Андрэй Ашурак: Нацысты ў Трэцім рэйху паляць недзе ўбаку

Давесці да канца справу Вітольда важна для ўсяго грамадства, лічыць яго брат Андрэй Ашурак.

Вітольд Ашурак. Фота з сацсетак

Вітольд Ашурак. Фота з сацсетак

Андрэй Ашурак, брат Вітольда, заклікае былых вязняў, якія вызваліліся з ПК №17 і нешта ведаюць пра абставіны смерці яго брата, распавесці пра іх праваабаронцам. Зрэшты, і цяпер ужо вядомыя шматлікія факты. Адкак крымінальная справа з-за смерці Вітольда не заведзена

Андрэй Ашурак распавёў гарадзенскім праваабаронцам пра крымінальную справу з-за смерці брата за кратамі.

Нагадаем, 21 траўня 2021 года ў шклоўскай калоніі №17 загінуў палітзняволены актывіст Вітольд Ашурак. Гэта адбылося ў камеры №21. Следчы камітэт заявіў, што смерць палітвязня не мела крымінальнага характару, і да гэтага часу не завёў крымінальнай справы.

Афіцыйная прычына смерці Вітольда — спыненне сэрца, але ўжо ёсць каля дзясятка сведчанняў былых вязняў ПК №17 пра ціск і жорсткія ўмовы ўтрымання Вітольда, а таксама катаванні ў гэтай калоніі. «Вясна» паразмаўляла з Андрэем Ашуркам пра сведчанні вязняў, якія ўтрымліваліся з Вітольдам у калоніі, а таксама пра расследаванне справы і аднаўленне справядлівасці.

«Дзякуючы былым вязням і праваабаронцам, гэтая справа ўжо раскрытая»

За гэтыя два гады крымінальная справа па факце смерці Вітольда ў калоніі так і не была распачата. Камунікацыя Андрэя Ашурка са следчым, які праводзіў праверку, канчаткова скончылася яшчэ ў сярэдзіне снежня 2021 года.

«Цяпер афіцыйнага руху няма наогул. А што яны могуць у гэтым кірунку зрабіць, калі трэба арыштаваць тых, хто гэта здзейсніў? Яны ж не могуць завесці крымінальную справу супраць саміх сябе. Гэта ж сістэма».

Андрэй дадае, што магчымасці ёсць звязвацца з Польшчы са следчымі органамі Беларусі, але ён не бачыць у гэтым сэнсу.

«Тут лепш за ўсё цяпер збіраць сведчанні ад людзей, якія выходзяць з калоніі №17. Насамрэч, гэтая справа ўжо раскрыта. Дзякуючы былым вязням і праваабаронцам. І вядомыя прозвішчы тых, хто гэта зрабіў і давёў Вітольда да такога стану, што ён памёр. Але слова «памёр» — гэта не тое слова, якое трэба ўжываць тут, бо яго забілі». 

«Чытаць такое няпроста, паверце мне»

Сапраўды, з’яўляецца ўсё больш і больш сведчанняў пра ўмовы ўтрымання Вітольда і ціск на яго ў шклоўскай калоніі. Андрэй распавядае, што чытае ўсе інтэрв’ю з былымі вязнямі шклоўскай калоніі, хоць і цяжка яму гэта даецца.

«Канешне, я чытаю гэтыя сведчанні… Але чытаць такое няпроста, паверце мне. Балюча гэта ўсё. У мяне гэтыя карціны ўсплываюць перад вачыма. Але даводзіцца гэта ўсё чытаць».

Андрэй Ашурак заклікае былых вязняў, якія вызваліліся з ПК №17 і нешта ведаюць пра абставіны смерці яго брата, распавесці пра іх праваабаронцам.

«Нам патрэбны ўсе дэталі таго, як гэта здарылася. Давесці да канца справу Вітольда важна для ўсяго грамадства, каб не быў абыдзены прынцып непазбежнасці пакарання. Каб у будучыні кожны, хто служыць у МУС, войску ці яшчэ дзе-небудзь, ведаў, што калі ён зробіць штосьці такое не па законе, то ў любым выпадку ён будзе сядзець у турме. Расследаванні спраў трэба рабіць па ўсіх забітых і закатаваных.

Цяпер у калоніі памёр яшчэ адзін палітзняволены Мікалай Клімовіч — вы што, не ведалі, што ў яго хворае сэрца?! У вас што, канвеер?» — звяртаецца мужчына напрыканцы да суддзяў. 

«Мы будзем помніць гэта ўсю дарогу і не дамо забыцца ім»

Пры гэтым Андрэй разумее, што былыя вязні, якія вызваляюцца са шклоўскай калоніі, вельмі баяцца дзяліцца перажытым там.

«Гэтыя людзі, канешне, вельмі запалоханыя. Мне адзін вязень распавядаў, што яны [супрацоўнікі калоніі] рабілі там — проста страх боскі! Таму я не здзіўлены, што гэтыя людзі такія запалоханыя і баяцца. Пасля яго аповедаў і таго, што прачытаеш ад іншых былых вязняў, пачынае здавацца, што нацысты ў Трэцім рэйху паляць недзе ўбаку… Ні адзін нармалёвы чалавек не можа рабіць такіх рэчаў: збіваць, катаваць, ціснуць. Што вы робіце?! А пасля гэтага яны ж ідуць дахаты да жонак і кажуць, што стаміліся на працы. Ну-ну, вось такая і праца…»

Андрэй перакананы, што справядлівасць у Беларусі адновіцца і вінаватыя ў смерці ягонага брата панясуць адказнасць за гэта.

«Як зменіцца рэжым, то гэта пойдзе з такой хуткасцю, што дай Бог. Справа Вітольда — гэта асабістая справа, таму я ў любым выпадку знайду вінаватых, куды б яны не з’ехалі і дзе б не схаваліся. Бо яны зрабілі такое, на што я не забудуся ніколі. Я ўпэўнены, што гэта скончыцца, бо вайна гэта ўсё паскорыла. Мы будзем помніць гэта ўсю дарогу і не дадзім забыцца ім». 


«Трэба нагадваць, што ў нас тысячы людзей за кратамі пад пагрозай смерці і катаванняў»

Брат загінулага ў калоніі палітвязня Вітольда Ашурка заклікае ўсіх беларусаў далучацца да Дня палітзняволеных Беларусі.

«Хацелася б, каб было як мага больш людзей на мітынгах у розных гарадах свету. Дзень палітвязняў… У нас у Беларусі ёсць Дзень палітвязняў — гэта ж нонсэнс! Мне шкада, што гэта дзень смерці майго брата, бо я хачу, каб ён жыў. Але, калі так атрымалася, што гэта першы палітзняволены, які быў наўпрост забіты ў турме… А палітзняволеных у нас тысячы. Трэба ўсяму свету нагадваць, што ў нас у Беларусі людзей катуюць і забіваюць у турмах толькі за тое, што яны не згодны з уладамі. Трэба нагадваць, што ў нас тысячы людзей за кратамі пад пагрозай смерці і катаванняў. І што робяць з людзьмі ў турмах, мы дазнаёмся ўжо пасля таго, як яны выходзяць на волю. Таму трэба ўвесь час нагадваць свету ўсімі магчымымі спосабамі пра гэта і выцягваць людзей з турмаў».