«Жанчын ставяць у такое становішча, калі ты думаеш толькі пра базавыя патрэбы». Былая палітзняволеная — пра ўмовы за кратамі
У СІЗА, ІЧУ і калоніях наўмысна ствараюць такія ўмовы, каб нават так, праз абстаноўку вакол вязні адчувалі ціск і безвыходнасць. А ў дадатак — яшчэ жорсткасць супрацоўнікаў і «стукачы» сярод «сваіх».
Алеся Буневіч — беларуска, якая больш за два гады правяла ў турме і двойчы пакідала радзіму праз пераслед з боку рэжыму Лукашэнкі.
З 2010 года Алеся ўдзельнічала ў апазіцыйным руху і пратэстах супраць Лукашэнкі. У 2021 годзе яна першы раз з'ехала з краіны, пераехаўшы ў Літву. У Вільні яна была дырэктаркай крамы «А2.print», якая ў тым ліку прадавала нацыянальную сімволіку: бел-чырвона-белыя сцягі, футболкі з гербам «Пагоня» і многае іншае.
У 2022 годзе Буневіч паехала ў Беларусь — як па асабістых прычынах, так і для таго, каб, паводле яе слоў, «паглядзець месца ў памежнай зоне для людзей, якія пераходзяць мяжу». Там яе арыштавалі. Спачатку яе абвінавацілі ў «тэрарызме», але потым замянілі артыкул на «незаконнае перасячэнне мяжы» і далі 3,5 гады калоніі. Пасля вызвалення ў маі 2024 года (тэрмін скарацілі на апеляцыі) Буневіч усё-ткі змагла выехаць назад у Літву, нягледзячы на тое, што была пад наглядам.
Былая палітзняволеная расказала «Настоящему времени», як адбывала тэрмін і кантактавала з іншымі палітвязнямі.
— Як вы цяпер сябе адчуваеце?
— Адчуваю я сябе, шчыра кажучы, шчаслівай. Таму што ўпершыню з таго дня, як я выйшла на волю, я сапраўды адчуваю сябе свабодным чалавекам. Я разумею, што скончылася гэтая частка жудаснай гісторыі.
— І вы проста адразу, без адпачынку, вырашылі акунуцца ў справы?
— Так, шчыра кажучы. Проста я зразумела для сябе, што калі пачынаеш спыняцца, спрабуеш неяк расслабляцца, корпацца ў сабе, то гэта табе толькі робіць горш. Таму трэба адразу брацца за нейкую справу, не даваць сабе ні моманту ніякага паслаблення. Гэта як у СІЗА і ў калоніі: калі ты даеш нейкую слабіну — у гэты момант цябе проста з'ядуць. Гэтак жа і агулам па жыцці. Калі адразу не пачынаць нешта рабіць, то ў выніку гэта выльецца ў дэпрэсію.
«Горш за гродзенскае СІЗА, напэўна, нічога няма. Не ведаю, як там выжываюць»
— Вы можаце проста пералічыць, у якіх месцах вы сядзелі ў Беларусі, і сказаць, дзе было лепш, а дзе горш?
— Калі казаць пра ІЧУ, то я сядзела спачатку ў Гродне, там было больш-менш. А вось у Магілёве ў ІЧУ быў проста трэш, стаўленне і ўмовы былі вельмі жорсткімі.
Калі пра СІЗА казаць, то наадварот: магілёўскае СІЗА даволі строгае, але адносна чыстае, акуратнае, камеры ў ім не такія маленькія. А ў Гродне, калі я зайшла ўнутр, я падумала, што гэта проста трушчобы нейкія, проста жах. Мне здаецца, горш за гродзенскае СІЗА, напэўна, нічога няма. Не ведаю, як там мужчыны выжываюць, там проста няма чым дыхаць. Там маленькія-маленькія камеры, 2.30 на 3.10 метра, вельмі маленькія, і ўсё. Ты працягваеш руку — і вось адразу прыбіральня. Дзе ясі, там і... не ясі.
Калонія жаночая — тут няма чаго сказаць, гэта дакладна не агульны рэжым, хутчэй бліжэй да строгага. Жанчын ставяць у такое становішча, калі ты сапраўды павінна проста думаць толькі пра свае базавыя патрэбы. Ты не думаеш пра высокае, ты не думаеш пра нейкія планы, ты ў асноўным жывеш адным днём і думаеш: што мне заўтра з'есці на сняданак, таму што заўтра будзе нешта нясмачнае, у які час мне памыцца паміж дзяжурствамі, калі гэта дазволена?
— Як наогул праходзіць час для зняволеных у няволі?
— Гадзіны ідуць хутчэй, калі прывязвацца да нейкай дзейнасці. Мне па жыцці цікавыя нейкія конкурсы, сцэнары, удзел у чымсьці, спевы, танцы. Таму, я, пакуль магла, пакуль мне гэта дазвалялі, у гэтым удзельнічала.
Калі ўсяго гэтага няма (а трэба ўлічваць яшчэ і тое, што апошнім часам у калоніі з бібліятэкай былі вельмі вялікія праблемы, бо не было супрацоўніка і трапіць туды было нельга), то амаль увесь твой час — «вольны». Але яго ў прынцыпе няшмат, таму што ты, акрамя працы, выконваеш шмат дзяжурстваў, грамадскіх работ, гэта абавязкова для ўсіх.
