«Турэмнікі ўдарылі мяне галавой наўмысна. Тое ж самае, думаю, зрабілі і з Вітольдам Ашуркам»

49-гадовы Генадзь — бацька-адзіночка і земляроб з Ляхавічаў. У 2021 годзе быў асуджаны да двух з паловай гадоў калоніі  ва ўмовах узмоцненага рэжыму за нібыта супраціў міліцыянту і абразу Лукашэнкі. Тэрмін адбываў у ПК-17 у Шклове. Палітвязень адседзеў яго цалкам, выйшаў на волю ў снежні 2023 года і некалькі тыдняў таму разам з сынам выехаў з Беларусі. 

Генадзь і Вячаслаў Смірновы

Генадзь і Вячаслаў Смірновы

Пра пекла шклоўскай калоніі і іншыя выпрабаванні Генадзь распавёў «НовамуЧасу».

«Здаралася, па два разы на дзень затрымлівалі»

— Я заўсёды быў супраць Лукашэнкі і створанай ім сістэмы, усім сябрам і знаёмым так і казаў: «Мы жывем за калючым дротам», — апавядае Генадзь. — У дваццатым годзе, пасля маштабных фальсіфікацый вынікаў выбараў, пасля гвалту ў стасунку да беларусаў я пачаў закіпаць яшчэ больш. Не мог змірыцца з гэтым кашмарам. Ну як такое можа быць у дваццаць першым стагоддзі ў цэнтры Еўропы? Пачаў дзейнічаць яшчэ больш актыўна і рашуча. 

Здаралася, мяне па два разы на дзень затрымлівалі. Кідалі на суткі, абкладалі штрафамі. Міліцыянты нават мой ровар забралі — маўляў, на пакрыццё сумы штрафаў. 

Пасля акцыі памяці Рамана Бандарэнкі ў Ляхавічах затрымалі амаль усіх удзельнікаў. Штрафы прысудзілі драконаўскія. Мне далі 40 базавых.

Але я не спыніўся. Як я мог? 

«Участковы расшпіліў кабуру, каб прыстрэліць нашага сабаку»

18 сакавіка 2021 за бацькам і сынам Смірновымі прыйшлі. Напярэдадні Генадзь і Вячаслаў расклейвалі па Ляхавічах улёткі.

— Напачатку да нас грукаўся супрацоўнік МНС. Дзверы мы не адчынілі, — згадвае Генадзь. — Неўзабаве прыйшоў чалавек у цывільным. Як высветлілася потым, гэта быў капітан Ляхавіцкага РАУС Андрэй Чаранкевіч, які нядаўна памёр, а напярэдадні смерці атрымаў званне маёра. 

Бачыце, кара знайшла яго. Але шкада, што не дажыў да суда: вельмі хацеў бы ўбачыць яго ў кайданках.

Маёр Андрэй Чаранкевіч, фота з інтэрнэта

Маёр Андрэй Чаранкевіч, фота з інтэрнэта

У хуткім часе сын Слава паехаў на вучобу, але ў завулку па дарозе да ўніверсітэта яго ўжо чакалі сілавікі. Пільнавалі адмыслова. Ведалі, што сын будзе ісці менавіта гэтай дарогай. 

Я быў у хаце, гуляў у шахматы ў тэлефоне, як раптам заўважыў бакавым зрокам, што чалавек дзесяць валакуць сына. Адразу выключыў мабільнік, хуценька схаваў у надзейнае месца, выскачыў у шлёпанцах на вуліцу, а мне ў гэты момант з трох бакоў пачалі соваць у твар службовыя пасведчанні. Убачыў, што збоку двое міліцыянтаў валакуць Славіка, а ўчастковы, маёр Сяргей Гамісаравіч Ісаханаў расшпільвае кабуру, каб прыстрэліць нашага сабаку, якога сын паспеў спусціць у часе аблавы.

Генадзь Смірноў з сабакам

Генадзь Смірноў з сабакам

Я хутка зарыентаваўся, падбег да сабакі і ўзяў яго на рукі. Пытаюся: «Куды везяцё сына?» Міліцыянты схлусілі, што Слава сядзіць у машыне. Насамрэч, як аказалася пазней, сын у гэты час ужо быў у РАУС, сядзеў там у кайданках. 

