Хронікі рэпрэсій за 5 ліпеня: з турмаў вызвалілі 18 палітвязняў, Паліну Шарэнда-Панасюк накіравалі на чацвёртую псіхіятрычную экспертызу
У Беларусі не спыняецца канвеер рэпрэсій. З дапамогай незалежных СМІ і праваабаронцаў сабралі асноўную інфармацыю пра пераслед за сённяшні дзень.
***
Аўтары «Новага Часу» Мікола Дзядок і Дзяніс Івашын ужо больш за тысячу дзён знаходзяцца за кратамі. Мікола ўтрымліваецца ў палоне рэжыму 1331 дзень, Дзяніс — 1211.
***
Па стане на 5 ліпеня праваабаронцам «Вясны» дакладна вядома пра 18 палітзняволеных, якія 3 ліпеня выйшлі на волю. Сярод іх — 4 жанчыны і 14 мужчын, у тым ліку асуджаны да 10 гадоў калоніі і хворы на анкалогію Рыгор Кастусёў. Паводле інфармацыі «Вясны», частка палітвязняў выйшлі па памілаванні, а не па амністыі. Праваабаронцы падтрымліваюць інфармацыйную цішыню для бяспекі вязняў, таму пакуль не публікуюць прозвішчы астатніх вызваленых.
***
Сілавікі затрымалі прадпрымальніка з Жодзіна. Відэа з затрыманым апублікаваў блізкі да сілавікоў тэлеграм-канал, піша «Медыязона».
У роліку мужчына кажа, што разам з сябрамі і жонкай браў удзел у пратэстах 2020 года. А таксама на адным з вяселляў, куды запрасілі мужчыну, ён фатаграфаваўся з бчб-сцягам.
Праваабаронцы паведамляюць, што затрыманага завуць Аляксандр Міцкевіч. Па якім артыкуле затрыманы мужчына і дзе цяпер знаходзіцца, невядома.
***
Актывістку «Еўрапейскай Беларусі» Паліну Шарэнда-Панасюк адправілі на чацвёртую псіхолага-псіхіятрычную экспертызу ў Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр псіхічнага здароўя ў Навінках, дзе ў асноўным даследуюць тых, хто падазраецца ў цяжкіх злачынствах.
Пра накіраванне Паліны ў Навінкі яе муж Андрэй Шарэнда даведаўся з афіцыйнага паведамлення. Экспертыза Паліны была прызначаная следствам у межах новай крымінальнай справы супраць яе паводле 411-га артыкула Крымінальнага кодэкса — за «злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы».
Андрэй Шарэнда расказаў «Свабодзе», што вядома пра экспертызу яго жонкі ў Навінках.
«Паліне прызначылі экспертызу, але мы спадзяваліся, што экспертызу правядуць у СІЗА Гомеля, дзе яе цяпер трымаюць. Гэта звычайная практыка адносна асуджаных, якіх з калоніі пераводзяць у СІЗА на час следства. Неабавязкова вязуць у Навінкі, могуць агледзець і ў СІЗА. Але зноў адносна Паліны выкарысталі самы горшы варыянт з магчымых.
Як пра гэта стала вядома? Напярэдадні мы адправілі ёй пасылку, а ўчора ўбачылі афіцыйныя звесткі, што такой зняволенай у СІЗА Гомеля ўжо няма. Гэта азначае, што яе накіравалі ў Навінкі, чаго мы ўсе вельмі баяліся, і яна таксама», — паведаміў Андрэй Шарэнда.
***
Пракуратура Гродзенскай вобласці пачала спецвытворчасць у дачыненні да дзвюх жанчын, якія былі прысуджаныя ў 2021 годзе да «хіміі», але паспелі выехаць з Беларусі да прывядзення прысуду ў дзеянне. Цяпер іх збіраюцца судзіць завочна за інтэрв’ю, якое яны далі «экстрэмісцкім рэсурсам», піша «Белсат».
Паводле матэрыялаў справы, дзвюм жанчынам 53 і 50 гадоў інкрымінуецца «спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці», паведамляе пракуратура Гродзенскай вобласці.
У 2021 годзе суд Ленінскага раёна Гродна пакараў іх за «шэраг экстрэмісцкіх злачынстваў» і накіраваў у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (на так званую «хімію»).
Але да прывядзення прысуду ў выкананне жанчынам удалося выехаць па-за межы Беларусі, і за мяжою яны да жніўня 2022 года далі некалькі інтэрв’ю «экстрэмісцкім фарміраванням». Паводле пракуратуры, у іхн выказваннях утрымлівалася «неабгрунтаваная ацэнка дзейнасці судовай сістэмы, праваахоўных органаў, умоў жыцця і працы грамадзян Рэспублікі Беларусь, паведамлялася пра нібыта парушэнні іх канстытуцыйных правоў на свабоду слова, сходаў, дэманстрацый, недатыкальнасць і гонар асобы».
У пракуратуры Гродзенскай вобласці прыйшлі да высновы пра абгрунтаванасць абвінавачання, дастатковасць сабраных доказаў і ўсебаковасць вывучэння абставін злачынства і накіравалі справу ў суд, кваліфікаваўшы яе паводле ч. 2 арт. 361-4 КК («Вярбоўка, іншае ўцягванне асобы ў экстрэмісцкую дзейнасць, навучанне, а таксама іншае садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці, учыненыя паўторна ці групай асоб па папярэдняй змове»). Паводле гэтага артыкула прадугледжваецца пакаранне абмежаваннем волі на тэрмін ад двух да пяці гадоў або пазбаўленнем волі на тэрмін ад трох да сямі гадоў.
