«Праблемы ў палітвязняў не заканчваюцца з выхадам на волю». Як дапамагчы былым зняволеным пачаць жыць зноў?
Людзі, якіх рэжым трымаў у палоне, выходзяць на волю траўмаванымі і часта застаюцца сам-насам са сваім досведам. Але ім можна дапамагчы.

Крыніца ілюстрацыі: фонд «BYSOL»
Праблемы палітвязняў не заканчваюцца з выхадам на волю. Свабода часцяком становіцца для іх новым выпрабаваннем. Ініцыятыва «Volnyja» прапануе індывідуальны падыход: замацаваць за кожным, хто вызваліўся, ментара.
Ідэя стварыць адмысловую ініцыятыву для падтрымкі былых зняволеных нарадзілася ў снежні 2022 года, калі першыя вязні, якія атрымалі адносна невялікія па цяперашніх мерках тэрміны, 1–2 гады, пачалі выходзіць на свабоду. Для якаснай дапамогі «Volnyja» распрацавалі адмысловую ментарскую праграму. У чым яе сутнасць, тлумачыць «Радыё Свабода» каардынатарка праекта Вераніка Станкевіч.
«Калі мы думалі пра праблемы рэсацыялізацыі, на волю выйшлі каля 300 чалавек. Мы пачалі з былымі вязнямі абмяркоўваць тэму адаптацыі, рэсацыялізацыі ў грамадстве, і зразумелі, што тут не абысціся без персанальнага падыходу. І вызначыліся, што аптымальная форма апекі — гэта ментарства. Мы шукаем валанцёраў-ментараў, якія праходзяць адмысловае навучанне, размову з псіхолагамі, і потым шэфствуюць над сваімі падапечнымі», — кажа Станкевіч.
Паводле слоў суразмоўцы, актыўна працаваць «Volnyja» пачалі са жніўня 2023 года. Да гэтага часу падрыхтавалі ментараў, якія могуць дапамагчы былому вязню ва ўсім — пачынаючы з запаўнення заявак у фонды, каб атрымаць матэрыяльную ды іншую падтрымку.
Агрэгатар ініцыятыў
Па дапамогу да «Volnych» за 10 месяцаў звярнуліся 115 былых зняволеных. Частка з іх атрымалі ментара, частка — кансультацыі, бо людзі казалі, што апякун ім не патрэбны, справяцца самі. Частка людзей проста «адвальваецца»: запоўніць заяўку і далей не хоча кантактаваць, кажа каардынатарка.
«Мы — агрэгатар ініцыятыў, у нас ёсць поўная інфармацыя пра ўсе фонды і праекты, якія дапамагаюць палітвязням — пра "BySol", "ByHelp", "dissidentby", "Вясну" ды іншых. Мы распрацавалі гайд, можам паскорыць запыт, пашукаць лакальную падтрымку для людзей, якія выйшлі на волю. Стараемся паўсюль расказваць пра сябе, посцімся ў пабліках дыяспар, расказваем на сустрэчах пра праект, а таксама робім таргетаваную рэкламу ў інтэрнеце, каб былыя палітвязні ведалі, куды можна звярнуцца», — гаворыць Вераніка.
Глядзіце таксама

