У гомельскай калоніі жанчын садзяць у сапраўдную клетку. Што гэта такое?

У жаночай калоніі № 4 (Гомель) існуе шмат пакаранняў, якія зневажаюць чалавечыя гонар і годнасць. Адно з такіх — памяшчэнне палітвязняў у так званую «клетку», якая знаходзіцца на вуліцы паміж жылой і вытворчай зонамі.

Так
намалявала "клетку" палітзняволеная Кася Будзько

Так намалявала "клетку" палітзняволеная Кася Будзько

У рамках «Тыдня супраць катаванняў», які ладзіць «Прававая ініцыятыва» напярэдадні Міжнароднага дня ААН у падтрымку ахвяр катаванняў «Вясна» распавядае, што гэта такое.

Як выглядае клетка?

Яна ўяўляе сабой сапраўдную клетку, даўжынёй каля паўтары метраў, а шырынёй — каля двух. Клетка стаіць паміж жылой і прамысловай зонамі — на прыступках перад варотамі на фабрыку. Гэта прамавугольная клетка з металічнымі прутамі — падобная на тыя, у якіх людзі знаходзяцца падчас суда.

Часта людзей спецыяльна змяшчаюць туды ў халодную пару года, каб пакаранне адчувалася больш востра. Па часе людзі знаходзяцца там звычайна ад гадзіны да трох, некаторыя палітзняволеныя называюць час да чатырох гадзін. Калі ты стаіш да ночы, можаш пазбавіцца абеду. Часцей за ўсё, калі ты трапіў у такую клетку, далей цябе чакае ШІЗА.

За што туды ставяць людзей?

Туды ставяць людзей, якія ў чымсьці правініліся — напрыклад, калі здараецца бойка ці іншы інцыдэнт. Ім можа быць нават нязгода з меркаваннем адміністрацыі або адмова ад працы. Таксама туды трапляюць і для прафілактыкі, каб іншым было відаць, што чалавек здзейсніў нейкую правіну. Пад правінай заўсёды разумеецца вельмі шырокі спектр дзеянняў. Напрыклад, туды адпраўляюць, калі ў чалавека здарылася гістэрыка, каб ён супакоіўся, або за тое, што ў жанчыны няправільна прышыты гузік.

У дыялогу з адной з палітзняволеных начальнік рэжымнага аддзела калоніі сказаў, што ў клетку змяшчаюць людзей на час разбору, пакуль адміністрацыя разбярэцца, зрабіў чалавек нешта не так ці не зрабіў.


Глядзіце таксама

Палітзняволеная ўспамінае: «Ён патлумачыў: гэтая клетка для таго, каб калі адбываецца нейкае парушэнне распарадку дня ці яшчэ чаго-небудзь накшталт правілаў унутранага распарадку, то туды могуць змясціць асуджаную. Звычайна яна знаходзіцца там да высвятлення абставінаў і таго, як яны разбяруцца з гэтым правапарушэннем».

Пасля таго, як чалавека туды ставяць, збіраецца камісія па пакаранні, у якую ўваходзяць людзі з усіх аддзелаў калоніі: аператыўнага, рэжымнага, папраўчага. Абавязкова прысутнічае начальнік калоніі і хтосьці з псіхолагаў.

Як гэта адчуваецца?

Часам яе называюць «клетка ганьбы», бо менавіта з такімі мэтамі туды месцяць людзей. Былая палітзняволеная Дар'я Чульцова назвала гэта аналогіяй ганебнага слупа ў Сярэднявеччы: «Там можна толькі стаяць, у ёй няма нават крэсла, а калі сесці на зямлю, то час знаходжання ў дадзеным «памяшканні» можа павялічыцца. У клетку ставяць пры любым надвор'і і любым настроі. Часта наўпрост адтуль адпраўляюць адразу ў ШІЗА. У ёй няма дзе развярнуцца, дзясяткі людзей праходзяць міма, глядзяць на цябе і думаюць: «Што яна нарабіла?». Адміністрацыя, якая павінна «перавыхоўваць», ходзіць і кпіць».

Адна з палітзняволеных адзначае, што бачыла ў клетцы жанчыну, якая дэманстравала свой пратэст, іншая — дзяўчыну, якая стаяла там і ўвесь час усміхалася.

Праваабаронцы падкрэсліваюць, што ўтрыманне людзей у такой клетцы парушае шэраг нормаў нацыянальнага і міжнароднага заканадаўства.