Юрась Дзяшук: «Вітольд да гэтых часоў жывы…»
21 траўня 2021 года ў шклоўскай калоніі загінуў Вітольд Ашурак. Шчыры патрыёт, палымяны і нязломны барацьбіт паклаў сваё жыццё за Беларусь і яе лепшую будучыню. Імя беларускага пакутніка ўжо назаўжды ўпісанае ў старонкі найноўшай гісторыі нашай краіны. Сёння яму б споўнілася 54 гады...
Сваімі ўспамінамі пра Вітольда Ашурка з «Новым Часам» дзеліцца яго блізкі сябра, зямляк і паплечнік, журналіст Юрась Дзяшук.
«На Вітольда дужа паўплывалі падзеі Плошчы-2010»
— Я пазнаёміўся з Вітольдам падчас падзей Плошчы-2010 года, — апавядае суразмоўца. — У апублікаваным праваабарончым цэнтрам «Вясна» спісе затрыманых я прачытаў: «Вітольд Ашурак, 12 сутак, Бярозаўка». Тады я яшчэ не ведаў яго асабіста, але падумаў: «Файна, што і наш бярозаўскі хлопец у гэтым пратэсце прадстаўляе нашую маленькую Бярозаўку».
Пасля таго, як Вітольд выйшаў з сутак, мы ўжо пазнаёміліся асабіста. Нас звёў агульны знаёмы. Высветлілася, што мы з Вітольдам выраслі ў адным доме-пяціпавярховіку, але жылі ў розных пад’ездах. Паколькі ён старэйшы за мяне на пятнаццаць гадоў, мы не перасякліся раней. Ён вырас і пайшоў у самастойнае плаванне, на здымную кватэру, а я яшчэ ў той час у школу хадзіў. Але дагэтуль у гэтым доме жыве яго мама Алена Міронаўна, ёй 86 гадоў.
Вітольд казаў, што на яго светапогляд дужа паўплывалі падзеі Плошчы-2010, яго вельмі ўразіла тое, што адбылося, знаёмствы з затрыманымі на Акрэсціна. Ён стаў вельмі актыўна ўдзельнічаць у палітычных мерапрыемствах, пачаў паступова пераходзіць на беларускую мову.
Мы шчыльна пасябравалі. Разам ладзілі і бралі ўдзел у палітычных, экалагічных акцыях, Вітольд вельмі пераймаўся экалагічнай сітуацыяй у Бярозаўцы.
Мы разам змагаліся супраць шкоднай вытворчасці шклаваты на заводзе «Нёман», супраць забруджвання нашай ракі Дзітвы. Але нашае сяброўства не абмяжоўвалася толькі сумеснымі палітычнымі акцыямі.
Вітольд быў вялікім аматарам кавы. Я, здаралася, гуляю па горадзе, мне сумна, тэлефаную Вітольду, кажу: «Зайду да цябе на каву». А ён толькі гэтага і чакаў! Заўсёды быў вельмі рады сябрам. Жыў ён у цэнтры горада, у хрушчоўцы. Памятаю, як часта мы сядзелі на яго маленькай кухні і пра што толькі там не размаўлялі.
«Ніколі не крывіў душой, бараніў беларушчыну»
— Якім Вітольд быў чалавекам? Якім ты яго запомніў?
— Для мяне Вітольд дагэтуль жывы. Амаль што кожны дзень я думаю пра яго, пра тое, што магло б адбыцца, калі б яго не забілі, ці наадварот не адбыцца.
Ён быў вельмі шчыры, ніколі не крывіў душой, быў вельмі разумны, інтэлігенты, эрудаваны. Вітольд вельмі шмат чытаў і быў выдатным суразмоўцам, экспертам у любой тэме. Хоць ён і працаваў на будоўлі, а папярэдне на шклозаводзе «Нёман» у Бярозаўцы, гэта быў шляхетны чалавек.
Часта я браў у яго каментары для «Радыё Рацыя»: Вітольд вельмі добра ставіўся да прэсы, быў лёгкім суразмоўцам. Бывае, тэлефаную яму, кажу: «Вітольд, патрэбны каментар». Пад’язджаю да яго на працу, а ён выходзіць у завэдзганай будаўнічымі матэрыяламі спяцоўцы, але ўсё роўна выглядае па-шляхецку.