Сажам, разгрузіць фуру мэблі ў 20-градусны мароз голымі рукамі — гэта нармальна. Так, жанчыны гэта робяць, на іх можна там вазіць і вазіць. Так што рэальна вольнага часу ў зняволеных асабліва і няма. Лісты пішаш, зразумела, так, кнігі спрабуеш чытаць. Але, на жаль, усё горш і горш станавілася з гэтым.
— Як на вас паўплывала зняволенне?
— Паўплывала, вядома, моцна, як і на кожнага, напэўна, хто аказаўся ў такой сітуацыі, за кратамі. Ты проста спрабуеш вынесці з гэтага нейкія для сябе ўрокі. Спрабуеш зразумець, што можа быць добрага ў гэтай сітуацыі, як бы гэта дзіўна ні гучала.
Я па жыцці вельмі эмацыйны, нястрыманы чалавек. А ў тых умовах, у калоніі, ты вучышся неяк сябе стрымліваць, быць больш чулай да іншых людзей, больш цярплівай у тым ліку да нейкіх негатыўных праяў. І многае апраўдваеш у нейкім сэнсе. Я цяпер не пра супрацоўнікаў, вядома, а пра сукамерніц. Таму што, ну, проста з жудаснымі гісторыямі жанчыны сядзяць побач з табой. І, вядома, ёсць нейкія моманты, якія ў нейкім сэнсе цябе выхоўваюць.
Разам з тым, табе вельмі страшна: што вось цяпер так трымаешся, трымаешся, ужо больш за два гады трымаешся. А потым бац — і што-небудзь такое адбудзецца выбуховае. І вельмі страшна, што гэта можа адбіцца на тваёй сям'і, на сямейных адносінах. Менавіта таму бывае страшнавата ў гэтым сэнсе.
«Большасць тых, каго ў Беларусі называюць "экстрэмістамі", — класныя, адукаваныя, паспяховыя людзі»
— З кім са знакамітых людзей вы сядзелі, са зняволеных?
— У прынцыпе, ты шмат з кім бачышся, але мне проста так не дазвалялі ні з кім кантактаваць. Была канкрэтная забарона: будзеш з кімсьці размаўляць, да кагосьці падыходзіць — пойдзеш у ШІЗА. А мне здароўе было дорага, і часцей за ўсё я гэтага не рабіла, так.
У прынцыпе, усе людзі (у калоніі) былі паміж сабой знаёмыя па-свойму. Усе людзі вельмі класныя, і большасць тых, каго ў Беларусі называюць «экстрэмістамі», ну праўда, вельмі класныя, адукаваныя, паспяховыя людзі, з якімі прыемна бавіць час.
— Што вы можаце расказаць пра Дар'ю Лосік, Марфу Рабкову, пра ўмовы іх утрымання, што вы бачылі?
— Я вось якраз супраць таго, каб нешта пра іх гаварыць, бо я ведаю, што шмат хто проста атрымліваў (нешта дрэннае) пасля такіх інтэрв'ю. Таму я б не хацела пра гэта гаварыць. Выглядаюць яны добра. Але што ў іх адбываецца ўнутры, у душы — вядома, гэта зусім іншая справа.
— Як менавіта на вас ціснулі ў месцах зняволення, якім рэпрэсіўным мерам вас падвяргалі?
— Не скажу, што на мяне так ужо моцна ціснулі ў параўнанні з іншымі вязнямі. Але самае непрыемнае ў гэтай сітуацыі — што ты разумееш, што ты проста кожны дзень знаходзішся пад кантролем, прычым пад кантролем у тым ліку з боку тых жа зняволеных. Гэта акрамя таго, што супрацоўнікі таксама ўвесь час праяўляюць да цябе цікавасць: выклікаюць цябе на розныя гутаркі, пачынаюць капаць моманты 10-гадовай даўніны пра тваё дзіця, пра тваю сям'ю, потым распытваюць пра твае планы на будучыню.
У мяне сітуацыя наогул была складаная — у тым сэнсе, што муж і дзіця за мяжой знаходзяцца. А яны пачынаюць табе гаварыць, што маўляў, яны табе здрадзілі. Ідзе пастаянны псіхалагічны ціск.
Калі ты што-небудзь парушаеш у калоніі, скажам, якія-небудзь пункты правілаў унутранага распарадку, табе ідзе пакаранне за гэта. Альбо гэта ШІЗА, гэта самае апошняе, самае жорсткае пакаранне. Але могуць быць і больш «мяккія» пакаранні: гэта, скажам, калі цябе пазбаўляюць права на спатканне, кароткае або доўгае. І розныя іншыя метады таксама ёсць.
