усаў ставіць пад сумнеў эканамічную мэтазгоднасць візітаў Ціханоўскай у розныя краіны
Палітолаг Павел Усаў сумняваецца ў рацыянальнасці размеркавання фінансавых сродкаў Офісам Святланы Ціханоўскай і параўноўвае апошнюю з прэзідэнткай Малдовы Маяй Санду.
Усаў: «Спадар С. Падсасонны (журналіст "Белсату") у даволі жорсткім інфармацыйным супрацьстаяньні з «кіраўніцтвам» Каардынацыйнай Рады задаў шэраг слушных, прынцыповых і фундаментальных пытаньняў, якія напэўна, хвалююць частку беларускай дэмакратычнай супольнасьці.
Гэтыя пытаньні тычацца аспектаў фінансаваньня, коштаў існаваньня і функцыянаваньня КР, а таксама права, легітымнасьці ў дзейнасьць КР пасьля сканчэньня «тэрмінаў». Згодна з тэрмінамі КР II самапрызначэньня дзейнічае 1 год і ўжо павінна была спыніць сваё існаваньне».
Палітолаг лічыць, што падобныя пытанні павінны быць зададзеныя ўсім прадстаўнікам апазіцыйных структур, які выступаюць ад імя беларускага народу.
На гэтым фоне ён заўважае, што заробак прэзідэнта Малдовы Майй Санду складае каля 1100 еўра ў месяц.
«За які кошт і за кошт чаго існуюць такія структуры і асобы як ОСТ, С. Ціханоўская, Кабінет і яго «міністры». Коштам чаго ажыцяўляюцца такія дарагія пералеты (і колькі яны каштуюць) у ЗША, Канаду, Ісландыю, Грэцыю і т.д.», — задаецца пытаннямі Усаў.
«У такія падарожжы лётаюць некалькі чалавек, пры гэтым вынік такіх падарожжаў з большага роўны 0. Такое «працоўнае падарожжа» можа каштаваць некалькі тысячаў даляраў на адну асобу, гэта сам пералет, кошты пражываньня у добрых гатэлях, харчаваньне плюс ахова, якая нон-стоп суправаджае Ціханоўскую (як мінімум 3 чалавекі). Сумняюся, што «дэлегацыя» жыве ў хостэлах па 50 еўра за ноч», — піша палітолаг.
Спадар Усаў адзначае, што ў мінулым годзе, згодна з дэкларацыямі прадстаўнікоў ОСТ Ціханоўская здзейсьніла каля 90 працоўных візітаў у розныя краіны.
«Давайце возьмем па груба па мінімуму, каля 1000 у.е. на адну асобу. За год толькі на падарожжы 1 асобы выходзіць прыкладна каля 90 тыс. Памножце гэта на дадатковыя 3-4 памочнікі і сакратара: Вячорка, Кавалеўскі, Кучынскі і г.д. То такі сума такіх візітаў прыблізна і груба, за год можа складаць да 300 тыс., ну і памножыць гэта на 5 год.Зразумела, што ОСТ, АПК не ўтрымліваюцца за кошт уласнага бюджэту (якога няма), а візіты адбываюцца коштам запрашаючага боку (але ці заўседы так???). Тым не менш, факт застаецца фактам, як і тое, што збольшага гэтыя візіты пустыя і непатрэбныя, бо ніяк не ўплываюць на лёс беларусаў і Беларусі. Пра што сьведчаць праблемы беларусаў у Літве, дзе гэты самы офіс і знаходзіцца.
Для параўнаньня, Майя Санду (прэзідэнт краіны) у 2023 годзе здзейсьніла 21 працоўную паездку, агульны кошт больш за 26 тыс. еўра. Самай дарагой паездкай быў візіт у Давос (3400 еўра)», — сцвярджае Усаў.
Пры гэтым палітолаг ставіць пад пытанне не толькі эканамічную, але і палітычную мэтазгоднасць падобных паездак.
«Кожная паездка апраўдваецца выключна дэкларатыўнымі мэтамі: «каб пра беларусаў не забываліся», «прыгадаць заходнім палітыкам пра Беларусь». І ўсе. Ну часам яшчэ сказаць заходнім палітыкам, што яны не маюць яснай стратэгіі адносна Беларусі.
Што атрымоўваецца? У выніку «актыўнай працы» на працягу папярэдніх гадоў (у тым ліку папярэдніх 20 з нечым гадоў), пра Беларусь ужо забыліся, асабліва калі не ведалі? А як жа парламенскія группы «сябры Беларусі», як жа стратэгічны дыялог, як жа «народныя амбасады», СМІ?» — абураецца Усаў.
Палітолаг упэўнены, што «можна знайсьці шмат іншых спосабаў больш танных і эфектыўных, каб пра Беларусь не забываліся, калі Захаду гэта патрэбна».
Тасама спадара Усава хвалюе пытанне працаўладкавання паплечнікаў Ціханоўскай:
«Міністры, дарадцы, памочнікі Ціханоўскай збольшага нідзе не афіцыйна не працуюць. Я ведаю толькі аднаго «міністра» Сахашчыка, які мае сваю фірму, яшчэ была міністар эканомікі Зарэцкая. У сваю чаргу, кошты утрыманьня і жыцьця ў Літве ці Польшчы не малыя. Ізноў, чаму пытаньні заробкаў скіраваць не толькі да спадара Ягорава, але і да «прэзідэнта-электа», канкрэтных «міністраў». Чаму дадзены асьпект застаецца «табу». Мы ж гуляем дэмакратыю, кажам пра нейкія правілы, а па правілах гэтай гульні, такія рэчы патрабуюць яснасьці, гэта патрабаваньні да ўсіх палітыкаў у любой дэмакратычнай краіне, ці супольнасьці, асабліва калі гаворка вядзецца пра пасады міністраў і прэзідэнтаў!»