Пакуль Захад бяздзейнічае, у беларускіх турмах паміраюць людзі
Заходнія чыноўнікі працягваюць «выражаць заклапочанасць» лёсамі беларускіх палітвязняў, Святлана Ціханоўская настойліва заклікае міжнародных партнёраў да дзеянняў, але па факце мы засталіся сам-насам са сваімі праблемамі. І кошт гэтых праблем — чалавечыя жыцці.
«Самы вялікі страх для палітычнага зняволенага — быць забытым», — сказаў расійскі апазіцыянер Уладзімір Кара-Мурза спецыяльнаму пасланніку ЗША ў АБСЕ па справах палітвязняў, кангрэсмену Стыву Коэну перад тым, як вярнуцца ў Расію і аказацца несправядліва асуджаным рэжымам Пуціна на 25 гадоў пазбаўлення волі.
У Беларусі пад прыгнётам рэжыму Аляксандра Лукашэнкі праблема памяці і абароны правоў палітычных зняволеных стаіць асабліва востра.
Праз амаль чатыры гады пасля сфальсіфікаваных выбараў і жорсткіх рэпрэсій супраць тых, хто мірна пратэставаў супраць іх вынікаў, рэжым Лукашэнкі працягвае бязлітасна душыць любыя імкненні грамадзян Беларусі да свабоды і справядлівасці, піша «Голас Амерыкі».
Паводле розных звестак, пачынаючы з лета 2020 года, ад 300 000 да 500 000 беларусаў пакінулі краіну праз узмацненне палітычных рэпрэсій, больш за 3000 чалавек былі прызнаныя міжнароднымі арганізацыямі палітычнымі зняволенымі. У беларускіх турмах сёння пакутуюць 1400 чалавек, у тым ліку журналісты, праваабаронцы, апазіцыйныя палітыкі, мірныя пратэстоўцы і многія іншыя.
Споўнілася чатыры гады з таго часу, як Ігар Лосік, журналіст «Радыё Свабода», быў несправядліва затрыманы рэжымам Лукашэнкі і прысуджаны да 15 гадоў пазбаўлення волі.
Мінск усё часцей звяртаецца да жорсткай практыкі ўтрымання пад вартай «без сувязі са знешнім светам», каб ізаляваць палітвязняў, пазбаўляючы іх кантактаў са знешнім светам, уключаючы сям'ю, сяброў і законных прадстаўнікоў.
Лосік з'яўляецца адным з многіх палітычных зняволеных, «якія ўтрымліваюцца ў турме ў без сувязі са знешнім светам». У такіх жа бесчалавечных умовах знаходзяцца ў зняволенні палітычная актывістка Марыя Калеснікава, кандыдаты ў прэзідэнты 2020 года Віктар Бабарыка і Сяргей Ціханоўскі, а таксама апазіцыйны палітык Мікалай Статкевіч.
«Радыё Свабода» і «Freedom House» запрасілі беларускіх апазіцыянераў, журналістаў і экспертаў на дыскусію, прысвечаную рэпрэсіям у Беларусі і, у прыватнасці, бесчалавечнай тактыцы Лукашэнкі па ўтрыманні палітвязняў у рэжыме інкамунікада.
Кэці ЛаРок, намесніца дырэктара па палітыцы і праваабарончай дзейнасці «Freedom House», расказала, што ва ўмовах ікамунікада палітвязні, як правіла, сутыкаюцца з яшчэ больш жорсткім абыходжаннем, чым іншыя асуджаныя. Яны падвяргаюцца катаванням як у выглядзе фізічнага гвалту, так і ў выглядзе недастатковага харчавання, псіхалагічнага ціску і доўгіх перыядаў поўнай ізаляцыі.
«Ім таксама часта адмаўляюць у наведванні адваката, кантакце з сям'ёй і доступе да адэкватнай медыцынскай дапамогі. Наколькі нам вядома, шэсць палітычных зняволеных памерлі падчас такога ўтрымання ў Беларусі. Гэта непрымальна. Сярод іх — падлеткі да 18 гадоў і людзі вельмі сталага ўзросту, а таксама людзі ў якіх былі цяжкія захворванні», — дадала яна.
