Вясёлкавы сцяг — гарантыя бяспекі для любой жывой істоты. Як быў створаны сімвал роўнасці і надзеі
Вясёлкавы сцяг, які стаў універсальным сімвалам надзеі для ЛГБТК+ людзей ва ўсім свеце, упершыню залунаў на плошчы Арганізацыі Аб'яднаных Нацый у Сан-Францыска падчас Прайду 25 чэрвеня 1978 года. Што стаіць за яго гісторыяй, якое значэнне маюць колеры і прычым тут нацысцкая Германія?
Адзін з сімвалаў нянавісці ўсіх аўтарытарных рэжымаў быў распрацаваны Гілбертам Бэйкерам — былым вайскоўцам арміі Злучаных штатаў Амерыкі, які змагаўся за правы ЛГБТК+ супольнасці. Пасля свайго ганаровага звальнення з арміі Гілберт працаваў над стварэннем банераў з лозунгамі для антываенных пратэстаў. Менавіта ў гэты час ён пазнаёміўся з першым у гісторыі ЗША адкрытым гомасексуалам, які займаў афіцыйную дзяржаўную пасаду ў гарадской Радзе Каліфорніі. Гарві Бернард Мілк даручыў Бэйкеру падрыхтаваць адзіны сімвал роўнасці і надзеі да чэрвеньскага Прайду 1978 года.
Калі творца разважаў над стварэннем сцяга, у свеце не існавала іншага міжнароднага сімвала, акрамя ружовага трыкутніка «die Rosa-Winkel», які выкарыстоўваўся для ідэнтыфікацыі гомасексуалаў у канцэнтрацыйных лагерах нацысцкай Германіі. Гэтак жа, як габрэяў прымушалі атаясамліваць сябе з жоўтымі зоркамі Давіда, ружовы трыкутнік, накіраваны ўніз, нашываўся на кашулі геяў, каб ідэнтыфікаваць і яшчэ больш дэгуманізаваць іх. У рамках сваёй місіі па расавым і культурным «ачышчэнні» Трэцяга Рэйху нацысты арыштавалі тысячы прадстаўнікоў ЛГБТК+, у якіх Гітлер бачыў пагрозу сваёй кампаніі.
На думку дыктатара, партнёры не маглі нарадзіць дзяцей, а адпаведна і выгадаваць арыйскую расу, якую ён марыў культываваць. У гэты перыяд пачалі закрывацца гей-фрэндлі бары і клубы, пазней улады выпалілі кнігі ў буйным навукова-даследчым інстытуце, які займаўся вывучэннем сексуальнасці.
Па ацэнках Мемарыяльнага музея Халакоста ЗША, 100 000 геяў былі арыштаваныя, яшчэ да 15 000 — змешчаныя ў канцэнтрацыйныя лагеры. Паводле ацэнак, 65% гомасексуалаў памерлі ў перыяд паміж 1933 і 1945 гадамі. Многія былі спакладаны, некаторыя выкарыстоўваліся ў якасці паддоследных трусоў у розных медыцынскіх эксперыментах, каб знайсці лекі ад тыфу і гомасексуалізму.
Нягледзячы на тое, што ружовы трыкутнік быў адноўлены ў якасці сімвала, які пашырае правы і магчымасці, у канчатковым выніку ён стаў напамінам аб тым, што ніколі нельга забываць мінулае і прызнаць пераслед, з якім усё яшчэ сутыкаюцца ЛГБТК+ людзі па ўсім свеце. Гілберт Бэйкер вырашыў адмовіцца ад візуальнай сувязі са старым сімвалам і стварыць уласнае цуда.
Распрацаванае дызайнерам палатно мела восем колераў — на два больш, чым цяперашняя версія. Бэйкер чэрпаў натхненне з дзяржаўнага сцяга ЗША, які адзначаў сваё двухсотгоддзе за два гады да гэтага, але галоўным прататыпам твора мастацтва стала вясёлка. Яна адлюстроўвала колеры светлавога спектру прыкладна ў той жа паслядоўнасці, што і сцяг.
«Нам трэба было нешта, каб выказаць нашую радасць, нашую прыгажосць, нашую моц. І вясёлка зрабіла гэта», — казаў ён.
Бэйкер надаў кожнаму колеру ўласнае значэнне: фіялетавы — дух, сіні — гармонія, бірузовы — мастацтва, зялёны — прырода, жоўты — сонечнае святло, аранжавы — вылячэнне, чырвоны — жыццё, ярка-ружовы — секс. Гэтыя сімвалы ўвасабляюць рэальных людзей, рэальны жыццёвы досвед, сталыя праблемы і найважнейшыя каштоўнасці прадстаўнікоў ЛГБТК+.
Першы сцяг памерам 9 на 18 метраў мастак пашыў самастойна ўручную.
«Калі ён падняўся і вецер нарэшце вырваў яго з маіх рук, гэта збіла мяне з розуму. Я адразу ўбачыў, што ўсе вакол мяне трымаюць гэты сцяг. Я падумаў: "Гэта гарней, чым я калі-небудзь марыў"», — сказаў ён CNN у 2015 годзе.
Пасля паспяховага дэбюту Бэйкер прыбраў з палатна два колеры, каб палегчыць яго масавую вытворчасць, пазбавіўшыся ружовага і бірузовага на карысць сучаснай канфігурацыі з шасці колераў. Мастак вытрачаў занадта шмат часу на афарбоўку тканіны ў гэтыя адценні.
Ён таксама адмовіўся гандляваць сцягам як таварным знакам, палічыўшы яго сімвалам ЛГБТК+ супольнасці. У 2003 годзе, да 25 гадавіны свайго твора мастацтва, Бэйкер пашыў рэкордны па памерах вясёлкавы сцяг, які працягнуўся ад Мексіканскага заліва да Атлантычнага акіяна. Затым ён разаслаў часткі гэтага сцяга больш чым у 100 гарадоў свету.
Бэйкер распавядаў, што ў некаторых краінах свету не так проста быць гомасексуалам, лесбіянкай ці нават жанчынай, а ў некаторых — можна трапіць пад пераслед альбо быць забітым за выказванне думак, «няправільную» вопратку ці «няправільнае» існаванне. Нягледзячы на вясёлае аблічча сцяга, ён заклікаў кожны раз памятаць, што весела ладзіць прайды ў Амерыцы. А паспрабуйце проста пабыць гомасексуалам у Саудаўскай Аравіі!
Мастак быў упэўнены, што наяўнасць вясёлкавых сцягоў у краіне — гарантыя таго, што гэта бяспечнае месца для любой жывой істоты.
На думку творцы, вясёлкавы сцяг будзе існаваць вечна, у першую чаргу таму, што гэта ідэальны сімвал, незалежна ад таго, якое палітычнае значэнне ён можа мець, які падтэкст ці сэнс у яго можа ўкладацца. Але галоўнай прычынай яго бясконцага «тэрміну прыдатнасці» творца называў тое, што ён належыць звычайным людзям.
«Вясёлкавы сцяг цудоўны, таму што ён пра каханне. Сцяг Канфедэрацыі пачварны, таму што ён аб нянавісці. З пункту гледжання мастацтва ўсё даволі проста: прыгожае супраць пачварнага».