У той жа час пракурор пакінуў без змен раней завочна ўжытую да абвінавачаных меру стрымання ў выглядзе заключэння пад варту.
***
Тэлеграм-канал ГУБАЗіКа выпадкова апублікаваў спіс кантактаў мабільнага нумара, які, верагодна, належыць вядомаму лекару, піша «Зеркало» са спасылкай на праваабаронцаў. Дакумент быў апублікаваны 5 ліпеня ўдзень. Амаль адразу ж файл выдалілі, але праваабаронцы паспелі яго спампаваць. У дакуменце, назва якога супала з нумарам мабільнага тэлефона гродзенскага ўрача Сяргея Зіматкіна, утрымліваўся, верагодна, спіс яго кантактаў.
Сяргей Зіматкін — загадчык кафедры гісталогіі, цыталогіі і эмбрыялогіі Гродзенскага дзяржаўнага медуніверсітэта. Ён — аўтар 700 навуковых публікацый і чатырох падручнікаў. У 2018 годзе Зіматкін атрымаў медаль Францыска Скарыны.
«Ці быў затрыманы лекар, ці ён толькі ў "распрацоўцы" сілавікоў — невядома», — удакладнілі ў «Вясне».
***
Пракуратура Магілёўскай вобласці абмежавала доступ да сайта «Беларускага народнага трыбунала» tribunal.info, паведамляе «Медыязона» са спасылкай на прэс-службу ведамства.
Пракуратура піша, што падставай для блакавання доступу сталі парушэнні сайтам Закона «Аб сродках масавай інфармацыі».
«У прыватнасці, на партале размяшчаліся матэрыялы, якія змяшчаюць прыкметы экстрэмізму, накіраваныя на распальванне сацыяльнай варожасці, дыскрэдытацыю кіраўніка дзяржавы, органаў улады і праваахоўнай сістэмы Рэспублікі Беларусь, а таксама заклікі да арганізацыі і падрыхтоўкі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама да ўдзелу ў іх», — паведамляе прэс-служба.
«Беларускі народны трыбунал» — ініцыятыва, якая займаецца зборам даных пра парушэнні правоў чалавека ў Беларусі, уключаючы выпадкі гвалту і адвольных затрыманняў. Грамадскім прадстаўніком ініцыятывы з'яўляецца былы сілавік Ігар Макар.
***
Старонкі ў сацсетках праекта «Ваеннік БАЙ», які дапамагае прызыўнікам атрымаць адтэрміноўку ад службы ў войску, прызналі «экстрэмісцкімі», гэта вынікае з абноўленага спісу матэрыялаў на сайце Мінінфарма.
«Экстрэмісцкімі» прызнаны: старонка праекта ў «Вконтакте», суполка ў «Аднакласніках», на Фэйсбуку, канал на ютубе і бот у Тэлеграме.
Акрамя гэтага «экстрэмісцкімі» прызнаныя некаторыя матэрыялы выдання MediaIQ: «Сур'ёзны батл на лепшую фабрыку фэйкаў. Беларускія дзяржСМІ абвінавачваюць заходнія медыяў нагнятанні сітуацыі паміж Расіяй і Украінай», «Канстытуцыйны рэферэндум: у цэнтры ўвагі працэдура, а не сутнасць змен» і «Ад "можам абараніць" да "можам паўтарыць" — адзін крок. Як змяніўся мілітарысцкі наратыў у Беларусі».
Таксама «экстрэмісцкай» прызнана старонка ў «Аднакласніках» «Малады фронт. MF20», акаўнты ў Instagram «pachramiejeu» і «dereviashki_palki».
***
Праваабаронцы прызналі палітзняволенымі яшчэ 17 чалавек. Цяпер у спісах палітвязняў можна пабачыць імёны Дзмітрыя Пузікава, Дзяніса Семяніхіна, Дар’і Заяц,Валерыі Драгун, Алены Карпенка, Андрэя Каралёва, Антона Пугача, Алены Дуброўскай, Івана Дзярновіча, Аляксандра Захарчыка, Юрыя Юрчука, Таццяны Макеевай.
Таксама праваабаронцам вядома, што на прымусовае лячэнне адпраўленыя Руслан Зголіч, Дзмітрый Сіўко, Аляксандр Цюпа, Іван Мікша і Аляксандр Сырыца.
***
Як паведамляе Прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага пераходнага кабінета, на сённяшні дзень няма аніякіх звестак ад самых вядомых палітзняволеных: Марыі Калеснікавай — 519 дзён, Максіма Знака — 514 дзён, Мікалая Статкевіча — 510 дзён, Ігара Лосіка — 502 дні, Віктара Бабарыкі — 439 дзён, Сяргея Ціханоўскага — 369 дзён, Уладзіміра Гундара — 336 дзён.
***
Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на дадзены момант у беларускіх турмах утрымліваюцца 1423 палітвязні.
У спісах ініцыятывы «Dissidentby» знаходзяцца 1537 чалавек. Сярод іх — 193 жанчыны і 5 непаўнагадовых. 20 палітвязняў адпраўлены на прымусовае лячэнне.