Візіцёры правялі ператрус, але, дзякуй богу, не знайшлі торбу з улёткамі і трафарэтамі. Знайшлі паперку з вершам, які я напісаў у часе пратэстаў і зачытваў на Маршах:

«Дорогие белорусы! 

Мы сегодня вдоль домов шагаем грустно,

Так как впереди ОМОН.

Но придет и наше время!

Свергнем лукашизм с земли,

Станем с флагом бел-чырвона-белым

В стране для жизни, милые мои»

Гэты верш сілавікі прыклалі да крымінальнай справы: бацьку і сыну, як высветлілася, шылі абразу Лукашэнкі.

«Хацелі ўзняць дух людзей»

Пасля ператрусу Генадзя таксама забралі. Смірновых змясцілі ў ІЧУ, дзе яны сядзелі ў суседніх камерах. Генадзь аб’явіў сухую галадоўку. У камеры да Смірновых увесь час падсаджвалі «качак» — гэтыя эпізоды пасля фігуравалі ў матэрыялах крымінальнай справы. 

Праз тры дні мужчын выпусцілі пад падпіску аб нявыяздзе. 

Гісторыя сына Генадзя — Вячаслава Смірнова

Нягледзячы на адкрытую крымінальную справу, Генадзь узяў удзел у чарговай акцыі пратэсту ў Ляхавічах. 

— Мы тады выйшлі з бел-чырвона-белымі сцягамі на шпацыр. Гэта было 3 жніўня — амаль гадавіна з моманту выбараў, — згадвае былы палітвязень — Мы хацелі ўзняць дух людзей. Акцыя скончылася затрыманнямі. Сябру, што быў са мной, далі дзесяць сутак, мне — пятнаццаць. 

На трэція суткі да мяне падсадзілі правакатара. Я кідаў курыць у той момант, а ён усё падбухторваў мяне: «Давай пакурым». Думаю, служакі разлічвалі, што я зарвуся і ўдару яго і такім чынам яны атрымаюць падставу для ўзбуджэння крымінальнай справы за «нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў». Але я трымаўся і не паддаваўся на правакацыі. На восьмыя суткі мне адключылі халодную ваду. Давялося набіраць у бутэлькі гарачую, а пасля астуджваць.

На трынаццатыя суткі супраць мяне ўсё ж сфабрыкавалі новую крымінальную справу: за нібыта супраціў з ужываннем гвалту ў адносінах да міліцыянта. Усё было шыта белымі ніткамі, ніякіх доказаў служакі не мелі. З ІЧУ мяне ўжо не выпусцілі. На волю я выйшаў толькі праз два з паловай гады. 

На судзе віну я не прызнаў. Магчыма, таму што не было ніякіх доказаў, мне далі адносна невялікі тэрмін. Я апасаўся, што ўлепяць гадоў 5-6, бо судзілі мяне па двух артыкулах: за супраціў міліцыянту і абразу Лукашэнкі. 

Напярэдадні арышту многія сябры казалі мне, каб з’язджаў. Я адказваў ім: «Маё сумленне чыстае, я не парушаў ніякіх законаў, ну за што мяне могуць пасадзіць?»

«Камера нагадвала калодзеж»

Генадзь да суда ўтрымліваўся ў баранавіцкім следчым ізалятары, трапляў у карцар. У знак пратэсту трымаў сухую галадоўку. Напярэдадні пакарання палітвязень адчуў сябе блага і папрасіў супрацоўнікаў, каб тыя выклікалі лекара. Калі турэмны медык прыйшоў, то напышліва вымавіў: «Як вы пасмелі патурбаваць мяне ў выходны?» 

Замест аказання медычнай дапамогі Генадзя даслалі ў карцар:

— Некаторы час мяне трымалі ў старым корпусе. Камера нагадвала калодзеж: цёмная, метр восемдзесят на тры, у вышыню метраў пяць, вузкія дзверы, нары з розных па даўжыні дошак, якія напалову закрывалі прыбіральню. Там жа — выгнутая труба з вадой, нібыта кран. Але прамога доступу да вады не было: яе ўключаў супрацоўнік. Высока ўверсе круглае акно, батарэя — у сцяне, цяпла ўвогуле не адчувалася. Дзве бетонныя тумбы — штосьці кшталту стала і крэсла. Падлога таксама з бетону. Жахлівыя ўмовы, сапраўднае сярэднявечча.

