783-ці дзень вайны. Праз недахоп узбраенняў УСУ ўсё цяжэй стрымліваць расійскіх акупантаў
Ідзе трэці год вайны ва Украіне, і праз затрымку зброі з ЗША расійцы ўзмацняюць наступленне. Але, выглядае, што з’явілася надзея на разблакаванне амеырканскай дапамогі.
За мінулыя суткі адбылося 104 баявыя сутыкненні паміж расійскімі акупантамі і Сіламі абароны Украіны, паведамляе Генштаб УСУ.
На Валынскім і Палескім кірунках сітуацыя застаецца без істотных змен. На Северскім і Слабажанскім акупанты захоўваюць ваенную прысутнасць у прыгранічных раёнах.
У раёне Купянска расійцы штурмавых дзеянняў не праводзілі. Затое ў напрамку Лімана акупанты восем разоў атакавалі пазіцыі ўкраінскіх абаронцаў у раёне населеных пунктаў Церны і Торскае. Самым складаным застаецца Бахмутскі кірунак, дзе ўкраінскій вайскоўцы адбілі 33 атакі. Яшчэ 15 штурмавых дзеянняў акупанты праводзілі на Аўдзееўскім напрамку.
Таксама застаецца складанай сітуацыя на Навапаўлаўскім кірунку, дзе акупанты 30 разоў спрабавалі прарваць украінскую абарону. На Арэхаўскім кірунку расійскія вайскоўцы атакавалі сем разоў.
Акрамя таго, на Херсонскім кірунку расійцы не адмаўляюцца ад намеру выбіць падраздзяленні УСУ з плацдармаў на левабярэжжы Дняпра. На працягу сутак акупанты атакавалі пяць разоў.
Адзначаецца, што ўкраінская авіяцыя працягвае наносіць адчувальныя страты расійцам. За мінулыя суткі нанесеныя ўдары па 13 раёнах засяроджвання асабовага складу, двух зенітна-ракетных комплексах і адным пункце кіравання расійскай арміі.
Падраздзяленнямі ракетных войскаў Украіны нанесенае паражэнне па двух артылерыйскіх сродках, чатырох раёнах засяроджвання асабістага складу і чатырох пунктах кіравання БПЛА.
У сваю чаргу расійскія акупанты нанеслі 16 ракетных і 31 авіяцыйны ўдар, ажыццявілі 79 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню па пазіцыях украінскіх войскаў і населеных пунктах.
Акупацыйная армія рыхтуе вялікае наступленне ў пачатку лета. Калі да таго часу ў ЗША не разблакуюць ваенную дапамогу для Украіны, расійская аперацыя стане сур'ёзнай праблемай для УСУ.
Як паведамляе Інстытут вывучэння вайны (ISW), амерыканская дапамога з'яўляецца жыццёва важнай для здольнасці Сіл абароны Украіны абараніцца ад цяперашніх і будучых наступальных аперацый РФ, якія пачнуцца ў канцы вясны і летам гэтага года.
У справаздачы нагадалі заяву начальніка ГУР Кірыла Буданава, што ўкраінскія войскі рыхтуюцца да адбіцьця будучага вялікага расійскага наступу, які чакаецца ў канцы траўня або ў пачатку чэрвеня. Паводле яго ацэнкі, гэта будзе «катастрафічна складана» без вайсковай дапамогі Захаду.
Таксама аналітыкі прыводзяць заяву міністра абароны Рустэма Умерава адносна напружанай сітуацыі на ўсходзе Украіны. Ён адзначыў, што захопнікі засяроджваюць свае намаганні на захадзе ад Бахмута ў напрамку Часавага Яра, і УСУ паспяхова выкарыстоўваюць сучасную тэхніку супраць пераўзыходзячай колькасці праціўніка.
Акрамя таго, у ISW спаслаліся на заяву спікера групоўкі «Хорціца» Назара Валошына. Як той распавёў, украінская армія на Бахмуцкім і Аўдзееўскім напрамках можа выкарыстоўваць толькі ад аднаго да пяці артылерыйскіх снарадаў на кожныя 10 артылерыйскіх снарадаў праціўніка. Аднак пры гэтым узбраенне УСУ працуе больш дакладна.
На думку аналітыкаў ISW, здольнасць УСУ адбіваць актывізацыю расійскіх наступальных аперацый на ўсходзе Украіны пагоршылася з-за недахопу матэрыяльна-тэхнічных сродкаў і працягне пагаршацца ў найбліжэйшай будучыні, калі будзе працягвацца затрымка з ваеннай дапамогай.
«Расійскія войскі цяпер карыстаюцца дэфіцытам украінскіх матэрыяльных сродкаў, выкліканых адсутнасцю дапамогі з боку ЗША, для дасягнення нязначных тактычных поспехаў. Аднак будучыя расійскія наступальныя аперацыі могуць дасягнуць больш значных і пагрозлівых поспехаў, асабліва на захад ад Бахмута, калі ЗША будуць працягваць адкладаць выдачу дапамогі Украіне», — адзначаюць экспэрты.
Паводле апошніх звестак тэлеграм-канала DeepState, расійскія захопніцкія войскі маюць прасоўванне на трох кірунках фронту. Ноччу аналітыкі паведамілі, што абнавілі інтэрактыўную анлайн карту баявых дзеянняў. Згодна з ёй, гаворка ідзе пра Аўдзееўскім, Арэхаўскім і Новапаўлаўскім напрамках.
«Вораг прасунуўся каля Ачарэціна, Старамаёрскага і Краснагораўкі», — гаворыцца ў паведамленні.
У Генштабе УСУ не пацвярджалі гэтую інфармацыю.
