Вольга Лойка: На што спадзявацца беларускім сядзельцам і іх сем'ям — рашуча не зразумела
Украінцы моўчкі, сціснуўшы зубы, вядуць перамовы з агрэсарам, каб дастаць з яго палону сваіх людзей — у той час, як у гэты палон трапляюць усё новыя і новыя вязні. А беларусы тым часам спрачаюцца наконт таго, ці варта даставаць з турмаў сваіх палітвязняў.
Пяцёра грамадзян Украіны на днях вярнуліся дадому з беларускіх турмаў. Сярод іх — тыя, каго афіцыйна прызналі палітвязнямі, і абвінавачаны ў падрыве расійскага вайсковага самалёта А-50 на аэрадроме ў Мачулішчах Мікалай Швец. Той самы, пра якога беларускае тэлебачанне паказала псеўдарасследаванне «Гаспар на сувязь не выйшаў». Цяпер «Гаспар» на волі.
Наяўнасць замежнага грамадзянства, здаецца, самая сур'ёзная акалічнасць, якая дазваляе спадзявацца на вызваленне з беларускай турмы. У дыскусіях пра беларускіх палітвязняў гэтыя тэмы па-ранейшаму стыгматызаваныя. Толькі заікніся пра пошукі трэка вызвалення хаця б самых уразлівых груп сядзельцаў — і ты ўжо і «гандляр людзьмі», і «адбельвальнік рэжыму», піша Вольга Лойка на «Plan B».
Свабоду закладнікам
«Што я адчуваю, калі мяне называюць акцёрам? Ну, што мне здрадзілі. Я выканаў сваё заданне, сваю частку, дамоўленасць. Далей мусіла быць эвакуацыя. Яе проста не было. Хутчэй за ўсё, мяне хацелі выкарыстаць для іншага задання, а потым наогул забіць, зачысціць. Я быў у такім стане, што я гэтага не бачыў», — скардзіўся Мікалай Швец беларускім прапагандыстам. Відавочна, што сцэнар такіх фільмаў, здымкі якіх у Беларусі пастаўлена на паток, напісаны спецслужбамі. Але герой цалкам мог сапраўды адчуваць сябе кінутым — закрыты ў жудасных умовах СІЗА КДБ, без сувязі з консулам воляй-няволяй паверыш угаворванням «пагонаў», што цябе падставілі, выкарысталі, кінулі.
Але, як і ў выпадку з абменам абаронцаў «Азоўсталі», немагчымае стала магчымым. Сярод іншых абмененых — намеснік старшыні Меджліса крымскататарскага народа, захоплены ў Крыме яшчэ ў 2021 годзе, і двое святароў Украінскай грэка-каталіцкай царквы. Зяленскі расказаў, што пасярэднікамі ў гэтым абмене былі ААЭ і Ватыкан.
«Перамоўны» падыход да вызвалення закладнікаў і палонных чарговы раз спрацаваў. Быў у чэрвені вялікі поспех і ў іншага, сілавога, падыходу. Ізраільскі спецназ вызваліў чатырох закладнікаў, захопленых ХАМАСам. Іншых эфектыўных падыходаў няма, і пра гэта «Plan B» ужо пісаў.
У выніку ўкраінцы і ізраільцяне радуюцца вызваленню сваіх суайчыннікаў. А астатнія, у тым ліку родныя палонных і самі палонныя, — спадзяюцца.
Сядзіце спакойна, не перашкаджайце перамагаць
На што спадзявацца беларускім сядзельцам і іх сем'ям — рашуча не зразумела. Падыходы не мяняюцца з 2020 года. Спярша ўсе добрыя павінны перамагчы ўсіх дрэнных, а там і людзі выйдуць. Калі дажывуць.
Аргументы праціўнікаў перамоў вядомыя: мяняць нам беларусаў-сядзельцаў няма на каго (што праўда, абмен — гэта пра ваеннапалонных звычайна), санкцыі адмяняць нельга (дарэчы, ніхто і не прапаноўваў), ціск трэба ўзмацняць (да якога тэрміну чакаць — не ўдакладняецца). Ды і якая каманда займаецца вызваленнем — не зразумела. Можа, і ніякая. Так, асабістыя намаганні асобных неабыякавых, якім ад «сваіх» дастаецца больш, чым ад рэжыму.
