«Яна ў вас яшчэ не здохла?» Як сілавікі абыходзіліся са зняволенымі па «справе Зельцэра»
Каля дзвюх соцень чалавек затрымалі за каментары ў сацсетках пасля забойства сілавікамі Андрэя Зельцэра і гібелі аднаго з супрацоўнікаў КДБ Дзмітрыя Федасюка. Усіх іх трымалі ў вельмі жорсткіх умовах.
Адна з самых масавых палітычна матываваных крымінальных спраў у Беларусі — так званая «справа Зэльцэра». 28 верасня 2021 года ў перастрэлцы ў мінскай кватэры на вуліцы Якубоўскага загінулі IT-менеджар Андрэй Зельцэр і супрацоўнік КДБ Дзмітрый Федасюк.
За каментары ў Інтэрнэце, прысвечаныя гібелі супрацоўніка КДБ, затрымалі каля 200 чалавек, супраць 136 затрыманых распачалі крымінальныя справы, у тым ліку супраць 14 жанчын. Больш за паўтара месяца яны знаходзіліся ў асаблівых умовах: без лістоў, перадач, сродкаў гігіены, лекаў, без нармальнага сну, падвяргаючыся здзекам і знявагам ахоўнікаў.
Усе яны адбылі свае тэрміны, дзве з іх расказалі «Deutsche Welle», што з імі адбывалася ў зняволенні.
«Спалі проста на падлозе, замест падушак — боханы хлеба»
«Нас трымалі як сабак», — расказвае пра ўмовы зняволення адна з фігурантак «справы Зельцэра» Наталля Кукішава. Да затрымання жанчына жыла ў Оршы, працавала стаматолагам у гарадской паліклініцы. Наталля прызнаецца, што, хоць і не была моцна ўцягнутая ў палітыку, але «дома нейкія пытанні абмяркоўвалі».
У 2020 годзе, калі «ўзровень гвалту пачаў зашкальваць», беларуска не магла застацца ўбаку: хадзіла на пратэсты, пісала каментары. За адзін з іх жанчыну прысудзілі да двух гадоў калоніі.
Наталля кажа, што не паверыла, што відэа перастрэлкі на вуліцы Якубоўскага не пастановачнае. Акрамя таго, яе абурыла, што ў допісе са спачуваннямі сям'і супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка яго калегі пісалі «працуйце, браты»: «Я так раззлавалася. Думаю, што значыць "працуйце"? Для мяне гэта прагучала як заклік (забіваць апанентаў улады. — Заўв. рэд.), і я напісала каментар».
У ноч з 29 на 30 верасня 2021 года жанчыну затрымалі. Спачатку яе дапытвалі ў Оршы, потым адправілі ў Віцебск, далей у Мінск — у ізалятар у завулку Акрэсціна.
Адтуль затрыманых вазілі на допыты ў КДБ. У мікрааўтобусе Наталля стаяла на каленях, тварам у падлогу, рукі за спінай у сцяжках. У КДБ, паводле слоў жанчыны, яе не білі, але мужчыны назад «ехалі збітыя».
На Акрэсціна Наталля знаходзілася ў двухмеснай камеры, дзе было 16 чалавек, 13 з іх затрымалі за каментары. «Спалі проста на падлозе, замест падушак — боханы хлеба. Ніколі гэтага не забуду. Каму не хапіла месца на падлозе лежачы, сядзеў на стале цэлую ноч», — апісвае ўмовы ў ізалятары суразмоўніца DW.
У гэтай жа камеры знаходзілася і ўдава Андрэя Зельцэра Марыя Успенская. Паводле сло Наталлі, яна «была неверагодна напалоханая», калі вярталася з допытаў, «у яе трэсліся рукі». Суд прызначыў Марыі прымусовае лячэнне ў псіхіятрычным стацыянары.
