«І тут наляцеў АМАП і паклаў нас тварам у падлогу»

 Былы палітвязень Вячаслаў Смірноў — пра перажытае ў няволі, рэйды АМАПа на «хіміі», візіты ГУБАЗіКа пасля вызвалення, уцёкі з Беларусі і новую рэчаіснасць у эміграцыі.

Вячаслаў Смірноў пасля вызвалення. 

Вячаслаў Смірноў пасля вызвалення. 

24-гадовы Вячаслаў — з Ляхавічаў. У 2021 годзе разам з татам — Генадзем Смірновым — быў арыштаваны, а пазней асуджаны за расклейванне пратэставых улётак. Хлопца асудзілі да двух гадоў абмежавання волі («хіміі») па артыкуле 368 — «абраза прэзідэнта». Генадзь Смірноў атрымаў два з паловай гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. 

Глядзіце таксама

Апроч абразы кіраўніка дзяржавы тата хлопца быў абвінавачаны і ў нібыта супраціўленні супрацоўніку праваахоўных органаў.

Бацька і сын адседзелі свае тэрміны цалкам і выйшлі на волю амаль адначасова — летась у снежні. Неўзабаве пасля вызвалення Вячаслаў і Генадзь Смірновы пакінулі Беларусь. 

«Было балюча, што мой голас скралі»


Вячаслаў напярэдадні арышту

Вячаслаў напярэдадні арышту

— Дваццаты год я запомню на ўсё жыццё. Такое забыць немагчыма: калі бачыў, колькі людзей выйшла на пратэсты, колькі бел-чырвона-белых сцягоў лунала на вуліцах, у вокнах, адчуваў, што гэта гістарычны момант, — дзеліцца ўспамінамі хлопец. — Мне быў 21 год на той момант: усё жыццё прайшло пры Лукашэнку. Ужо гэта падавалася мне ненармальным. 

«Чаму ў заходніх, дэмакратычных краінах улада змяняецца, а ў нас яна вечная?» — задаваў я сабе пытанні. 

Дваццаты год быў звязаны з вялікай надзеяй — на перамены, на лепшую будучыню для Беларусі. Гэта былі першыя выбары, у якіх я браў удзел, бо перакрочыў паўналецце. І мне было балюча, што мой голас скралі. Як і галасы мільёнаў маіх суайчыннікаў. 

Я быў шакаваны, абураны гвалтам з боку сілавікоў у дачыненні да мірных беларусаў. Мне было балюча на гэта глядзець, балюча асэнсоўваць. Я не мог застацца ў баку і лічыў сваім маральным абавязкам зрабіць і свой унёсак у нашу барацьбу, набліжэнне перамогі. 

Вялікі ўплыў на мяне аказаў і тата. Ён вельмі мужна супрацьстаяў уладам і сілавікам і нічога не баяўся. 

Мяне схапілі па дарозе на вучобу ў сакавіку 2021 года. Напярэдадні мы з татам расклейвалі ўлёткі па горадзе, а праз тры дні мяне вылічылі. Я не паспеў нават даехаць да ўнівера — на той момант я навучаўся ў Баранавіцкім універсітэце, збіраўся стаць аграномам — дык вось сілавікі перахапілі мяне на паўдарозе. Праз дзве гадзіны прыйшлі і за татам. 

У РАУСе мяне трымалі ў кайданках, пасля завезлі ў ІЧУ, там я знаходзіўся тры дні. 

Супраць нас з татам узбудзілі крымінальныя справы, але выпусцілі на волю з ІЧУ пад падпіску аб нявыездзе. Увесь час цягалі на допыты, ціснулі, аднойчы выклікалі на допыт у дзень народзінаў. Не думаю, што гэта супадзенне.

Трохі пазней бацьку ўсё ж узялі пад варту: ён выйшаў у горад з бел-чырвона-белым сцягам, да яго прычапіліся міліцыянты, завязалася спрэчка, яго затрымалі і прышылі яшчэ адзін артыкул — за «супраціўленне».

Пра няўдалую спробу ўцёкаў і міліцыянта на падлозе

У кастрычніку 2021 года бацьку і сына асудзілі: Вячаславу прызначылі два гады «хіміі», Генадзю — два з паловай гады калоніі. Сваю віну на судзе Смірновы не прызналі. 

— Калі праз два месяцы мне патэлефанаваў міліцыянт і загадаў з’явіцца ў РАУС з пашпартам, я вырашыў уцякаць з Беларусі, — успамінае Вячаслаў. — Але ў Оршы мяне затрымалі сілавікі. 

Мяне змясцілі пад варту і праз нейкі час павезлі на этап — праз Віцебскае СІЗА і Валадарку. У апошняй больш за палову арыштантаў складалі палітвязні. 

І вось я ў ПУАТ-55, што ў Мінску. Амаль адразу да мяне пачаў чапляцца аператыўнік: яму не падабалася, як я трымаюся, што кажу. Опер намагаўся, каб я расказаў яму пра ўлёткі, дзе я іх браў, каб здаў кагосьці, але я маўчаў. Я  шмат казаў адкрыта пра свае погляды — думаю, што стукачы гэта ўсё даносілі аператыўніку. Плюс я шчыльна пасябраваў з палітычным, гэта супрацоўнікам таксама не падабалася. Праз пэўны час нас раскідалі з тым хлопцам па розных атрадах. 