Ва Украіне пытаннямі вызвалення займаецца цэлая каманда. І рыторыкі, маўляў, «пераможам Пуціна, і ўсе вернуцца» або «мы гэтых вызвалім, а Пуцін новых набярэ» не чуваць. «Абавязкова вызвалім усіх нашых!» — абяцае Зяленскі.
Дарэчы, у выпадку вызвалення грамадзянскіх асоб у іх таксама не ішла гаворка пра абмен. Упаўнаважаны па правах чалавека ва Украіне Дзмітрый Лубінец расказаў, што Расія гвалтоўна ўтрымлівае больш за 14 тысяч украінскіх грамадзян, і праца па іх вяртанні — найбольш складаная. Менавіта таму, што ў выпадку грамадзянскіх асоб гаворка ідзе не пра абмен, як з ваеннапалоннымі, а менавіта пра вяртанне.
«Мяняць мы іх не можам, нейкага дадатковага ўздзеяння на Расійскую Федэрацыю ў нас проста няма. У нас няма нават юрыдычнай базы, на падставе якой нам можна праводзіць гэты працэс», — сказаў Лубінец агенцтву «Інтэрфакс-Украіна».
Пяцёра з 14 тысяч — няшмат. Але гэта шалёная радасць для сваякоў вызваленых. І надзея для астатніх.
Па тэрміне ці ніколі
Заснавальніца ініцыятывы «Палітвязынка» Яўгенія Доўгая расказвае, што ёсць зафіксаваныя сведчанні жанчын, якія выйшлі, пра тое, як ім паказвалі каментары пра бессэнсоўнасць спроб вызвалення. А мы, ратуючы кагосьці, штурхаем рэжым на захоп новых закладнікаў. Пра тое, што тых, хто заклікае любой цаной вызваляць аднаго ці дзесяць чалавек называюць «адбельвальнікамі рэжыму».
«Я ведаю гісторыі, калі паказвалі блізу пяці разоў інтэрв'ю з Палінай Шарэнда ў калоніі, а потым некаторым палітвязням на кабінетах паказвалі допісы на гэтую тэму са зместам: "Так выглядае ваша "любым коштам", а да іх каменты а-ля "не вер, не бойся, не прасі". Ведаю гісторыі, як жанчыны разбівалі сабе галовы ў ШІЗА ў літаральным сэнсе слова, дабівалі іх тым, што паказвалі вось гэта вось усё. Я ведаю гісторыю, як жанчыны літаральна звар'яцелі і думалі, што прыляціць зараз верталёт і іх забярэ. Як яны не разумелі, дзе знаходзяцца і казалі на пастраенні "Я пайду зараз у супермаркет"», — піша Яўгенія.
Спярша была ўпэўненасць, што беларускія палітвязні свае тэрміны не адседзяць. Выйдуць раней — героямі і пераможцамі. Потым аптымізм зменшыўся. Што зрабіць, маўляў. Адседзяць і выйдуць. Цяпер па многіх людзях ёсць сумневы, што яны выйдуць хоць бы па заканчэнні прызначанага тэрміну.
Гісторыі Паліны Шарэнда-Панасюк, Змітра Дашкевіча, Эдуарда Бабарыкі і многіх іншых паказваюць, што 411-ты артыкул працуе спраўна, дазваляючы падаўжаць тэрмін зняволення да бясконцасці.
«Камісій смерці», як у Іране, дзе палітвязняў маглі пакараць смерцю па заканчэнні тэрміну зняволення, у нас пакуль няма, але механізмы не адпускаць тых, хто ўладу лічыць сваім ворагам, маюцца.
Беларусь за крок ад уступлення ў вайну, і здаецца, што рашэнне ўжо залежыць не ад Лукашэнкі. Лёсы палітвязняў рызыкуюць выпасці з парадку дня. А людзі акажуцца ў смяротнай небяспецы. У перамовах ужо няма сэнсу? Але ўкраінец, які абвінавачваўся ў пашкоджанні расійскага ваеннага самалёта коштам больш за 300 млн. долпраў, ужо дома.
Лукашэнка спрабуе дзейнічаць, ён не хоча ваяваць і змяніў каманду. Не, гэта не добры час для пачатку перамоваў. Але лепшага можа ўжо не быць.