Святлана Ціханоўская, лідарка беларускай апазіцыі, звярнулася да сусветных палітыкаў з заклікам «не спыняцца ў барацьбе за свабоду беларускіх палітычных зняволеных».
«Нашы палітвязні — героі. І адзін з такіх герояў — Ігар Лосік. Чатыры гады таму ён быў заключаны ў турму рэжымам Лукашэнкі. Яго прысудзілі да 15 гадоў пазбаўлення волі толькі за адвагу гаварыць праўду. Проста таму, што ён хацеў лепшай будучыні для сваёй краіны і сваёй сям'і... Наша барацьба не скончыцца, пакуль усе палітычныя зняволеныя не будуць вызваленыя», — заявіла яна.
«Як Спецыяльны прадстаўнік ЗША ў АБСЕ па пытаннях палітычных зняволеных, лічу сваім абавязкам і гонарам унесці зрабіць свой унёсак у забеспячэнне абароны правоў грамадзяніна кожнай краіны, незалежна ад яго палітычных перакананняў і актыўнасці. Я працягваю нагадваць пра гэта ў Кангрэсе і за мяжой. Пуцін і Лукашэнка — яны могуць цяпер мяне не чуць — але аднак мы павінны працягваць аказваць ціск на іх і ніколі не забываць пра палітвязняў», — дадаў кангрэсмен Стыў Коэн.
Чаму ў Беларусі сёння так шмат палітычных зняволеных?
Ганна Любакова, журналістка і аналітык з Беларусі, цяпер навуковая супрацоўніца вашынгтонскай «Атлантычнай рады», нагадала, як Беларусь аказалася ў гэтай сітуацыі.
«З моманту прыходу Лукашэнкі да ўлады ў 1994 годзе Беларусь нязменна была аўтарытарнай дзяржавай, дзе свабоды не выконваліся. Аднак 2020 год адзначыўся значнай эскалацыяй аўтарытарызму. Масавыя пратэсты адбываліся па ўсёй краіне, не толькі ў Мінску, але практычна па ўсёй Беларусі, і доўжыліся месяцамі. Толькі ў 2020 годзе былі арыштаваныя дзясяткі тысяч чалавек. У людзей стралялі на вуліцах, яны гінулі ў паліцэйскіх участках. Пратэстоўцаў падвергнулі масавым катаванням. У свеце часта забываюць, што пратэст спыніўся не таму, што людзі здаліся, а таму што ён стаў занадта небяспечны не толькі для пратэстоўцаў, але і для любога беларуса», — падкрэсліла яна.
Журналістка нагадала таксама, што сама яе прафесія крыміналізаваная ў сённяшняй Беларусі.
«38 супрацоўнікаў СМІ цяпер знаходзяцца ў турме, сотні журналістаў былі вымушаныя бегчы з краіны, таму быць журналістам унутры Беларусі стала сапраўды немагчыма і небяспечна», — растлумачыла яна.
Як вядома, толькі за апошнія гады рэжым Лукашэнкі датычны да цэлага шэрагу злачынстваў, уключаючы міжнародныя, напрыклад калі пасажырскі лайнер ірландскай авіякампаніі пад пагрозай беларускіх сілавікоў быў прымушаны здзейсніць пасадку ў Мінску.
«Лукашэнка арганізаваў міграцыйны крызіс на мяжы з Польшчай і фактычна пагражаў краінам NATO і ЕС. Ён далучыўся да ўварвання Расіі ва Украіну, стаўшы саўдзельнікам Пуціна», — пералічыла Ганна Любакова. Аднак яна не губляе веры ў будучыню Беларусі.
«Я заўсёды дзіўлюся стойкасці беларусаў. Нягледзячы на прапаганду, цэнзуру, небяспеку, людзі не падтрымліваюць удзел Беларусі ў вайне супраць Украіны», — упэўненая яна.
Як журналісты апынуліся ў беларускіх турмах?
«Прывітанне ўсім, мяне завуць Вольга Лойка, я абвешчаная ў Беларусі тэрарысткай. Я бежанка і былая палітзняволеная», — так прадставілася Вольга Лойка, былая галоўная рэдактарка палітыка-эканамічнага аддзела партала Tut.by.