Кожны дзень уключалі адно і тое ж выступленне Лукашэнкі
Пасля некалькіх дзён на Акрэсціна жанчын, затрыманых за каментары, перавялі ў следчую турму ў Жодзіне. Ні лістоў, ні перадач, ні прагулак. «Інфармацыі наогул ніякай, — расказвае Наталля. — У нас была адзіная прагулка — на ператрус. Нас абшуквалі ў калідоры, пару разоў ставілі на "расцяжку", на кукішкі». Падчас аднаго з такіх надглядаў, паводле ўспамінаў суразмоўніцы DW, пенсіянерка Эма Сцепулёнак упала і заплакала. Пасля гэтага жанчын перасталі ставіць на кукішкі, але «расцяжку» пакінулі.
Таксама ў якасці «выхаваўчага мерапрыемства» ў камеры кожны дзень вельмі гучна ўключалі адно і тое ж выступленне Аляксандра Лукашэнкі. Чым гучней гаварылі зняволеныя, тым гучней рабілі запіс.
Жанчыны, затрыманыя па «справе Зельцэра», былі пазбаўленыя перадач: «У чым нас затрымалі, у тым мы і прыехалі». На Наталлі была ніжняя бялізна і спартыўны касцюм, «нават майкі не было». «Неяк закручваешся ў прасціны, сціраеш на ноч, раніцай усё гэта надзяваеш», — апісвае турэмны побыт жанчына. Затрыманым даводзілася выпрошваць у ахоўнікаў нават туалетную паперу, а «калі яе давалі, гэта было як ласка».
«Ува сне цябе затрымліваюць і саджаюць у турму»
«Я першыя тры месяцы ўвесь час плакала. Не магла стрымаць слёзы, хоць да гэтага я пяць гадоў не плакала», — дзеліцца Наталля. Яна мяркуе, што гэта было з-за вялізнага стрэсу і адсутнасці гарманальных лекаў, якія яна павінна прымаць пастаянна.
У Жодзіне Наталля прабыла 45 дзён, потым яе адправілі ў Віцебск, дзе за арыштантамі сачылі па камерах назірання і маглі дагала распрануць падчас праверкі. Агулам жанчына была ў СІЗА год і два месяцы. Рэшту тэрміну, чатыры з паловай месяцы, — у калоніі ў Гомелі.
Пасля вызвалення Наталлю паставілі на ўлік у міліцыю, сілавікі прыходзілі да яе дадому з праверкамі па некалькі разоў на дзень: «Мяне проста вартавалі. Маглі прыехаць а палове на першую ночы, узяць мой тэлефон, сядзець з ім у машыне. Што гэта такое? Проста праверка».
Праз паўгода жанчына вырашыла з'ехаць з Беларусі. Цяпер яна з сям'ёй жыве ў ЗША. Але, паводле слоў Наталлі, яе дагэтуль пераследуюць кашмары з Беларусі: «Ува сне цябе затрымліваюць і саджаюць у турму».
«Крычалі: "Дзе Матолька жыве?"»
Сярод затрыманых па «справе Зельцэра» была і мінчанка Вольга Скрашчук. «Уварваліся дзевяць чалавек у поўным абмундзіраванні, загналі мяне ў гардэробную, у шафу, крычалі, што крымінальніца, бегалі па кватэры, напалохалі дзіця», — згадвае беларуска.
Вольга была дзяржслужачай, працавала ў Нацбанку, але, паводле яе слоў, заўсёды сачыла за палітычным жыццём у краіне, чытала незалежныя СМІ, удзельнічала ў пратэстах 2020 года.
Жанчына кажа, што была шакаваная відэа перастрэлкі ў кватэры Андрэя Зельцэра. «Я напісала, што, напэўна, кожны б абараняў свой дом, як Зельцэр. Не ведаю, як на гэта рэагаваць, калі выломліваюць дзверы ў кватэры», — расказвае суразмоўца DW. Калі пісала каментар, дадае Вольга, не верыла, што супрацоўнік КДБ забіты. І не магла выказаць здагадку, што яе выказванне стане падставай для крымінальнай справы.
