Памерла маці забітага палітвязня Вітольда Ашурка Алена Міронаўна
Жанчына на тры гады перажыла роднага сына.
Сёння, 27 траўня, не стала маці палітвязня Вітольда Ашурка, якога ў 2021 годзе забілі ў шклоўскай калоніі. Трагічную навіну паведаміла «Радыё Свабода».
Алене Міронаўне Ашурак было 86 гадоў. Яна жыла ў вёсцы Бярозаўка Лідскага раёна. Гэтую вёску вельмі любіў Вітольд, ён абяцаў некаторым сваім сябрам абавязкова паказаць яе, але гэтаму, на вялікі жаль, не было наканавана здарыцца.
Пасля смерці сына Алена Міроўна вельмі схуднела, у яе пагоршылася здароўе, і калі першым часам яна часта наведвала магілу Вітольда, то ў апошнія месяцы ўжо не магла гэтага рабіць.
Нябожчык Вітольд вельмі любіў і шанаваў маці, у лістах з-за кратаў пісаў, што яна прыходзіла да яго ў снах — і гэта яго моцна падтрымлівала.
Свой апошні ліст з няволі Вітольд Ашурак таксама напісаў маці:
«Мая любая мама!
Атрымаў учора перад адбоем Твой ліст і доўга чытаў і перачытваў яго! Ён маленькі — усяго некалькі словаў, але такі эмацыйны і пранізлівы, што аж сэрца сціскаецца!
Я таксама сумую па табе, мама! Тыя людзі, што гавораць, маўляў, дарослым не патрэбная мама, памыляюцца! Я памятаю ўсё, як ты адна гадавала нас з Андрэем, як табе хацелася, каб мы выраслі прыстойнымі людзьмі!
І цяпер мне вельмі важна, каб Ты была здаровенькая і радавалася за сваіх дзяцей і ўнукаў! А яно так і атрымалася! Ты добра выхавала нас з Андрэем! Ніхто не будзе пароць Табе вочы, што Твае сыны злодзеі ці аферысты! Наадварот, мяне пасадзілі менавіта таму, што я казаў праўду, і заклікаў не мірыцца з жулікамі.
Каб я, мама, не ўзначаліў нашую Рэвалюцыю ў Лідзе, то, пэўна, што я сам сябе не паважаў бы! А калі ты ўжо сам сябе не паважаеш, то ці варта чакаць павагі ад другіх людзей? Калі на 135 тысяч людзей Лідчыны ў нас не знайшлося хаця б аднаго, хто ўзяў бы на сябе адказнасць падняць Паўстанне за Праўду, то хто тады будзе нас, беларусаў, паважаць?
На шчасце, у нас цудоўныя людзі, і яны мяне падтрымалі ўсёй душой! А цяпер, калі я часова патрапіў у турму, людзі яшчэ больш падтрымліваюць мяне, дасылаюць лісты і паштоўкі, перадаюць перадачы і перасылаюць грошы, выпісваюць мне газеты і моляцца па ўсёй Беларусі ў цэрквах і касцёлах!
Лістоў столькі, што я ледзь паспяваю адказваць! Я нават пакуль што прыпыніў вывучэнне ангельскай мовы, каб было болей часу на пісанне адказаў. Пішуць з Бярозаўкі і Ліды, Горадні і Мінску, Берасьця і Віцебску, Магілёва і Гомлю! Пішуць з Брытаніі нашыя беларусы, якія з'ехалі за мяжу, але перажываюць за сваю Айчыну! Пішуць беларусы з Бельгіі, Фінляндыі, ЗША і нават беларусы Бразіліі!
Учора за адзін вечар мне прыйшло 17 лістоў! Ідуць тэлеграмы са словамі падтрымкі! Увесь свет ганарыцца і падтрымлівае нас! Мне пішуць беларускія ксяндзы з Мінску і Віцебску, каб павіншаваць з Вялікаднем і выказаць словы падтрымкі і захаплення тым, што мы не мірымся з няпраўдай!
Мама! Людзі паважаюць мяне! Ты выхавала мяне правільна! Упэўнены, што табе гавораць на вуліцы ў Бярозаўцы часта гэтыя словы!
А за мой побыт у турме не пераймайся, калі ласачка! Усё, што трэба, я маю! Тым больш, што Ты ж ведаеш, што я чалавек даволі сціплы!))) Дзяўчаты-валянтэры рэгулярна робяць перадачы, так што ежы хапае, ды я яшчэ дапамагаю тым, каму перадач няма.
Людзі ў камеры ўсе прыстойныя. Прыкладна аднаго са мной узросту. Са шпаной мяне не садзяць! У камеры цёпла. Кожны дзень шпацыры на свежым паветры цягам гадзіны. Людзі ў камеры неканфліктныя. Большая частка — "палітычныя". Мяне паважаюць. Так што падстаў для клопату няма!
Учора прыязджала на "свіданку" Вольга (жонка. — Заўв. рэд.). Дзве гадзіны гаварылі з ёй. Казалі мне, што Ты вельмі сумуеш, але трымаешся малайцом! Трымайся, мама!
Вер, што 5 год я сядзець не буду! Ідуць перамены, і яны прынясуць мне свабоду і сустрэчу з Табой! Памятай, мама, што я абавязкова вярнуся дадому! Моцна-моцна цябе абдымаю!
Твой сын Вітольд.
14.04.2021»
Праз 37 дзён Вітольда не стала, а праз тры гады памерла і яго маці. З сям'і застаўся толькі старэйшы сын Алены Міронаўны, родны брат ВітольдаАндрэй Ашурак, які цяпер знаходзіцца за мяжой.
Рэдакцыя «Новага Часу» выказвае спачуванні блізкім і сябрам сям'і Ашуркаў.