У часе знаходжання ў баранавіцкім СІЗА мы, палітвязні, былі перакананыя, што выйдзем на свабоду да канца 2021 года. Пасля думалі, што да Дня Волі ў сакавіку, пасля зноў на штосьці разлічвалі, а пасля проста перасталі наконт гэтага задумвацца, — кажа суразмоўца.

«Да гэтага асуджанага прымяніць усе магчымыя спецсродкі і фізічную сілу»

Генадзь кажа, што ў шклоўскай калоніі ён быў у палоне фізічна, але маральна пачуваўся свабодным. За свае прынцыповасць, дзёрзкасць і мужнасць былы палітвязень больш за 200 сутак правёў у ШІЗА і ПКТ.

— Падчас так званых ранішніх і вечаровых праверак у штрафным ізалятары я адмаўляўся вітацца з кіраўніцтвам і чытаць даклад. Называў свае імя і прозвішча і казаў, што я незаконна асуджаны, — працягвае Генадзь. — Начальнік калоніі Карняенка і яго намеснік білі мяне за гэта па нагах, я пры гэтым стаяў на расцяжцы. Пазней дзяжурны памочнік начальніка калоніі Сазонаў сказаў наўпрост: «Зараз ты тут ляжаш».

Я адказаў яму: «Трэба будзе — лягу».

Глядзіце таксама

Кіраўніцтва пасля збіцця сказала супрацоўнікам: «Да гэтага асуджанага прымяніць усе магчымыя спецсродкі і фізічную сілу». Але я быў гатовы і да гэтага. 

Калі грэўся ў ШІЗА аб батарэю, атрымаў апёкі на нагах і руках. Батарэі былі вельмі гарачыя. Але саму камеру яны не абагравалі, у памяшканні адмыслова ствараўся скразняк, акно было адчыненае на вуліцу, акно на дзвярах таксама. А на вуліцы ў гэты момант было прыкладна мінус пятнаццаць градусаў мароза. У такіх варунках я знаходзіўся 10 сутак. 

Калі сядзеў у ПКТ, напісаў лісты дамоў, але адміністрацыя іх не даслала. Мая сям’я месяц не ведала, дзе я і што са мной. Пазбавілі мяне і пасылкі: даслалі яе назад сваякам. 

Калі мяне месяц трымалі ў ШІЗА ў лістападзе, то марылі голадам: у алюмініевую міску клалі лыжачку ежы. 

Ежа ўжо пачала мне папросту мроіцца. 

«У забойстве Вітольда не апошнюю ролю адыграў начальнік рэжымкі Карчэўскі»

— Калі перавялі ў ПКТ, нарэшце дазволілі атаварыцца. Я папрасіў заўгаса купіць мне тое-сёе на ўсю дазволеную суму. А ён прынёс мне абы што, кававы напой замест кавы, і закупіўся толькі на частку сумы. Я адмовіўся браць гэтую атаварку, турэмнікі адрэагавалі на мой пратэст вельмі агрэсіўна: крычалі, прыніжалі, павялі на «голы шмон», — успамінае Генадзь. — Назад у камеру вялі вельмі хутка і ўніз галавой, крычалі. Асабліва шчыравалі начальнік рэжымкі Карчэўскі (асуджаныя далі яму мянушку «Маргарын») і яго намеснік Галанаў.

Раптам заўважаю, што мяне вядуць наўпрост галавой у металічныя дзверы, што былі адчыненыя наросхрыст. Я прытарможваю, але галаву ззаду ўсё роўна разбіваю да крыві. Калі б я не зрэагаваў, удар быў бы нашмат мацнейшы, не выключаю, што чэрап раскалоўся б надвае… А так «адкараскаўся» шышкай.

Думаю, тое ж самае турэмнікі маглі зрабіць і, хутчэй за ўсё, зрабілі з Вітольдам Ашуркам. І што ў яго забойстве не апошнюю ролю адыграў Карчэўскі.

Глядзіце таксама

Я сказаў турэмнікам, што буду пісаць на іх скаргу і аб’явіў сухую галадоўку. За гэта яны дадалі мне яшчэ сем сутак ШІЗА. 