Сілы абароны Украіны працягваюць утрымліваць плацдарм на левым беразе Дняпра ў Херсонскай вобласці ў раёне населенага пункта Крынкі.
«Работа па ўмацаванні і перспектывах пашырэння плацдарма працягваецца. Вораг не спыняе штурмаў. За мінулыя суткі правёў пяць атак. І гэта больш-менш ўстойлівы каэфіцыент — 4-5 штурмаў у суткі-гэта тое, што яны праводзяць досыць рэгулярна. Але поспеху не маюць», — распавяла ў эфіры тэлемарафона кіраўнік аб'яднанага прэс-цэнтра аператыўнага камандавання «Поўдзень» Наталля Гумянюк.
Яна дадала, што падчас штурмаў расійцы ўжо даўно не ўжываюць браніраваную тэхніку, карыстаюцца толькі пяхотнымі штурмавымі групамі.
«Яны працягваюць адшукваць варыянты правядзення ратацыі для таго, каб падцягваць на гэты кірунак новыя падраздзяленні, не дасведчаныя ў сітуацыі. Бо паўторна ўжываць у штурмах тых, хто адтуль цудам вярнуўся, яны не могуць. У іх вельмі нізкі маральна-псіхалагічны стан, у таго кантынгенту, які ўжо сустрэўся з нашымі і зразумеў, чыя зямля на левабярэжжы», — сказала Гумянюк.
У ноч на 16 красавіка акупанты нанеслі чарговы ўдар дронамі-камікадзэ па тэрыторыі Украіны, таксама заявіла ў эфіры тэлемарафона Наталля Гумянюк. Паводле яе слоў, РФ працягвае рэалізаваць паветраныя атакі па розных рэгіёнах Украіны.
«Сітуацыя застаецца досыць напружанай, бачым, што вораг не спыняе тэрор на сушы, дзе не можа дасягнуць адпаведных поспехаў, якія запланаваў. І кампенсуе гэта ў паветры, у прыватнасці, працягвае ўдары балістыкай па розных рэгіёнах Украіны, спрабуе ціснуць з выкарыстаннем дронаў тыпу «Шахед». У начны час зноў былі атакі, у тым ліку ў паўднёвых рэгіёнах», — сказала Гумянюк.
Яна таксама адзначыла, што на поўдні сілы абароны знішчылі чатыры «Шахеды»: «Два на Херсоншчыне, па адным на Мікалаеўшчыне і Днепрапятроўшчыне. Вораг зноў імкнецца да энергааб'ектаў, таксама спрабуе знайсці і сістэмы абароны, гэта значыць СПА».
Гумянюк дадала, што расійцы паменшылі колькасць паветраных цэляў, што можа казаць пра недахоп дронаў-камікадзэ для рэгулярных удараў па Украіне.
«Мы бачым, што колькасна такія групы дронаў накіроўваліся больш кампактна. І гэта сведчыць, што яны, відавочна, маюць пэўны недахоп гэтага патэнцыялу, але спрабуюць трымаць тэрор сістэмным. Менавіта таму ўчора днём у нашай зоне адказнасці быў удар балістыкі ў напрамку Кіраваградчыны. А ўначы выкарыстоўвалася хоць і не вельмі колькасная, але дронавая атака», — сказала яна.
Поўнамаштабная вайна ва Украіне працягваецца, і спікер амерыканскай Палаты прадстаўнікоў (ніжняя палата Кангрэса) Майк Джонсан плануе ўнесці ў гэты заканадаўчы орган асобныя законапраекты наконт фінансавання ўкраінскай дзяржавы, Ізраіля, а таксама Тайваня, каб выйсці з тупіка вакол прадастаўлення пакета дапамогі на суму 95 мільярдаў долараў, які ўжо ўхваліў Сенат.
Дапамога вырашылі падзяліць, паколькі «рэспубліканцаў, а таксама некаторых дэмакратаў, якія не ўхваляюць павелічэнне дапамогі Ізраілю, магло б быць дастаткова, каб праваліць аб'яднаны законапраект», піша The Wall Street Journal.
Паводле звестак журналістаў, рэспубліканец з Луізіяны сказаў, што воля яго калег заключалася ў тым, каб галасаваць за дапамогу розным дзяржавам незалежна адзін ад аднаго, «а не крыжаваць іх разам, як гэта зрабіў Сенат». Палітык не раскрываў падрабязнасці праектаў законаў, але сказаў, што завяршыць галасаванне па дакументах разлічваюць на гэтым тыдні.
«Гэтая прапанова, хоць і можа дапамагчы палаце абысці непасрэдную перашкоду, можа ўскладніць намаганні па дастаўцы пакетаў дапамогі на стол Байдэна, паколькі запатрабуе новых дзеянняў з боку кантраляванага дэмакратамі Сената, дзе заканадаўцы могуць не пагадзіцца з любымі зменамі, запланаванымі ў палаце», — адзначаецца ў матэрыяле.
Паводле звестак WSJ, таксама плануецца прыняцце чацвёртага праекта закона, які будзе ўключаць у сябе прапанову аб выкарыстанні арыштаваных актываў РФ для аплаты дапамогі Украіне і забарону або продаж «ЦікТок» у ЗША.
«Джонсан сказаў, што пакуль не вызначыўся, ці будуць гэтыя чатыры законапраекты, калі яны будуць прынятыя, накіраваныя ў Сенат паасобку або ў выглядзе пакета», — даведаліся журналісты.
Выданне The Hill паведамляе, што спікер Палаты
прадстаўнікоў высунуў сваю прапанову наконт падзелу дапамогі ў панядзелак, 15
красавіка, падчас закрытай канферэнцыі Рэспубліканскай партыі, якая прайшла ў
падвале Капітолія.