Арцём Шрайбман: Для сілавікоў падман падазраванага, яго адваката або сваякоў — частка аператыўнага працэсу

Яшчэ нядаўна Паліну Шарэнда-Панасюк мы пабачылі ў прапагандысцкім фільме на «Беларусь 1». Нехта падумаў, што верагодна, гэта трэба было для яе вызвалення. Аднак яе ў трэці раз абвінавацілі ў непадпарадкаванні адміністрацыі калоніі, і цяпер актывістка знаходзіцца ў СІЗА.

Паліна Шарэнда-Панасюк на відэа БТ

Паліна Шарэнда-Панасюк на відэа БТ

Ці працуюць «здзелкі з рэжымам»? І як у гэтых здзелках не быць падманутым, разважае ў «Люстэрку» палітычны аналітык Арцём Шрайбман.

— Цяжка сказаць адназначна (ці працуюць здзелкі з рэжымам — Рэд.), таму што мы не ведаем, якія ўмовы вылучалі сілавікі Шарэнда-Панасюк. Зразумела, збоку гэтая гісторыя выглядае як абсалютна класічны падман. Калі гэта так, гэта быў бы далёка не першы выпадак, калі супрацоўніцтва з сілавікамі не давала асаблівых бонусаў людзям, якія на гэта пайшлі.

Можна ўспомніць справу аб так званай змове супраць Лукашэнкі, у рамках якой былі арыштаваныя Кастусёў, Фядута і Зянковіч. І апошні, нягледзячы на тое, што ён пагадзіўся даць паказанні на іншых удзельнікаў гэтага мерапрыемства, атрымаў самы вялікі тэрмін.

Да многіх людзей, у якіх сілавікі паспяхова вымагалі грошы за іх данаты, якія яны рабілі ў 2020-2021 гадах, потым прыходзілі паўторна і патрабавалі заплаціць яшчэ раз, хоць абяцалі, што гэта будзе разавы плацёж.

Актывістка Таццяна Курыліна даверылася сілавікам, што можа вярнуцца ў Беларусь бяспечна па праграме «Дарога дадому». А потым яе пасадзілі на 4,5 года.

Для сілавікоў падман падазраванага, яго адваката ці нават сваякоў — гэта частка аператыўнага працэсу. Калі гэта можа дапамагчы дастаць з чалавека нейкую інфармацыю ці рабіць нешта іншае, што трэба ўладам, то яны гэта зробяць без нейких згрызотаў сумлення.

І таму, калі ў мяне ў жыцці былі сітуацыі, калі знаёмыя пыталіся, як паводзіць сябе ў падобных выпадках з сілавікамі, калі яны прапануюць падобныя ўгоды, я, зразумела, не даю ніякіх парадаў, але заўсёды папярэджваю, што ніякіх гарантый, што сілавікі, атрымаўшы сваё, выканаюць сваю частку ўгоды, няма.

Але, паўтаруся, бываюць сітуацыі, калі гэтыя здзелкі працуюць. Ёсць абсалютна вядомыя і этычна неадназначныя выпадкі Пратасевіча і Васкрасенскага, якія пайшлі на супрацоўніцтва з уладай, і ўлада пачала іх выкарыстоўваць на пастаяннай аснове ў прапагандзе, але ўсё ж такі наўзамен вызваліла абодвух.

Але былі маральна і менш сумнеўныя выпадкі, калі, напрыклад, рэпетытар Яўген Лівянт з усёй сваёй сям'ёй або спартсменка Надзея Астапчук выйшлі з-пад арышту пасля таго, як пагадзіліся даць даволі абстрактныя інтэрв'ю дзяржаўнаму тэлебачанню, дзе яны проста распавялі, што расчараваліся ў сваіх надзеях і любяць сваю краіну.

І самае галоўнае — мы паняцця не маем, якімі метадамі і аргументамі ў Паліны Шарэнды-Панасюк выбівалі гэтае інтэрв'ю і што ёй паабяцалі наўзамен. Я магу аднолькава лёгка ўявіць сабе як банальны падман, так і тое, што ёй паабяцалі не вызваліць яе з калоніі, а, напрыклад, спыніць нейкія здзекі.

Такія рэчы ніколі не вядомыя да канца іншым назіральнікам. Напрыклад, мая калега па TUT.BY Вольга Лойка ўжо пасля свайго вызвалення дала інтэрв'ю дзяржТБ. А праз нейкі час і ў выніку выканання яшчэ некалькіх умоў на волю выйшла іншая наша калега, Алена Талкачова. Звязаць гэтыя падзеі ў моманце без ведання ўнутраных дэталяў не мог ніякі знешні назіральнік. Але гэтая сувязь была.

І таму самае недарэчнае, што можна рабіць у такіх сітуацыях, — гэта судзіць, абагульняць, рабіць высновы або даваць парады па ўрыўкавай інфармацыі. Здзелка з сілавікамі — гэта, па сутнасці, латарэя, у якой не можа быць ніякіх гарантый і якая, нават калі яна працуе нейкі час, можа потым сарвацца, таму што хтосьці на нейкім узроўні ўлады перадумаў.

Гуляць у гэтую латарэю ці не, пэўна наўрад ці ведае нават той чалавек, якому гэта прапануюць. Але ёй ці яму відавочна лепш бачна, што стаіць на коне, чым нам з вамі.