«У канцэпцыю беларускай турмы не ўваходзіць паняцце "выпраўленне". Турма мусіць калечыць і ламаць»

У жаночую калонію пракладкі цяпер можна будзе перадаць двойчы на год. Здавалася б, ну і што тут такога? Чаго рэжым ужо толькі ні прыдумаў. Але «такое» тут ёсць, і вельмі істотнае: для жанчын гэта асаблівы здзек — калі тыдзень на месяц гэты прадмет гігіены крытычна неабходны, а яго няма.

Ілюстрацыйная выява, згенераваная штучным інтэлектам «Stable Diffusion»

Ілюстрацыйная выява, згенераваная штучным інтэлектам «Stable Diffusion»

Перыядычна я думаю, што горш ужо быць не можа, але кожны раз памыляюся. Улады зноў прыдумалі, як зрабіць жыццё зняволеных жанчын, у тым ліку палітычных, яшчэ больш невыносным. Перадаць у гомельскую калонію пракладкі цяпер можна толькі двойчы на год.

Рабская праца на швейцы, здзекі праз прымус татальна прыбіраць снег узімку (да асфальту), гадзінныя пастраенні і ў спёку, і ў вялізны мароз — гэтага ўсяго аказалася недастаткова. Трэба яшчэ больш здзекаў, бо ў канцэпцыю беларускай турмы на самой справе не ўваходзіць паняцце «выпраўленне». Турма мусіць калечыць і ламаць, піша Наста Захарэвіч на «Свабодзе».


Глядзіце таксама

Адсутнасць ці несвоечасовасць медыцынскай дапамогі, шантаж, пагрозы і прыніжэнні, прымус пісаць прашэнні аб памілаванні і здымацца ў прапагандысцкіх фільмах — усё гэта робіцца для таго, каб жанчыны ламаліся.

У кнізе Святланы Алексіевіч «У вайны не жаночае аблічча» ёсць такі фрагмент: «Ідзем мы. Чалавек дзвесьце дзяўчат. Спёка стаіць, лета, і пасля нас вось такія чырвоныя плямы застаюцца на пяску... Ну як ты тут што схаваеш». Гэтае апісанне з Другой сусветнай вайны хутка, відаць, стане актуальным і ў гомельскай калоніі. Лукашэнка дзесяцігоддзямі паўтарае «Абы не было вайны», але вось уласнымі рукамі (відавочна, што ён кантралюе ўсе новаўвядзенні) стварае жанчынам і вандроўку ў часе, і ўмовы як на вайне. Гэта ён так з жанчынамі не ваюе, трэба разумець.

Былая палітзняволеная Дар’я Афанасьева пасля вызвалення з турмы шмат расказвае, наколькі цяжкія там умовы: «Вольнага часу ў мяне амаль не было. Ты альбо на інвентарных работах, альбо на дзяжурстве, альбо прыбіраеш снег. Калі ён падае, адпачынак забаронены. І колькі ён кладзецца, столькі мы ходзім і чысцім, пакуль не будзе бачны асфальт». Гэта цяжка і ў самыя звычайныя дні, а што калі менструацыя?

А што калі спачатку яе не было некалькі месяцаў, а потым яна ўжо трэці месяц не спыняецца? Уладам, вядома, пляваць. Колькі пракладак дашлюць у перадачы раз на паўгода, столькі і можна выкарыстаць. Інакш круціся як хочаш.


Глядзіце таксама

У TikTok я неяк бачыла акаўнт былой зняволенай з ЗША, якая расказвала, што з адной пракладкі жанчыны там робяць 3–4 тампоны. Амерыканская сістэма таксама не надта клапоціцца пра здароўе і гігіену жанчын, вось і даводзіцца неяк выкручвацца. Праз паўгода-год мы даведаемся, як у новых умовах выкручваюцца беларускі.

Тыя, з кім Лукашэнка не ваюе, і тыя, пра каго так шмат прыгожых слоў кажуць восьмага сакавіка і ў Дзень маці. Мяне гэты спецыфічны святочны пафас раздражняе акурат тым, што ён ніяк не звязаны з рэальнасцю, у якой жывуць жанчыны. На словах шмат клопату, любові і павагі, а на практыцы — калі ўлады маюць магчымасць сапсаваць нам жыццё, яны абавязкова ёю карыстаюцца.

Проста таму што могуць.