Напрыклад мы, наш атрад, які раней ніколі нічога не выйграваў, выйгралі конкурс самадзейнасці. Тэма была «Беларускія народныя песні». І мы конкурс выйгралі, атрымалі дыплом першай ступені. Вось за гэта нам павінны былі даць нейкае заахвочванне, нешта добрае табе даць за гэта. А ў выніку атрымалася, што я атрымала за гэта рапарт і мяне пазбавілі працяглага спаткання. І мой тата не змог прыехаць да мяне на апошняе спатканне, якое ў мяне павінна было быць (маці Алесі памерла некалькі гадоў таму. — Заўв. рэд.).
— Вы самі спявалі на гэтым конкурсе?
— Я там выступала як рэжысёр-пастаноўшчык, спявала, удзельнічала ў самой пастаноўцы. Там проста падабралася каманда даволі класных дзяўчатак, з рознымі артыкуламі, не толькі «палітычныя», але «палітычныя» ў тым ліку. Вельмі класная каманда сабралася, і так, мы ўдзельнічалі. Было вельмі класна, але падрабязнасці расказваць я, на жаль, не магу, таму што кожнае слова, сказанае тут, потым адклікаецца тым, хто застаецца там, у турме.
Я на сабе гэта таксама адчула і адчула іншыя многія нюансы. Толькі раскажаш што-небудзь добрае — і гэтае добрае адразу хоп — і няма больш добрага нічога.
— А што было самым складаным у зняволенні менавіта для вас і якія былі ў вас бытавыя ўмовы?
— Самым складаным асабіста для мяне, напэўна, было тое, што я не магла бачыцца з сынам, бо ён быў за мяжой. І я разумела, што калі яго ў Беларусь прывезці, то гэта можа выліцца ў нешта вельмі сур'ёзнае, улічваючы тое, як мне пагражалі ў першыя дні зняволення. Таму гэта было, напэўна, самым складаным.
А бытавыя ўмовы там розныя. У калоніі розныя будынкі, і ў розных будынках розныя бытавыя ўмовы. І вось у маім апошнім атрадзе, дзе я была, яны былі жудаснымі. Я думала, што такога больш не існуе нідзе: там, да прыкладу, калі ты сядзіш на ўнітазе, ты каленкамі проста ўпіраешся ў таго, хто сядзіць насупраць цябе. Так, вось такія ўмовы ў гомельскай калоніі.
Такое адчуванне, што сама сістэма проста працуе такім чынам, каб жанчына ўвесь час думала: як бы ёй памыцца? Рэальна ў цябе ні на што больш няма часу. Гэта тваё самае галоўнае імкненне: калі ты да сябе ставішся з павагай, да свайго арганізму, то ты ўвесь час думаеш, як бы табе нармальна паесці і як бы нармальна памыцца. Усё.
«Першае, што я зрабіла, — нармальна памылася, прыняла душ, столькі, колькі мне хацелася»
— Як вас вызвалілі?
— Ну, я ведала, калі мой тэрмін у калоніі скончыцца, —3 траўня, я гэта дакладна ведала. Але, вядома, я таксама ведала, скажам, гісторыю Паліны Шарэнда. Былі такія чуткі, што могуць не выпусціць, што будзе чарговая крымінальная справа. Тым больш, што ў мяне была такая гісторыя: апошнія тры месяцы моцна яны (адміністрацыя калоніі) ціснулі на мяне. З усіх бакоў былі нейкія праблемы, з усіх бакоў быў ціск: і проста прыніжэнне, і ўсё астатняе. Таму было страшнавата.
Але потым, калі ў мяне прайшоў суд і мне прызначылі судом знаходжанне пад наглядам, і нават нягледзячы на тое, што ў мяне было вельмі шмат абмежаванняў па наглядзе, нават у ахоўнікаў было адчуванне, што хух, кшталту нагляд, нармальна, цябе можна не чапаць.
— Калі вас вызвалялі, якія ў вас думкі былі пра тое, што перш за ўсё зрабіць на волі?
— Ну, калі мяне вызвалялі, па-першае, вызвалялі мяне адну, а гэта вельмі вялікая рэдкасць, звычайна па некалькі чалавек вызваляюцца. І я доўга вельмі сядзела адна ў асобным кабінеціку і думала, што нешта, напэўна, ідзе не так, таму што вельмі доўга я сяджу адна, і што нешта адбываецца, і цяпер мяне не выпусцяць. Быў вялікі страх на гэты конт.
І нават калі я выйшла, мяне супрацоўнікі суправаджалі, хоць яны не павінны былі гэта рабіць. Таму ў мяне быў страх, што проста могуць яшчэ нешта атрымаць і тыя людзі, хто па мяне прыехалі.
Але не, дзякуй богу, усё, у прынцыпе, было нармальна. Мяне сустрэлі, падарылі мне мае любімыя ландышы, вельмі шмат. Яны ў нас раслі ў калоніі, але да іх дакранацца было нельга, таму што яны не на нашай тэрыторыі раслі, і гэта ўжо лічыцца парушэннем.
Калі мяне ўжо сустрэлі, то першае, што я зрабіла, калі мы проста паехалі на кватэру, — я нармальна памылася. Нармальна прыняла душ, столькі, колькі мне хацелася, і з тымі сродкамі, з якімі мне хацелася.
Цалкам прачытаць інтэрв'ю з былой палітзняволенай Алесяй Буневіч можна тут.