Хронікі рэпрэсій за 25 чэрвеня: У Расіі заблакавалі «Белсат» і яшчэ 80 еўрапейскіх СМІ
«Экстрэмісцкімі фарміраваннямі» прызналі шэраг ініцыятыў і праектаў: грамадскую арганізацыю «Білорусь 2.0 Робімо Разам», вайсковы клуб «Літвіны», праекты «Media IQ» і «Обычное утро». Праваабаронцы працягваюць збіраць факты палітычнага пераследу беларусаў.
Анджэя Юхневіча прызналі палітычным зняволеным
Анджэй Юхневіч, каталіцкі святар, правёў за кратамі ўжо 45 дзён. Ён тройчы быў падвергнуты адміністрацыйнаму арышту, у тым ліку паводле артыкула 24.23 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь за правядзенне несанкцыянаванага пікету – размяшчэнне ўкраінскага сцяга ў акаўнце сацыяльнай сеткі, — і зноў арыштаваны, на тэрмін у 10 сутак.
Праваабаронцы нагадваюць, што практыка асуджэння адразу на некалькі адміністрацыйных арыштаў запар і раней выкарыстоўвалася беларускімі ўладамі ў мэтах палітычна матываванага ціску.
«Мы, прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый, выказваем свой пратэст з нагоды палітычнага пераследу і арышту Анджэя Юхневіча і патрабуем адмены вынесеных у дачыненні да палітвязня судовых пастаноў і яго неадкладнага вызвалення; спынення рэпрэсій у дачыненні да іншадумцаў і ўдзельнікаў мірных сходаў; вызвалення ўсіх адміністрацыйна арыштаваных за рэалізацыю сваіх грамадзянскіх правоў і свабод; неадкладнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных і спынення палітычных рэпрэсій супраць грамадзян краіны», — гаворыцца ў заяве праваабаронцаў наконт прызнання Анджэя Юхневіча палітычным зняволеным.
У Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі фарміраваннямі» шэраг ініцыятыў і праектаў
Гаворка пра грамадскую арганізацыю «Білорусь 2.0 Робімо Разам», вайсковы клуб «Літвіны», праекты «Media IQ» і «Обычное утро».
Усе яны былі прызнаныя «экстрэмісцкімі фарміраваннямі» на падставе рашэння КДБ ад 18 чэрвеня. Таксама ведамства пералічыла прозвішчы людзей, якія нібыта маюць дачыненне да вышэйзгаданых ініцыятыў:
- «Білорусь 2.0 Робімо Разам» — Бульба (Чыслаў) Сяргей, Мартынава Таццяна, Верамейчык Васіль, Кучараў Міхаіл, Кушнераў Андрэй, Шарапін Павел, Юрчанка Сяргей, Пашкевіч Вольга, Дулеба Іосіф.
- «Літвіны» — Шалыгін Сяргей, Барадзіч Сяргей, Мацкевіч Міхаіл, Клачко Аляксандр, Пуцыковіч Аляксандра, Чапега Сяргей.
- «Media IQ» — Белахвосцік Надзея, Худанаў Аляксей, Глухава Дар'я, Быкоўскі Павел, Верашчагіна Алена, Сайфулаеў Антон, Піткевіч Паліна, Шунтаў Аляксей, Шарко Ала, Малішэўскі Віктар.
- «Обычное утро» — Місуно Канстанцін, Лабунская Людміла.
У Расіі заблакавалі «Белсат» і яшчэ 80 СМІ, якія базуюцца ў Еўропе
У Расіі заблакавалі 81 еўрапейскае СМІ, піша РІА «Навіны». Пад блакаванне трапіў і тэлеканал «Белсат», які базуецца ў Польшчы, піша «Медыязона».
Медыя заблакаваныя ў РФ «у адказ на захады для абмежавання вяшчання і доступу да рэсурсаў у Інтэрнэце з тэрыторыі Расіі». Раней у ЕС забаранілі вяшчанне расійскіх дзяржаўных медыя РІА «Новости», «Известия» и «Российской газеты».
Пад блакаванне РФ патрапілі ў тым ліку нямецкае выданне Der Spiegel, італьянскі канал агульнанацыянальнага вяшчання la7 і газета La Republica, літоўскі сайт Ltr.lt, Эстонскі Delfi і іншыя рэсурсы.