Аднойчы ў якасці спагнання опер нават даслаў мяне на Акрэсціна, я адбыў там дзесяць сутак. За нібыта адмову прыбіраць. Хаця рэальная прычына, зразумела, — маё вальнадумства, — дзеліцца ўспамінамі Вячаслаў Смірноў.

— Неяк на «хімію» прыехаў ГУБАЗіК: патрабаваў, каб мы аддалі тэлефоны. Я забыў пароль, пачаў памылкова ўводзіць не тыя сімвалы і заблакаваў мабільнік. Сілавікоў гэта дужа раззлавала. Мяне і яшчэ траіх палітычных забралі ў РУУС, а суддзя пасля ўляпіла 10 сутак. Адбываў на Акрэсціна. У пратаколе службоўцы напісалі, што мы нібыта лаяліся, выкрыквалі лозунгі і размахвалі рукамі ў пастарунку. 

У траўні 2023 года ў ПУАТ уварваўся АМАП. Усіх асуджаных паклалі тварам у падлогу, людзей выцягвалі з ложкаў, нават аднаго міліцыянта памылкова паклалі на падлогу, паводзілі сябе вельмі груба і агрэсіўна. Вось такія метады «перавыхавання». Слоў няма.

«Тата правёў у ШІЗА больш за дзвесце сутак»

— Падчас адбыцця пакарання на «хіміі» я працаваў на птушынай фабрыцы ў Смалявічах. Спрабаваў уладкавацца на МАЗ, але не ўзялі: відаць, спалохала мая біяграфія. З заробку я аплочваў пражыванне ў так званым інтэрнаце, плюс у мяне прымусова забіралі пэўную суму для пакрыцця іску, — апавядае суразмоўца. — Іск мне прызначыла суддзя — паколькі я скончыў каледж да затрымання, а пасля, маўляў, не адпрацаваў па размеркаванні, бо сеў, — то мусіў вярнуць дзяржаве грошы за навучанне. Частка сумы, дарэчы, не пагашаная дагэтуль, але я ўжо не пераймаюся 

Лісты на «хіміі» прыходзілі вельмі дрэнна. Пад канец тэрміну аддалі мо лістоў сем ад незнаёмых людзей, а да гэтага толькі ад сваякоў.

Падчас адбыцця пакарання верыў, што выйду раней, усё чакаў гэтага моманту, але гэтага не адбывалася. Гэта было, бадай, самым складаным, бо вельмі хацелася дамоў.

Дужа пераймаўся за тату: вельмі цяжка было ўсведамляць, што і ён сядзіць. Мы пісалі адзін аднаму лісты, а ўжо ў канцы тэрміна яму дазволілі тэлефанаваць мне. На «хіміі» ў нас жа ёсць тэлефоны. 

Але званкі ад таты былі рэдкімі, бо вельмі шмат часу ён праводзіў у ШІЗА. Агулам ён правёў у штрафным ізалятары больш за 200 сутак і вызваліўся з шклоўскай ПК-17 з так званым наглядам. 

Глядзіце таксама

«Веру, што мы ўсе вернемся ў Беларусь»

Бацька і сын выйшлі на волю амаль адначасова. Але вольнымі сябе ў той момант не адчулі. 

— Адразу пачаліся шматлікія праверкі, прыезды міліцыі, ГУБАЗіКа, вельмі часта прыязджалі ўначы, бо ў таты ж прэвентыўны нагляд і пасля васьмі вечара ён мусіць быць дома, спраўджвалі яго. А заадно і мяне, хоць у мяне і няма нагляду. Службоўцы маглі прыехаць да нас два-тры разы за суткі, — апавядае Вячаслаў. — Неяк прыехаў ГУБАЗіК,  пачаў патрабаваць нашыя тэлефоны. У нас быў адзін на дваіх на той момант. Губазікі папярэдзілі, каб мы нідзе не адсвечвалі, ні на што не падпісваліся. 

Кожны месяц, паколькі не працаваў, мусіў хадзіць у выканкам, адчытвацца за «свае паводзіны».

Наконт ад’езду задумваўся яшчэ на «хіміі». Тата, калі вызваліўся, з маімі думкамі пагадзіўся. Мы асцерагаліся, што нас зноў пасадзяць, і ўрэшце рэшт вырашыліся на ўцёкі. 

Вячаслаў Смірноў пасля вызвалення

Вячаслаў Смірноў пасля вызвалення

Цяпер мы нарэшце ў бяспецы і пачуваемся вольнымі. Са здароўем у мяне адносна добра, а вось у таты ўсё больш складана: ён прайшоў праз больш цяжкія выпрабаванні. І псіхалагічна яму няпроста. 

На дадзены момант наша галоўная задача — падлячыцца і аднавіцца. Пасля я мяркую знайсці працу і проста працягваць жыць, прыстасоўвацца да новай рэальнасці. 

Я перакананы, што абавязкова вярнуся ў Беларусь. Мы ўсе вернемся рана ці позна. Я перакананы, што ўсё было недарэмна і што гэтая змрочная старонка гісторыі Беларусі калісьці будзе перагорнутая, — падсумоўвае суразмоўца «Новага Часу». 

Фота прадастаўленыя героем публікацыі