Праз пару дзён я заўважыў кроў у мачы, жоўць са слінай, арганізм пачаў жэрці сам сябе, іншымі словамі Да таго ж я быў вельмі аслаблены праз катаванні голадам, і зразумеў, што паміраю. Падумаў пра дзяцей і вырашыў спыніць галадоўку.  

Пасля таго, як выйшаў з ПКТ, мяне пэўны час, можна сказаць, не чапалі. Хаця раз-пораз суткі ў ШІЗА ўсё роўна давалі, але так моцна ўжо не лютавалі. Магчыма, зразумелі, што гэта бессэнсоўна, што я гатовы ісці да канца, а мо пераключыліся на новых ахвяр, не ведаю. 

Вызваляўся з калоніі я таксама са штрафнога ізалятара: атрымаў тады чарговыя трое сутак. 

Пра знаёмствы з палітвязнямі

— З Вітольдам Ашуркам мы так і не перасекліся, бо ён заехаў у калонію раней за мяне. Але іншыя палітвязні, што з ім сустрэліся, шмат апавядалі мне пра яго. Кажуць быў вельмі спакойны, пазітыўны, усіх падбадзёрваў, гаварыў, што да канца мы свае тэрміны сядзець не будзем, абавязкова выйдзем раней. 

Глядзіце таксама

За кратамі я сустрэў шмат палітвязняў, са многімі з іх, што ўжо вызваліліся, дагэтуль у кантакце.

Супраць некаторых хлопцаў узбудзілі артыкул за непадпарадкаванне адміністрацыі, дабаўталі тэрміны, кагосьці даслалі на крытую турму. 

Частка мяне яшчэ засталася за кратамі, з імі, нашымі пакутнікамі. Увесь час думаю пра іх, уяўляю, як яны ляжаць там зараз, на нарах, мерзнуць у ШІЗА…

Вячаслаў і Генадзь Смірновы на волі.

Вячаслаў і Генадзь Смірновы на волі.

«Разумелі, што ўсё ідзе да чарговай пасадкі»

— Я вызваліўся з двума гадамі прэвентыўнага нагляду. У спакоі мяне не пакідалі ні на хвіліну: працягвалі саджаць на суткі, абкладаць штрафамі, дасылаць на прымусовыя адпрацоўкі. 

Умовы на сутках сталі яшчэ больш жорсткімі. Нас трымалі ў ІЧУ Ляхавічаў без матрацаў, без анічога. Нават у ШІЗА можна было мець туалетную паперу, зубную шчотку, пасту і рушнік. У ляхавічскім жа ІЧУ — не.  

Кожны дзень мяне кідалі ў новыя камеры, часамі ў адзіночкі. Пасля падсаджвалі да мяне правакатараў і псіхаў. 

Слава вызваліўся з «хіміі» неўзабаве пасля мяне, але міліцыя не дазволіла мне яго сустрэць. 

Мы з сынам зразумелі, што ўсё ідзе да чарговай пасадкі і вырашылі з’язджаць з Беларусі. 

Генадзь Смірноў на волі

Генадзь Смірноў на волі

«Падумваю напісаць пра перажытае кнігу»

— Цяпер мы ў бяспецы, аднаўляемся. З’ездзілі ў санаторый. Але на чужыне мне цяжка… Пакуль што не магу тут прызвычаіцца і прыжыцца. Сумую па сваіх сотках, па садзе… Туга па Радзіме вельмі моцная.

Падумваю, каб напісаць пра перажытае кнігу. Адзінае, што цяпер у мяне перыяд адаптацыі, цяжка сканцэнтравацца. Таму адклаў гэта на потым. 

Цяжкі досвед забраў шмат здароўя, сілаў, нерваў, але я ні пра што не шкадую. Мне ніколі не будзе сорамна глядзець у вочы сваім дзецям і будучым унукам. Я ж выходзіў і за іх. У першую чаргу за іх. І іх будучыню.

Герой інтэрв’ю выказвае шчырую падзяку за дапамогу ў эвакуацыі і медычнай рэабілітацыі фондам ByHelp, BYSOL і праекту «Зямля» Беларускай асацыяцыі палітвязняў «Да Волі».

Фота з асабістага архіву Генадзя Смірнова