«Трымаецца, просіць аб малітве»: Святар Генрых Акалатовіч – паўгода ў зняволенні

Ксёндз Генрых Акалатовіч пісаў, што ні ў чым не вінаваты. Цяпер стала вядома, што арыштаваны не толькі святар, але і двое парафіянаў. У чым абвінавачваюць святара, афіцыйнай інфармацыі няма, а неафіцыйна ходзяць чуткі пра «здраду дзяржаве».

henryh_akalatovicz_1.jpg

Мінула паўгады з таго часу, як быў затрыманы, а затым узяты пад варту пробашч каталіцкай парафіі Святога Юзафа ў Валожыне ксёндз Генрых Акалатовіч, піша katolik.life.

Нагадаем, яго затрымалі 16 лістапада, ва ўрачыстасць Маці Божай Міласэрнасці (Вастрабрамскай), узбудзілі крымінальную справу і трымаюць у СІЗА КДБ у Мінску («амерыканцы»).

З таго часу пра святара, якому споўнілася ўжо 64 гады, практычна нічога не вядома: афіцыйныя органы так і не паведамілі ні абставіны справы, ні тое, у чым абвінавачваюць святара. Больш за тое, нават неафіцыйнай інфармацыяй не валодаюць ні духавенства, ні вернікі архідыяцэзіі.

Аднак Katolik.life пагутарыў з некалькімі людзьмі, каб даведацца хоць якія звесткі пра святара. Паводле вернікаў з парафіі, а таксама тых, хто знаёмы з блізкімі ксяндза Генрыха, следства яшчэ працягваецца. Артыкул, па якім абвінавачваюць святара, не называецца, але мяркуецца, што гэта «здрада дзяржаве».

Арыштаваны не толькі пробашч, але і двое парафіянаў. Гэта гаспадыня, якая гатавала ежу для святара, а таксама пенсіянер — былы камандзір мясцовай воінскай часткі, які ў апошнія гады працаваў у сельгаспрадпрыемстве, быў дэпутатам, дапамагаў парафіі. Воінская частка і касцёл знаходзяцца побач.

«На жанчыну, як мы чулі, ціснуць, каб яна дала паказанні. Бо доказаў віны ксяндза Генрыха няма. Гэта паважаны, заслужаны святар. Нездарма менавіта яго арыштавалі. Праз яго справу ціснуць на ўвесь Касцёл», — выказалі меркаванне вернікі.

Глядзіце таксама

Апошнія два месяцы лістоў ад ксяндза Генрыха Акалатовіча не было, а раней ён пісаў, што не прызнае абвінавачванне:

«Пасля цэнзуры даходзілі толькі абрыўкі лістоў. Ён пісаў, што ні ў чым не вінаваты, што гэта нейкае непаразуменне і заўсёды прасіў аб малітве, бо мае надзею толькі на Бога».

Нягледзячы на адсутнасць лістоў вядома, што ксёндз Генрых і цяпер трымаецца ў добрым духу, не скардзіцца:

«Ён не прывык скардзіцца. Але можна ўявіць, як яму цяжка па здароўі пераносіць зняволенне — у яго практычна выразаны страўнік, было некалькі аперацый».

Вернікам перадавалі, што пра справу ведаюць у Ватыкане і займаюцца ёй, «хоць працэс ідзе марудна»:

«Маем надзею, што Папа Рымскі зможа паўплываць. Некаторым ужо снілася, як ксёндз Генрых выйшаў на волю і зноў адпраўляе Імшу ў касцёле».

Афіцыйна нічога не паведамлялася пра меркаваны клопат Ватыкана на гэты конт — у адрозненні ад выпадку, калі па аналагічным абвінавачванні ў СІЗА КДБ трымалі іншага каталіцкага святара, а праз паўгады адпусцілі, не атрымаўшы доказаў ягонай віны.