Каталіцкі святар Анджэй Юхневіч не выйшаў на волю пасля 45 сутак за кратамі. Што вядома?
Шумілінскі пробашч, кіраўнік місіі Аблатаў у Беларусі знаходзіцца за кратамі даўжэй за ўсіх каталіцкіх святароў, прыгавораных да адміністрацыйнага арышту ў нашай краіне.

Анджэй Юхневіч
Пробашч рымска-каталіцкай парафіі ў Шуміліне, айцец Анджэй Юхневіч не выйшаў на волю з віцебскага ІЧУ пасля адбытых 45 сутак арышту. Гэты тэрмін скончыўся 22 чэрвеня, піша katolic.life.
Такім чынам, пробашч у Шуміліне знаходзіцца за кратамі больш за 45 сутак — даўжэй за ўсіх рымска- і грэка-каталіцкіх святароў, якіх асуджалі на адміністрацыйны арышт у Беларусі. Толькі адзін з праваслаўных святароў у 2022 годзе адбываў даўжэйшы адміністрацыйны арышт — звыш 100 сутак, яго судзілі 7 разоў запар.
Katolik.life ўдалося даведацца, што тэрмін зняволення святара з Шуміліна працягнуты да 2 ліпеня. З перадач яму дазволены толькі лекі.
Анджэй Юхневіч быў затрыманы 8 траўня разам з ксяндзом Паўлам Лемехам, нагадвае «Позірк». Затрыманне адбылося пасля іх сустрэчы з кансэкраванымі асобамі Віцебскай дыяцэзіі. Падставы затрымання невядомыя, з'яўлялася інфармацыя, што яно звязана з нібыта «падрыўной дзейнасцю супраць беларускай дзяржавы».
Юхневіча і Лемеха арыштавалі адпаведна на 15 і 10 сутак. Па якіх артыкулах КаАП, не паведамлялася. Лемех выйшаў на волю па заканчэнні тэрміну арышту.
Як піша «Хрысціянская візія», раней стала вядома, што Анджэю Юхневічу паставілі ў віну размяшчэнне ў facebook фотаздымкаў са сваёй выявай з бел-чырвона-белым сцягам і сцягам Украіны. Гэта стала падставай для прыцягнення клірыка па ч. 1 арт. 24.23 КаАП (парушэнне ўстаноўленага парадку правядзення пікетавання).
Айцец Анджэй Юхневіч — старшыня каардынацыйнай групы пробашчаў і прадстаўнікоў манаскіх абшчын Беларусі. Гэта касцёльны арган, які займаецца супрацоўніцтвам паміж манаскімі ордэнамі.
Згодна з маніторынгам «Хрысціянскай візіі», з 2020 года палітычнаму пераследу ў Беларусі падвергліся не менш за 26 прадстаўнікоў Рымска-каталіцкай царквы.