«У стомленым ад катаванняў целе трымаецца дух свабоды і любові». Андрэй Шарэнда — пра стан палітзняволенай жонкі
Паліна Шарэнда-Панасюк адбыла за кратамі 4 гады зняволення і мусіла выйсці на волю, але на яе завялі новую крымінальную справу. Цяпер яна змешчаная ў СІЗА — а гэта летам для жанчыны асаблівае катаванне.
Маці дваіх дзяцей Паліна Шарэнда-Панасюк была першапачаткова асуджаная на два гады пазбаўлення волі. Потым яе яшчэ двойчы пакаралі па арт.411 Крымінальнага кодэкса за «непадпарадкаванне адміністрацыі». Агульны тэрмін пакарання склаў чатыры цалкам адбытыя гады пазбаўлення волі.
Увесь гэты час жанчына падвяргалася моцнаму псіхалагічнаму ціску і спагнанням у калоніях ПК-4 і ПК-24. Таксама з'яўляліся паведамленні, што яе збівалі ў калоніі.
Пэўны час таму праўладныя каналы апублікавалі «інтэрв'ю» з Палінай. У ім яна сказала, што напісала прашэнне аб памілаванні і спадзяецца на станоўчы вынік. Але спадзевы не спраўдзіліся: у дзень заканчэння тэрміну яе зноў затрымалі і завялі новую крымінальную справу. Адразу пасля гэтага жанчыну змясцілі ў СІЗА. Пра тое, у якім цяпер стане палітзняволеная, у сваім фэйсбуку расказаў яе муж Андрэй Шарэнда:
«Паліна зноў у задушлівай камеры гомельскага СІЗА. Немажлівая спёка, вільгаць і смярдзючы пах з "прыбіральні". Пах, які не перабівае нават едкі дым танных цыгарэтаў. Цяжка дыхаць, пот льецца струменямі. А душ толькі адзін раз у два тыдні. Лета ў камеры СІЗА — гэта катаванне. Асабліва для жанчыны. А Паліна ў СІЗА ўжо чацвёрты раз. Чацвертая крымінальная справа і бясконцы "год сурка"...
Апошнія месяцы для Паліны былі асабліва цяжкімі. Толькі за першыя пяць месяцаў гэта года ў калоніі яе 70 дзён трымалі ў штрафным ізалятары. Фізічны і маральны ціск. Паўгода поўнай ізаляцыі ад знешняга свету. Мы нават і блізка не ведаем, чым Паліне пагражалі, што з ёй рабілі, каб зняць тое прапагандысцкае відэа. І ілжывыя абяцанні, што яна зможа пабачыць сваіх дзяцей, якіх не бачыла тры з паловай гады. І ўрэшце, як удар пад дых, новая крымінальная справа і новы этап. Мы не ведаем, што з Палінай здарылася ў траўні ў калоніі перад этапам, але ў СІЗА яна прыехала амаль без рэчаў. Магчыма, ёй сказалі, што вязуць вызваляць.
Але Паліна вытрымала. У стомленым ад катаванняў целе трымаецца дух свабоды і любові. І гэта дапамагае ёй выжыць. Паліна працягвае барацьбу за гонар і годнасць, барацьбу за жыццё і свабоду.
Паліна просіць перадаць, каб не называлі яе палітзняволенай. Бо ў любога зняволенага, нават палітычнага ёсць тэрмін знаходжання за кратамі. У Паліны няма нават гэтага — яе тэрмін стаў бясконцым. Зараз яна стала закладніцай у руках тэрарыста. Для варʼята-дыктатара Паліна — важная сведка яго злачынстваў, злачынстваў супраць чалавецтва. А для любога злачынцы сведка яго злачынстваў — гэта самая небяспечная асоба.
Таму Паліну немагчыма выкупіць альбо абмяняць. Паліну можна вызваліць толькі сілай».