Пачынаецца завочны суд над рэчыцкім актывістам Юрыем Шчучко
Суд Рэчыцкага раёна 25 чэрвеня ў парадку спецвытворчасці пачынае разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да 45-гадовага мясцовага актывіста Юрыя Шчучко. Як пазначана ў раскладзе судовых пасяджэнняў, працэс будзе весці суддзя Іван Цалкоў, які да нядаўняга часу з’яўляўся старшынёй суда Лоеўскага раёна.
Рэчыцкага актывіста абвінавачваюць па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса:
- арт. 188 (“паклёп”);
- ч. 3 арт. 203-1 (“незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных”);
- ч. 1 і 2 арт. 340 (“загадзя ілжывае паведамленне аб небяспецы”);
- ч. 1 арт. 366 (“гвалт альбо пагроза ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, альбо іншай асобы, якая выконвае грамадскі доўг”);
- ч. 1 арт. 368 (“абраза Аляксандра Лукашэнкі”);
- арт. 369 (“абраза прадстаўніка ўлады”);
- арт. 391 (“абраза суддзі альбо народнага засядацеля”).
Спецыяльная вытворчасць у адносінах да Юрыя Шчучко была распачатая Рэчыцкім раёным аддзелам СК першага сакавіка.
Вядома, што Юрыя Шчучко за ўдзел у паслявыбарчай акцыі пратэсту затрымалі ў Рэчыцы 30 жіўня 2020 года і пасля двух сутак аштрафавалі на 15 базавых велічынь. Асцерагаючыся далейшага пераследу, у верасні 2020 года Юрый Шчучко з'ехаў з Беларусі.
Спачатку жыў ва Украіне, дзе займаўся грамадскай дзейнасцю, а пасля ўварвання туды расійскіх войскаў пераехаў у Польшу.
У суд таксама перададзеная завочная справа знаёмай Юрыя – рэчычанкі Бажэны Жолудзь. Папярэдняе расследаванне было завершана 4 чэрвеня. Яе абвінавачваюць па некалькіх крымінальных артыкулах.
Палітвязня Андрэя Любецкага збіраюцца пераводзіць на турэмны рэжым
Сківічны хірург Андрэй Любецкі 18 гадоў адпрацаваў у дзіцячай лякарні №4 у Мінску. Быў валанцёрам каля ізалятара на Акрэсціна. Мае чатырох дзяцей. Палітвязня затрымалі 4 траўня 2021 года.
У красавіку 2022 года суддзя Святлана Чарапанава прызначыла лекару пяць гадоў калоніі. Яго абвінавацілі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Ён адбывае тэрмін у бабруйскай калоніі № 2.
Стала вядома, што 26 чэрвеня ў Бабруйску разгледзяць справу аб замене Андрэю рэжыма ўтрымання на турэмны. Працэс будзе весці суддзя Павел Карцінін.
Студэнта затрымалі за каментары
Праўладныя тэлеграм-каналы апублікавалі «палоннае відэа» з хлопцам, які пісаў каментары ў адкрытым тэлеграм-чаце 9-класнікаў. Затрыманы «прызнаецца» ў тым, што пісаў пра чырвона-зялёны сцяг, прадстаўнікоў улады і Лукашэнку, а таксама казаў, што хоча паехаць ва Украіну і ваяваць супраць расіян.
У Брэсце будуць судзіць лекара «Ладэ» Цімура Лозку
Цімур — лекар з Брэста. Да 2020-га працаваў анастэзіёлагам у Брэсцкай абласной бальніцы, але, падобна, быў звольнены. Перад затрыманнем працаваў рэаніматолагам-анестэзіёлагам у прыватнай клініцы «Ладэ». Лозку раней двойчы затрымлівалі па адміністратыўных справах — у кастрычніка 2020 за ўдзел у акцыі і ў сакавіку 2022 за антываенную акцыю.
Апошні раз яго затрымалі ў студзені. На «палонным відэа» ён «прызнаваўся» ў тым, што ахвяраваў рэсурсу NEXTA.
Суд над лекарам пачнецца 4 ліпеня ў судзе Ленінскага раёну Брэста. Лозку абвінавачваюць па дзвюх частках артыкула 290-1 КК («фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці»), піша «Наша Ніва». Справу прызначаны весці суддзя Аляксандр Семянчук, на рахунку якога мінімум 34 палітычных прысуды.