Міжнародная супольнасць: Беларускія палітвязні павінны быць вызваленыя і рэабілітаваныя

Міжнародная супольнасць рэагуе на Дзень салідарнасці з палітвязнямі: «Мы ўспамінаем пра іх кожны дзень».

118107432_328018305060788_9082214177353624176_n_logo.jpg_logo.webp

Праваабарончы цэнтр «Вясна» вызначыў 21 траўня Днём салідарнасці з палітзняволенымі Беларусі. Сёлета будзе ўжо трэцяя гадавіна са дня смерці ў шклоўскай калоніі № 17 палітзняволенага актывіста Вітольда Ашурка. У гэты дзень збіраем рэакцыі міжнароднай супольнасці на гэтую дату.

ЕС выступіў з заявай з нагоды Дня палітвязняў Беларусі

«Сёння ў Беларусі па-ранейшаму каля 1400 палітычных вязняў. Сотні маюць сур'ёзныя праблемы са здароўем, інваліднасць, узрост за 60 гадоў ці псіхічныя разлады.

Іх утрымліваюць незаконна, падвяргаюць катаванням і жорсткаму абыходжанню, у тым ліку пазбаўляюць неабходнай медыцынскай дапамогі.

Рэжым усё часцей робіць сваімі мішэнямі і тых, хто быў вымушаны пакінуць краіну. Еўрапейскі саюз асуджае апошнюю хвалю рэйдаў і канфіскацыі маёмасці палітычных актывістаў, якія ў выгнанні працягваюць сваю дзейнасць у абарону свабоды.

У гэты дзень салідарнасці ЕС патрабуе неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных і заклікае ўлады выконваць міжнародныя абавязацельствы Беларусі ў галіне правоў чалавека, у прыватнасці, забяспечваць доступ да належнай медыцынскай дапамогі без дыскрымінацыі.

ЕС працягне падтрымліваць усіх, хто мужна выступае за незалежную і дэмакратычную Беларусь», — гаворыцца ў заяве ЕС.

МЗC Латвіі і Эстоніі: «Мы патрабуем неадкладнага вызвалення ўсіх палітвязняў!»

«Мы выказваем салідарнасць з усімі палітвязнямі ў Беларусі. З 2021 года ў зняволенні ў Беларусі памерлі 6 палітвязняў. Мы заклікаем да хутчэйшага аказання медыцынскай дапамогі палітвязням, якія жывуць у нястачы, і патрабуем неадкладнага вызвалення ўсіх палітвязняў!» — адзначылі ў МЗС Латвіі.

Да падтрымкі далучыўся і МЗС Эстоніі: «Эстонія падтрымлівае дэмакратычныя памкненні беларускага народа і выступае за безумоўнае і неадкладнае вызваленне ўсіх палітычных зняволеных».

Варшава заклікала Мінск вызваліць палітвязняў

poland_support.jpg

Вызваліць усіх палітвязняў заклікала 21 траўня беларускія ўлады Міністэрства замежных спраў Польшчы.

«Сёння, у дзень палітычных зняволеных, мы заклікаем яшчэ раз вызваліць зняволеных, зняць з іх абвінавачванні і спыніць далейшыя рэпрэсіі», — гаворыцца ў паведамленні ведамства ў сацсетцы X.

Як адзначае знешнепалітычнае ведамства, «не менш за 1.360 палітвязняў, больш за 250 знаходзяцца ў небяспечным для здароўя або жыцця стане».

Да падтрымкі далучыліся прадстаўнікі і прадстаўніцы еўрапейскіх амбасадаў

Прадстаўнікі і прадстаўніцы амбасадаў Эстоніі, Літвы, Польшчы і Швецыі ў розных краінах «сфатаграфаваліся з сімвалам Дня палітвязня ў 2024 годзе — чырвоным сэрцам.

 «Сёння Міжнародны дзень салідарнасці з палітвязнямі ў Беларусі. Разам з калегамі мы скарысталіся магчымасцю прыцягнуць увагу да іх цяжкага становішча. На сёння 1374 палітвязні», — адзначыла ў Х Катрын Годзін, амбасадарка Канады ў Польшчы.

Амбасада ЗША у Мінску: «Усе палітвязні мусяць быць вызваленыя»

«21 траўня мы адзначаем Дзень салідарнасці з палітычнымі вязнямі. Але мы ўспамінаем пра іх кожны дзень, таму што кожны дзень яны несправядліва застаюцца ў зняволенні за веру ў свабодную і дэмакратычную Беларусь.

Усе палітычныя зняволеныя Беларусі павінны быць вызваленыя», — напісала прадстаўніцтва амбасады.

Сталае прадстаўніцтва Польшчы ў Еўрасаюзе выказала падтрымку

Сталае прадстаўніцтва Польшчы ў Еўрасаюзе, якое знаходзіцца ў Брусэлі, выказала падтрымку зняволеным журналістам. Прадстаўніцтва адпаведным чынам аформіла свой будынак. 

palitvjazni___polszcza.jpg

Пастаяннае прадстаўніцтва Рэспублікі Польшча пры Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе ў Вене таксама далучылася да падтрымкі. Адам Галацінскі выклаў у Х фотаздымак.

halacinski.jpeg

Еўрапейская служба знешніх сувязяў: «Мы салідарныя з народам Беларусі»

«Сёння мы адзначаем Міжнародны дзень салідарнасці з палітычнымі зняволенымі ў Беларусі.

Усе палітычныя зняволеныя павінны быць безумоўна вызваленыя і рэабілітаваныя.

Усе вінаватыя будуць прыцягнутыя да адказнасці.