Да кожнага чалавека, нават калі той быў нашмат маладзейшы, Вітольд звяртаўся на «вы», а да жанчын і дзяўчат — «Пані».
Вітольд шмат паліў. І выключна чырвоны «Фэст», іншых цыгарэт не прызнаваў. І прыкурваў толькі запалкамі, якія ніколі не выкідаў у траву ці на тратуар. Стаіш вось так з ім, размаўляеш, а Вітольд круціць запалку ў пальцах, але ніколі не кіне яе на зямлю. Толькі ў сметніцу. А калі па дарозе да сметніцы знойдзе яшчэ якую паперку на зямлі, то і яе падбярэ і выкіне.
Вітольд вельмі мяккі, высакародны чалавек. Але калі гутарка ішла пра таптанне справядлівасці і маралі, мог зрэагаваць даволі рэзка. Быў выпадак, калі ў гродзенскім СІЗА Вітольд даў па твары вяртухаю за тое, што служака абразіў беларускую мову.
Аднойчы мы сядзелі з Вітольдам у скверыку, я браў у яго каментар для «Радыё Рацыя», мы размаўлялі па-беларуску. І тут да нас падыходзіць агульны знаёмы і пачынае наязджаць, маўляў, што вы тут па-беларуску размаўляеце, вы — бэнээфаўцы і гэтак далей. Вітольд прыйшоў у лютасць і вельмі рэзка адказаў крыўдзіцелю. Усё, што тычылася беларушчыны, сябра бараніў апантана. У астатнім ён быў вельмі спакойны, спагадлівы. Разам з тым упарты. Калі даходзіла да нейкіх спрэчак, то Вітольд адстойваў свой пункт гледжання да канца.
«Мы казалі Вітольду, каб з’язджаў»
— Калі яго затрымалі ў жніўні 2020 года, а пасля выпусцілі, на ім віселі пяць адміністрацыйных спраў за мітынгі ў Лідзе і яго пачалі цягаць у Следчы камітэт, бо ўзбудзілі справу па 342 артыкуле, я і іншыя сябры казалі Вітольду, каб ён з’язджаў. Мы ведалі ўжо тады, што з яго не злезуць, — згадвае Юрась. — Але Вітольд нам пярэчыў, казаў: «А чаму я мушу з’язджаць? Я ж не злодзей. Гэта яны злодзеі, хай яны і едуць. А я застануся ў Беларусі».
Нейк гулялі з ім па Бярозаўцы, гэта была восень 2020-га, было цудоўнае надвор’е, бабіна лета. Я зноў пачаў пераконваць сябра, каб той з’язджаў. Вітольд тады вельмі спакойна адказаў мне: «Ну пасадзяць, дык пасадзяць. Адседжу, выйду. Не я першы, не я апошні». Вітольд нават уявіць сабе не мог, што яго там заб’юць.
Ведаючы ўпартасць сябра, уяўляю, якой косткай у горле ён быў для турэмнікаў.
«Здолелі перамовіцца з Вітольдам праз каналізацыю»
— Ці была ў цябе магчымасць камунікаваць з Вітольдам пасля яго арышту? Мо лісты якія даходзілі раз-пораз?
— Так. У дваццатым з ліставаннем было яшчэ больш-менш. Я атрымаў ліст ад Вітольда напярэдадні яго суда, прыкладна за тыдзень да пасяджэння. Сябра пісаў, што хутка вернецца, што сходзім з ім у бар «Столе» ў Бярозаўцы. Гэты бар, названы ў гонар Юліуса Столе, адкрыўся ўжо ў часе знаходжання Вітольда за кратамі. Вітольд, дарэчы, вельмі актыўна змагаўся за ўсталяванне помніка Столе, які, на жаль, дагэтуль не паставілі.
А пасля мы нават камунікавалі голасам — праз «панараму», гэта значыць — праз умывальнік. Вітольда асудзілі васямнаццатага студзеня 2021 года, а дваццатага студзеня затрымалі мяне, каля дома брата Вітольда Андрэя.