«У машыне (па дарозе ў КДБ. — Заўв. рэд.) крычалі, што загінуў супрацоўнік. Дык я не магла зразумець, прычым тут я. Я спрабавала растлумачыць, я ж не забівала вашага супрацоўніка», — кажа Вольга. Сілавікі ў адказ пагражалі, што «адвязуць у лес».
Вольгу прывезлі на допыт у КДБ. Ён доўжыўся ўсю ноч. Там лічылі, што каментары пакідалі праплочаныя боты: «Крычалі: "Дзе Матолька (блогер Антон Матолька. — Заўв. рэд.) жыве? Хто вам плаціў, хто вашы куратары? У нас загінуў супрацоўнік, труна стаіць, зараз пойдзеш прасіць прабачэння перад роднымі"». Вользе таксама гаварылі, што ёй пагражае ад 5 да 12 гадоў пазбаўлення волі, а прызнанне віны «палегчыць вашу долю».
Пасля Вольгу прымусілі напісаць «тлумачальную» на імя старшыні КДБ Івана Церцеля. «Кажуць: "Напішыце — і вас адпусцяць". Я і напісала, потым гэтая тлумачальная служыла галоўным доказам маёй віны ў судзе», — адзначае Вольга.
Наглядчыкі размотвалі туалетную паперу і тапталіся па прасцінах
Пяць дзён жанчына правяла ў ізалятары на Акрэсціна, затым яе перавялі ў турму ў Жодзіна. Вольга расказвае, што падчас этапу ў «стакане» (маленькая камера. — Заўв. рэд.) аўтазака яна страціла прытомнасць: «У Жодзіна павезлі, але мы спачатку думалі, што нас у лес вязуць — мяркуючы па колькасці тэрору, які быў. Я наогул прытомнасць страціла. Мне потым лекарка сказала, што гэта быў мікраінсульт». Вольга вярнулася ў прытомнасць толькі ў Жодзіне.
Там 14 дзяўчат пасялілі ў васьмімесную камеру, спалі ўдваіх на адным ложку з уключаным святлом.
«Адзення зменнага няма, перадач няма, лісты не аддаюць, тры разы за ноч падымаюць на прафулік — чалавек павінен назваць імя, прозвішча і за што затрыманы», — адзначае Вольга. Былая палітзняволеная згадвае, што многія яе сукамерніцы захварэлі пасля сну на халоднай падлозе на Акрэсціна, лекаў ім ніхто не даваў. Калі пажылая зняволеная пачынала моцна кашляць, прыходзілі ахоўнікі смяяліся, «пыталіся: "Яна ў вас яшчэ не здохла?", — зачынялі дзверы і сыходзілі».
У камеры адключалі ваду, падчас праверак наглядчыкі размотвалі туалетную паперу, рвалі прасціны і тапталіся па іх. Першы раз у душ жанчыны трапілі пасля некалькіх тыдняў зняволення.
У такіх умовах у іх пачыналіся праблемы з ментальным і фізічным здароўем. Адна дзяўчына, паводле слоў Вольгі, падчас начной праверкі не магла ўспомніць, як яе завуць, у другой пачалі выпадаць валасы, трэцяя прачыналася ўначы і гаварыла, што чуе гук аўтазакаў, якія «нас завязуць у лес».
Вольга правяла ў СІЗА 16 месяцаў. Яна цалкам адбыла свой тэрмін, два гады пазбаўлення волі, паколькі ў СІЗА дзень лічыцца за паўтара. Жанчына з'ехала з Беларусі на другі дзень пасля вызвалення. Цяпер яна з сям'ёй жыве ў Польшчы. Разам з былой палітзняволенай Вольгай Рытус яны адкрылі ў Варшаве некалькі хостэлаў.
Вольга ўвайшла ў трэці склад Каардынацыйнай рады дэмакратычных сіл. Праз гэта ў яе кватэры ў Мінску прайшоў ператрус. Не выключана, што супраць яе завялі новую крымінальную справу.