Tut.by быў закрыты ўладамі, а супраць яго супрацоўнікаў была распачатая крымінальная справа «за распальванне нянавісці і варожасці», а таксама «за распаўсюд матэрыялаў, якія заклікаюць да дзеянняў, што наносяць шкоду нацыянальнай бяспецы Беларусі». Сама Вольга Лойка правяла ў турме 10 месяцаў. КДБ уключыў Вольгу ў «спіс тэрарыстаў».
«Амаль кожны беларускі журналіст мае хаця б адзін з гэтых "цэтлікаў". Мне "пашанцавала" сабраць іх усё. Пятнаццаць нашых супрацоўнікаў, у тым ліку і я, былі затрыманыя ў 2020 годзе. Пасля дзесяці месяцаў зняволення мяне выпусцілі разам з некалькімі калегамі, але без зняцця абвінавачанняў. На шчасце, мне ўдалося пакінуць Беларусь. У сакавіку 2023 года нашага галоўнага рэдактара — Марыну Золатаву і дырэктара Людмілу Чэкіну прысудзілі да 12 гадоў калоніі агульнага рэжыму», — расказала Вольга Лойка.
Што варта зрабіць Захаду, каб прымусіць рэжым Лукашэнкі вызваліць палітвязняў?
Ганна Любакова згадала, як павольна і малаэфектыўна спачатку дзейнічалі заходнія санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі. Аднак, паводле яе слоў, «калі яны падзейнічалі, Беларусь цалкам падпала пад уплыў Крамля».
«Мы бачым, як у Беларусь паступае розная прадукцыя, розныя тавары, у тым ліку і аўтамабілі, у тым ліку розныя камплектуючыя і многае іншае, а затым усё гэта перапрадаецца ў Расію. Мы таксама бачым, як Беларусь становіцца ўсё больш залежнай ад Расіі. Расіі на гэты момант няма неабходнасці анэксаваць Беларусь, бо яна і так фактычна кантралюе яе ў многіх сферах», — заявіла яна
Журналістка нагадала, што праз тое, што большая частка санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі ўводзіліся за правакацыі на мяжы з Польшчай або за садзейнічанне ў вайне, цяпер за парушэнні правоў чалавека амаль не накладаецца ніякіх санкцый. Гэта недапушчальна, перакананая яна.
Вольга Лойка таксама лічыць, што санкцыйны ціск у яго цяперашнім выглядзе не прыносіць сапраўдных вынікаў.
«Мінск працягвае ўдзельнічаць у міжнародным гандлі, зарабляючы грошы на санкцыях, уведзеных супраць Расіі», — дадала яна.
Кэці ЛаРок з «Freedom House» перакананая, што «Захаду варта неадкладна ўзмоцніць ціск на рэжым: неабходна сінхранізаваць сектаральныя санкцыі супраць Беларусі і Расіі».
«Нам неабходна засяродзіцца на закрыцці існуючых шчылін і ўзмацненні жорсткасці наступстваў ухілення ад санкцый. Акрамя таго, час узмоцніць мэтавыя санкцыі супраць асоб, якія маюць дачыненне да палітычнага тэрору. Нам неабходна ўкараняць больш індывідуальных санкцый. "Freedom House" рэкамендаваў Беламу дому выдаць пракламацыю, у якой выразна гаворыцца, што "адвольнае затрыманне грамадзян разглядаецца як грубае парушэнне правоў чалавека". Мы разглядаем спосабы пачаць канфіскоўваць актывы беларускіх чыноўнікаў, адказных за затрыманне палітвязняў. Мы прапануем забіраць іх актывы і перадаваць іх ахвярам рэжыму», — расказала яна.
Гаворачы пра ўтрыманне палітвязняў без сувязі са знешнім светам, Кэці ЛаРок заклікала ўсіх палітыкаў Захаду «калектыўна падняць трывогу з гэтай нагоды».
«Вельмі важна, каб імёны зніклых палітычных зняволеных не сыходзілі з поля зроку грамадскасці. Хоць яны ізаляваныя фізічна, нам неабходна захаваць іх імёны ў публічнай сферы. Нам неабходна дамагацца рэгулярнага і пастаяннага доступу ў мясцовыя турмы для ацэнкі ўмоў і ўстанаўлення кантактаў з тымі, хто ўтрымліваецца ў поўнай ізаляцыі» — заклікала ЛаРок.