Пазней Андрэя адпусцілі, а мяне пакінулі за кратамі на 72 гадзіны — ужо ў межах крымінальнай справы. Мне шылі другую частку артыкула 339 — «злоснае хуліганства, здзейсненае групай асобаў». Мяне абвінавацілі ў тым, што нібыта падчас суда над Вітольдам я арганізаваў беспарадкі, крычаў.
І вось мяне кідаюць у ІЧУ, у якім у той момант знаходзіўся Вітольд, чакаючы этапу ў гродзенскае СІЗА. Я быў у камеры з двума крымінальнікамі. «А цябе за што?» — пытаюцца тыя. Кажу: «Ну вось, быў пазаўчора на судзе ў Вітольда Ашурка…». Сукамернікі кажуць: «Дык мы ведаем Ашурка, ён у суседняй камеры сядзіць». Я ўзрадаваўся, кажу: «О, добра».
Мае мацёрыя сукамернікі кажуць: «Дык давай мы вам перамовы арганізуем», зарвалі з умывальніка шланг і пачалі ў яго гукаць: «Вітольд! Вітольд!»
Сябра адразу адгукнуўся, і мы з ім пагаварылі праз каналізацыю. На наступны дзень яго вывелі на этап і паставілі тварам да сцяны ў калідоры. Як раз каля маёй камеры. Праз дзірачкі і шчыліны дзвярэй я ўбачыў яго джынсы і пытаюся:
— Вітольд, гэта ты?
— Так, Юрась, я
— Як ты там, што там?
— Зараз мяне на Гродна этапуюць. Ты, Юрась, трымайся, усё будзе добра, цябе выпусцяць.
— Вітольд, дык а што перадаць знаёмым, родным?
— Андрэю (брату Вітольда Ашурка — В.К.) перадай, няхай трымаецца, усё будзе добра. Жонцы таксама.
— Дык а што перадаць Міронаўне (маці Вітольда Ашурка — В.К.)?
— Маме перадай, што я яе люблю.
Вітольда павезлі на этап. А мяне пасля адбыцця трох сутак выпусцілі.
Пасля ў Андрэя было кароткае спатканне з Вітольдам праз шкло ў гродзенскім следчым ізалятары. Я, Воля Быкоўская і Сяржук Пантус паехалі разам з Андрэем у якасці групы падтрымкі. Калі той вярнуўся, мы запыталіся: «Ну як там наш сябра?» «Нарагаталіся, нагаварыліся праз шкло. Вітольд у добрым гуморы, у яго ўсё добра», — адказаў брат Вітольда.
Пазней я сеў пісаць сябру ліст. Але думкі не ішлі, на душы было цяжка, маркотна, здолеў напісаць толькі палову і адклаў. А пасля надышло 21 траўня…
«Упэўнены, што Вітольда забілі»
— У той дзень мне патэлефанаваў знаёмы з Бярозаўкі і запытаўся: «Юра, а што, Вітольда забілі?» Я кажу: «Як забілі? Ён жа сядзіць».
У мяне на той момант не было інтэрнэту пад рукой, бо я быў не дома. Увечары, калі дабраўся да хаты і прачытаў навіны, абамлеў. Я не мог паверыць, падумаў: «Не можа быць! Гэта няпраўда, нейкая памылка!» Патэлефанаваў брату Вітольда, нават нічога яшчэ не паспеў запытацца, як Андрэй прамовіў: «Юра, гэта праўда».
Я адразу сеў на ровар і паехаў да яго. Уся сям’я была ў шоку, роспачы. І потым былі вельмі цяжкія дні. Цела Вітольда ж доўга не аддавалі. У чацвер увечары мы даведаліся пра гібель, і толькі ў панядзелак увечары цела Вітольда прывезлі ў Бярозаўку.
Іначай, чым забойствам, я гэта назваць не магу. Яго забілі не стрэлам у галаву, як у часы сталінскіх рэпрэсій, а ўмовамі ўтрымання, катаваннямі ў ШІЗА.
Вітольд ніколі не скардзіўся на здароўе. Ён нават з тэмпературай хадзіў на працу.
Нас перасмыкнула, калі ўбачылі гэтыя цынічныя, змантаваныя кадры, які выклаў Следчы камітэт. Там, дзе Вітольд падае, і неаднойчы.
