Хронікі рэпрэсій за 24 чэрвеня: кнігі палітзняволенага Паўла Севярынца прызналі «экстрэмісцкімі»
З дапамогай незалежных СМІ і праваабаронцаў сабралі галоўныя навіны з канвеера рэпрэсій за сённяшні дзень.
***
Аўтары «Новага Часу» Мікола Дзядок і Дзяніс Івашын ужо больш за тысячу дзён знаходзяцца за кратамі. Мікола ўтрымліваецца ў палоне рэжыму 1320 дзён, Дзяніс — 1200.
***
Двух лекараў-анколагаў, мужа і жонку Івановых, звольнілі з дзяржаўных устаноў у Гомелі, паведамляе «Флагшток» са спасылкай на аднаго з пацыентаў. Паводле яго звестак, звальненні адбыліся пасля таго, як медыкаў затрымалі ў траўні 2024 года і асудзілі на адміністрацыйны арышт за падпіскі на рэсурсы, абвешчаныя «экстрэмісцкімі».
Адзін са звольненых лекараў, Сяргей Іваноў — вядомы і паважаны спецыяліст у галіне пухлін галавы і шыі, кандыдат медыцынскіх навук, аўтар шматлікіх навуковых публікацый, вучэбна-метадычных дапаможнікаў, патэнтаў на вынаходніцтва, мае званне «Выдатнік аховы здароўя Беларусі».
Урач з 36-гадовым стажам (разам з перыядам вучобы) працаваў у абласным анкалагічным дыспансеры і на кафедры анкалогіі Гомельскага медуніверсітэта, вёў прыём у прафесарскім кансультатыўным цэнтры ВНУ.
Акрамя таго, лекар выкладаў ва ўніверсітэце для замежных студэнтаў — ён быў адным з нямногіх супрацоўнікаў ВНУ, хто мог чытаць лекцыі на англійскай мове.
Яго жонка, радыяцыйны анколаг вышэйшай катэгорыі Вольга Іванова, таксама была звольненая. Яна была супрацоўніцай радыялагічнага аддзялення Гомельскага абласнога анкадыспансера.
***
Набліжаны да сілавікоў тэлеграм-канал апублікаваў відэа з затрыманымі за ўдзел у пратэстах братамі.
На ім абодва беларусы расказалі, што ўдзельнічалі ў акцыі пратэсту 6 верасня 2020 года.
Першы затрыманы расказаў, што знаходзіўся на праспекце Пераможцаў і стаяў на праезнай частцы, скандуючы лозунгі. Другі беларус адказаў, што быў падпісаны на тэлеграм-каналы «Nexta Life» і «Мотолько, помоги». Убачыўшы заклікі ў «экстрэмісцкім» канале, выйшаў на акцыю пратэсту.
«Медыязона» знайшла падобных да затрыманых людзей у сацыяльных сетках. Яны падпісаны як Канстанцін Кавалеўскі і Арцемій Чоп.
У якім статусе знаходзяцца затрыманыя і па якім артыкуле іх абвінавачваюць — невядома.
***
Палітзняволенаму Дзмітрыю Слуку хочуць узмацніць пакаранне, піша «Вясна».
Дзмітрыя Слуку накіравалі адбываць тэрмін у віцебскую калонію № 3. Па ініцыятыве адміністрацыі палітвязню хочуць узмацніць пакаранне. Суд па замене рэжыма ўтрымання на турэмны павінен быў адбыцца ў Віцебску сёння, 24 чэрвеня. Рашэнне мусіў прымаць суддзя Міхаіл Зубеня.
Палітвязня затрымалі 10 лютага 2023 года. Пасля 10 сутак у ІЧУ на Акрэсціна яго перавялі ў СІЗА. Слуку абвінавацілі ў «фінанасаванні тэрарыстычнай дзейнасці» паводле арт. 290-1 КК.
Паводле следства, Дзмітрый «перавёў крыптавалюту на віртуальны кашалёк тэрарыстычнай арганізацыі ў суме, эквівалентнай 2 160 долараў ЗША, што на момант здзяйснення злачынства склала не менш за 5,4 тыс. рублёў.» Суд прызначыў яму 8 гадоў і 6 месяцаў калоніі са штрафам у памеры 300 базавых велічынь (11,1 тыс. рублёў).
***
Затрыманы ў Расіі вядомы беларускі ўрач Уладзімір Мартаў знаходзіцца ў СІЗА Віцебска, паведамляе «Віцебская вясна».
Уладзімір Мартаў — урач-рэаніматолаг з Віцебска, ён — адзін з першых беларускіх медыкаў, які адкрыта расказаў пра кавід, праблемы ў беларускіх бальніцах і сістэме аховы здароўя.
Мартава затрымалі 14 траўня гэтага года ў Санкт-Пецярбургу. Паведамлялася, што ён знаходзіцца ў міждзяржаўным вышуку.
Як стала вядома праваабаронцам, цяпер затрыманы знаходзіцца ў віцебскім СІЗА. Лекара дэпартавалі з Расіі.
У лютым 2022 года Мартава абвінавацілі паводле арт.24.23 КаАП («Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў»). Адседзеўшы 7 сутак адміністрацыйнага арышту, Мартаў з'ехаў з краіны.
***
Брэсцкі абласны суд завочна прысудзіў блогера Андрэя Павука і яго жонку Вольгу да 12 гадоў і 8 гадоў калоніі адпаведна, паведамляе «Медыязона» са спасылкай на дзяржаўнае агенцтва «Белта».