Мы салідарныя з народам Беларусі», — адзначылі ў EEAS.

eeas.webp

Нарвежскі Хельсінкскі камітэт: «Мы хочам прыцягнуць увагу міжнароднай супольнасці да няздольнасці забяспечыць належную медыцынскую дапамогу ў месцах пазбаўлення волі»

«21 мая ў Беларусі адзначаецца Дзень палітвязняў. Палітычныя зняволеныя ў Беларусі ўтрымліваюцца ў жудасных умовах і ім адмаўляюць у медыцынскай дапамозе. Таму тэма гэтага года — права на здароўе і медыцынскую дапамогу ў месцах пазбаўлення волі.

Разам з «Вясной» мы хочам прыцягнуць увагу міжнароднай супольнасці да няздольнасці забяспечыць належную медыцынскую дапамогу ў месцах пазбаўлення волі і ў чарговы раз запатрабаваць ад уладаў вызваліць усіх палітвязняў».

Да салідарнасці далучылася чэшская некамерцыйная арганізацыя «Чалавек у бядзе»

«21 мая — Дзень беларускіх палітвязняў. Беларусь з'яўляецца адной з найменш свабодных краін у свеце. Што тычыцца свабоды прэсы і індэкса дэмакратыі, то Беларусь нязменна займае 153-е месца ў рэйтынгу сярод усіх дзяржаў.

Гэта таксама вельмі высокі паказчык з пункту гледжання колькасці палітычных зняволеных. Паводле звестак беларускай праваабарончай арганізацыі «Вясна», на сённяшні дзень па палітычных матывах у беларускіх турмах знаходзяцца 1374 чалавекі.

Акрамя таго, рэжым самаабвешчанага прэзідэнта Лукашэнкі працягвае закручваць гайкі. Суровыя пакаранні пагражаюць за простае вывешванне чырвона-белага сцяга, які стаў сімвалам супраціву, або за простыя публікацыі ў сацыяльных сетках з крытыкай рэжыму. Больш за тое, некалькі месяцаў таму рэжым пачаў караць былых палітвязняў і іх сваякоў, каб працягваць трымаць беларускае грамадства ў стане страху».

Падтрымку палітвязням выказала Еўрапейская платформа за дэмакратычныя выбары

«Тэма гэтага года — права кожнага зняволенага на ахову здароўя і медыцынскую дапамогу. Неадэкватнае медыцынскае абслугоўванне ў месцах пазбаўлення волі ў Беларусі з'яўляецца сур'ёзнай праблемай, і прынамсі 254 палітычных зняволеных па-ранейшаму знаходзяцца ў зоне рызыкі.

EPDE рашуча салідарная з нашымі беларускімі калегамі і заклікае як беларускую, так і міжнародную супольнасць забяспечыць належнае медыцынскае абслугоўванне ў месцах пазбаўлення волі.

Мы заклікаем да неадкладнага вызвалення нашых калегаў і ўсіх палітвязняў!»

Міжнародны ПЭН далучыўся да падтрымкі: «Заклікаем да неадкладнага вызвалення»

«У Міжнародны дзень салідарнасці з палітычнымі зняволенымі ў Беларусі мы заклікаем да неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх незаконна затрыманых, уключаючы пісьменніка Максіма Знака».

Пастаяннае прадстаўніцтва Швецыі пры АБСЕ: «Мы салідарныя з усімі»

«21 траўня ў Беларусі адзначаецца Дзень палітычных зняволеных. Мы салідарныя з усімі імі і заклікаем улады забяспечыць належную медыцынскую дапамогу ў месцах пазбаўлення волі. Мы патрабуем неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх адвольна затрыманых», — гаворыцца ў паведамленні.

Альянс лібералаў і дэмакратаў за Еўропу ў Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы (ALDE-ПАСЕ): «Яны павінны быць вызваленыя і рэабілітаваныя»

«21 траўня — Дзень салідарнасці з палітвязнямі ў Беларусі. Каля 1500 праваабаронцаў, журналістаў, навукоўцаў, палітычных дзеячаў і актыўных грамадзян знаходзяцца ў турмах. Яны павінны быць вызваленыя і рэабілітаваныя».

Міжнародная арганізацыя «Індэкс цэнзуры»: «Рэжым Лукашэнкі саджае людзей за краты за тое, што яны выступаюць у абарону дэмакратыі»

ind_cen.jpeg

«Індэкс цэнзуры» апублікаваў «Лісты ад зняволеных Лукашэнкі» — гэта сумесны праект «Індэкса цэнзуры» ў партнёрстве з Беларускім Свабодным тэатрам, фондам «Дом правоў чалавека» і Politzek.me.

«Рэжым Лукашэнкі саджае людзей за краты за тое, што яны выступаюць у абарону дэмакратыі. Калі ласка, прачытайце словы тых, каго дзяржава спрабавала прымусіць замаўчаць».

Дзень палітвязняў падтрымала асацыяцыя «VIENNA ges EUROPE»

Прэзідэнтка асацыяцыі «VIENNA ges EUROPE» Каці Шнеебергер выклала ў X допіс, дзе прадэманстравала падтрымку беларускім палітвязням.

Фінскі палітык Орас Цюнкюнен стаў хросным палітзняволенай Алесі Лянцэвіч

cjunkkjunen.jpeg

«Сёння, у дзень салідарнасці з палітвязнямі ў Беларусі, я праінфармаваў амбасаду, што я стаў хросным палітзняволенай Алесі Лянцэвіч. Я выказваю падтрымку Лянцэвіч, якая несправядліва пазбаўленая волі.

Мая салідарнасць распаўсюджваецца на ўсіх палітвязняў у Беларусі.

Мы не спынімся, пакуль усе яны не будуць вызваленыя», — адзначыў палітык.