Тое відэа з камеры ШІЗА Следчы камітэт апублікаваў акурат у той момант, калі малодшы брат Вітольда паехаў забіраць яго цела ў Магілёў. Цела, як я ўжо казаў, доўга не аддавалі. Да самога Мінска брата суправаджала машына з амапаўцамі.
У дзень пахавання нам з Андрэем патэлефанаваў следчы з Ліды і загадаў прыйсці ў СК. Рэч у тым, што я дагэтуль быў падазраваны па крымінальнай справе па Вітольдавым суду, а Андрэй быў у статусе сведкі.
Я кажу следчаму: «Вы ўвогуле ў курсе, што Вітольда забілі? У нас пахаванне». «Так, я чуў, — абыякава адрэагаваў служака. — Але вы ў любым выпадку мусіце прыехаць».
Мы з Андрэем падумалі, што нас хочуць арыштаваць, каб перашкодзіць пахаванню, каб мы не зладзілі нейкую акцыю з гэтай нагоды. Мы набралі следчаму і сказалі, што прыедзем да яго праз дзень.
«Я думаю, што мяне ўдарылі галавой наўмысна. Тое ж самае маглі зрабіць і з Вітольдам Ашуркам»
Пра магчымы спосаб забойства Вітольда Ашурка чытайце ў эксклюзіўным інтэрв’ю былога палітвязня Генадзя Смірнова.
Генадзь адбываў тэрмін у шклоўскай папраўчай калоніі № 17, прайшоў праз здзекі і катаванні, пекла ШІЗА і ПКТ. Сваімі каштоўнымі сведчаннямі былы палітвязень падзяліўся з «Новым Часам».
Вітольд у труне выглядаў вельмі схуднелым. Быў увесь забінтаваны, увесь у гематомах. Адразу былі думкі, што мо гэта не ён. Але калі ўжо пабачылі яго рукі, то зразумелі, што гэта ён.
Сваякам супрацоўнікі морга паведамілі, што выранілі цела Вітольда, калі выцягвалі яго з халадзільніка. Як так можна выраніць цела, не разумею?
«Сілавікі пільнавалі, каб Вітольд не падняўся з зямлі»
— На пахаванні было вельмі шмат людзей, яны неслі кветкі, вянкі да самай ночы. З Ліды, з Наваградка, з усіх куткоў Беларусі... Вітольда любілі і паважалі, ён карыстаўся вялікім аўтарытэтам. І за горад змагаўся, і за экалогію, і за правы людзей.
Бярозаўскія старажылы казалі пасля, што ніколі так шмат людзей не бачылі на пахаваннях, нават калі хавалі кіраўнікоў горада.
Мы вырашылі правезці на катафалку цела Вітольда праз цэнтр горада, бо такога чалавека ў апошні шлях трэба было правесці годна. Каб усе бачылі і ведалі, што гэта пакутнік, забіты за любоў да Беларусі.
Калі мы ішлі, то бачылі, як з крамаў выходзілі і плакалі прадавачкі, увогуле шмат людзей спынялася і плакала.
Пасля пахавання мы, сябры і сваякі, некалькі дзён запар прыязджалі на магілку Вітольда — размаўлялі з ім, усё ніяк не маглі развітацца. І ўсе гэтыя дні на ўзгорку стаяла міліцэйская машына. Пільнавалі, каб той Вітольд не падняўся з зямлі і не пачаў рэвалюцыю.
На гадавіну забойства Вітольда — першую і другую — на могілках таксама была міліцыя. Чаго яны баяцца? Ужо ж няма чалавека. Баяцца памяці, баяцца нашай салідарнасці.
Вітольд да гэтых часоў жывы… Я зараз раблю цыкл перадач пра яго для «Радыё Рацыя» — з тых нашых запісаў, занатаваных яшчэ з 2010 года. Кожны тыдзень, калі я рыхтую новую перадачу і праслухоўваю нашыя размовы, чую голас Вітольда, у мяне бяжыць сляза… Вечная памяць дарагому сябру, жыве Вітольд, жыве Беларусь!
Фотаздымкі з асабістага архіву Юрася Дзешука
Матэрыял быў падрыхтаваны да дня памяці Вітольда Ашурка і Дня салідарнасці з беларускімі палітвязнямі і ўпершыню апублікаваны ў "Новым Часе" 21 траўня 2024