Суд прызнаў іх вінаватымі ў «кіраванні экстрэмісцкім фарміраваннем» (арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса), «фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці» (арт.361-2 КК), «распальванні варожасці» (арт.130 КК), «паклёпе на Аляксандра Лукашэнку» (арт.367 КК) і яго «абразе» (арт.368 КК), «абразе прадстаўніка ўлады» (арт.379 КК), «незаконных дзеяннях у дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці» (арт.203-1 КК).
Па гэтай жа справе «экстрэмісцкага фарміравання» «Рудабельская паказуха» асуджаныя Маргарыта Ляўчук, Ілля Салянкоў, Уладзіслаў Наважылаў за «ўдзел у экстрэмісцкім фарміраванні» «Рудабельская паказуха». Яны прысуджаныя да тэрмінаў ад 6 да 8 гадоў пазбаўлення волі завочна.
Аляксандр Чахоўскі асуджаны па артыкулах аб «абразе прадстаўніка ўлады» і «здзеку з дзяржаўных сімвалаў» (арт.370 КК). Яму прызначаны арышт на тры месяцы.
***
Ксёндз Анджэй Юхневіч не выйшаў на волю пасля 45 сутак арышту, яго асудзілі чацвёрты раз запар.
Пробашч рымска-каталіцкай парафіі ў Шуміліне айцец Анджэй Юхневіч павінен быў вызваліцца 22 чэрвеня. Аднак, як паведамляе Katolik.life, тэрмін зняволення святару падоўжаны да 2 ліпеня.
Юхневіч знаходзіцца за кратамі ўжо больш за 45 сутак. З перадач яму дазволеныя толькі лекавыя сродкі. Святара затрымалі 8 траўня разам з Паўлам Лемехам пасля сустрэчы святароў і каталіцкай супольнасці Віцебскай дыяцэзіі ў Шуміліне.
Першы раз Юхневіча асудзілі на 15 сутак арышту за «несанкцыянаванае пікетаванне» —у лютым 2022 года ён размясціў на фота свайго профілю ў Facebook выяву бел-чырвона-белага сцяга і сцяга Украіны. Потым Юхневічу двойчы дадавалі па 15 сутак. Гэтым разам — яшчэ 10.
Пробашч з Шуміліна знаходзіцца за кратамі даўжэй, чым усе рымска- і грэка-каталіцкія святары, прысуджаныя да адміністрацыйнага арышту ў Беларусі.
***
Мінскі абласны суд 24 чэрвеня ў парадку спецыяльнай вытворчасці пачынае разгляд крымінальнай справы 44-гадовага былога футбольнага заўзятара Юрыя Качуры. Яго абвінавачваюць у «распальванні іншай сацыяльнай варожасці» (ч.1 арт.130 КК) і «абразе прадстаўніка ўлады» ( арт.369 КК), піша «Вясна».
Справу разглядае суддзя Ірына Майко.
Юрый Качура — былы спартсмен, задоўга да 2020 года уваходзіў у групоўкі футбольных заўзятараў і неаднаразова затрымліваўся. Да свайго апошняга затрымання вымушаны быў працаваць абвальшчыкам мяса ў Мінску.
У кастрычніку 2020-га года Юрыя схапілі ў Мінску на вуліцы без якіх-небудзь падстаў і адвезлі ў ізалятар часовага ўтрымання на Акрэсціна. Там яго чакалі катаванні, абліванне хлоркай, рэгулярныя пабоі, а пасля — немагчымасць уладкавацца на працу. У лютым Юрыя затрымалі зноў, пры гэтым супрацоўнікі ГУБАЗіКа спачатку памылкова выламалі дзверы суседу, а пасля кінулі ў яго кватэру шумавую гранату. Потым пачалося збіццё.
Пасля вызвалення Юрый Качура з’ехаў з краіны. А 18 красавіка 2024 года Следчы камітэт пачаў у дачыненні да яго спецыяльную вытворчасць.
***
20 чэрвеня суд Кастрычніцкага раёна Мінска прызнаў кнігі палітзняволенага Паўла Севярынца «экстрэміцкімі матэрыяламі». Увагу на абноўлены «спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» звярнулі праваабаронцы.
У спіс унесеныя: кніга «Каменнае сэрца» — зборнік апавяданняў, напісаных Севярынцам падчас папярэдняга зняволення, «Люблю Беларусь: 200 феноменаў нацыянальнай ідэі», «Беларусалім. Кніга другая. Сэрца святла».
Севярынца затрымалі 7 чэрвеня пасля акцыі на Камароўскім рынку ў Мінску, пасля гэтага суд пяць разоў запар прызначаў яму па 15 дзён арышту. У траўні 2021 года яго прысудзілі да 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму па артыкуле аб «масавых беспарадках» (арт.293 КК).
***
Як паведамляе Прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага пераходнага кабінета, на сённяшні дзень няма аніякіх звестак ад самых вядомых палітзняволеных: Марыі Калеснікавай — 508 дзён, Максіма Знака — 503 дні, Мікалая Статкевіча — 499 дзён, Ігара Лосіка — 491 дзень, Віктара Бабарыкі — 428 дзён, Сяргея Ціханоўскага — 358 дзён, Уладзіміра Гундара — 325 дзён.
***
Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на дадзены момант у беларускіх турмах утрымліваюцца 1424 палітвязні.
У спісах ініцыятывы «Dissidentby» знаходзяцца 1567 чалавек. Сярод іх — 196 жанчын і 5 непаўнагадовых. 20 палітвязняў адпраўлены на прымусовае лячэнне.