На пярэчанне, што людзі, якія апынуліся на волі, часцяком не маюць гаджэтаў альбо за 2–3 гады зняволення наогул развучыліся імі карыстацца, каардынатарка «Volnych» адказала, што працуюць яны найперш са сваякамі і сябрамі тых, хто хутка вызваляецца.
«Наша задача — камунікаваць з блізкімі вязняў, каб яны данеслі інфармацыю пра віды падтрымкі. Кантактуем з сем’ямі тых, хто хутка выходзіць, праз розныя арганізацыі, якія апякуюцца вязнямі, — было некалькі закрытых прэзентацый для сваякоў. Мы тлумачым сваякам, што пажадана яшчэ да таго, як чалавек выйдзе, мець план далейшых дзеянняў: як чалавеку дапамагчы і маральна, і фізічна — нават калі чалавек не збіраецца пакідаць Беларусь. А калі збіраецца, то тым больш: трэба паклапаціцца пра візы ды вырашыць іншыя праблемы.
Я таксама не веру, што да тых, хто выходзіць, можа дагрукацца таргетаванай рэкламай, бо не ва ўсіх іх ёсць гаджэты. Трэба грукацца праз блізкіх, праз сяброў вязняў», — кажа Вераніка.
«Са 120 заявак працаваць засталіся 50 чалавек»
Знайсці ментара для былога вязня і падрыхтаваць яго — задача «з зорачкай», кажа Вераніка. Бо многія актыўныя людзі, якія раней займаліся валанцёрствам, ужо стаміліся і «павыгаралі».
«Але ў нас быў вялікі плюс, бо наша мэтавая аўдыторыя ментараў — не актывісты. Мы шукаем валанцёраў не сярод палітызаваных людзей, хто ўдзельнічаў у падзеях 2020 года, эміграваў і сцішыў сваю дзейнасць, апынуўшыся ў эміграцыі.
Ёсць, канешне, і актывісты, але наша задача — прыцягваць людзей, якія, акрамя дзейнасці ў "Volnych", нідзе не зацягнутыя, бо ментарства — гэта карпатлівая праца», — тлумачыць Вераніка.
Глядзіце таксама

Усе ментары верыфікуюцца праз партнёрскія ініцыятывы, праз сацыяльныя сеткі. І ўсе яны знаходзяцца па-за межамі Беларусі, бо гэта група павышанай рызыкі. У Беларусі сілавікі могуць праверыць тэлефоны, сацсеткі і выйсці на кантакты іншых людзей.
«Што да ментараў, было пададзена каля 120 заявак. Засталося працаваць 50 чалавек. Таксама шмат людзей "адвальваецца" пасля адукацыйнай праграмы: яны разумеюць, што гэта для іх некамфортна альбо што яны не пацягнуць. Але з тых, хто атрымаў падапечнага, ніхто не адмовіўся. Для нас гэта важны момант.
Адзін ментар — адзін падапечны, бо ментар павінен цалкам "пагрузіцца" ў працу з былым палітвязнем», — разважае каардынатарка «Volnych» Вераніка Станкевіч.
Выгаранне, ПТСР і «сіндром чалавека, які выжыў»
Марына Ментусава даўно працуе ментаркай, але ў іншай сферы: стратэгія ў кар’еры і бізнэсе, падтрымка матывацыі. Марына сама выйшла на ініцыятыву «Volnyja», калі ўбачыла адну з першых іх абвестак. Напісала, што яна гатовая працаваць, у яе ёсць сілы і жаданне каму-небудзь дапамагчы.
«Я разумею, што праблемы ў былых палітвязняў не заканчваюцца з выхадам на волю. Свабода для многіх — новае выпрабаванне, ім патрэбная падтрымка і рэсацыялізацыя. У эміграцыі людзі ў адзіноце, у іх з'яўляецца процьма новых выклікаў. Я сама, нягледзячы на свой досвед і працу ментаркай крыху ў іншай сферы (бізнэсе), прайшла шмат тэстаў, адмысловую праграму адукацыі, сесію з псіхатэрапэўткай, перш чым узяць падапечную», — расказала Марына.
Ментусава ў 2020 годзе ўдзельнічала ў пратэстах у Беларусі і вымушаная была эміграваць у Літву.
Марына расказала, што яе падапечнай крыху больш за 50 гадоў, яна — шматдзетная маці, цяпер з трыма дзецьмі ў эміграцыі. Была ў яе і стадыя выгарання, і ПТСР, і «сіндром чалавека, які выжыў», і дэпрэсія, кажа ментарка.
Глядзіце таксама

«Тут я не магу дапамагчы. Таму давялося зьвяртацца да "Volnych". Ёсць ментаркі, якія даюць збольшага псіхалагічную падтрымку, яны коўчы. У мяне іншая суперсіла. Я даю тое, што ў маёй кампэтэнцыі: бізнэс, стратэгіі, матывацыя, планы, фінансавыя пытанні — як зарабляць грошы. Але мы размаўляем не толькі пра бізнэс і пра грошы, яшчэ і пра тое, як ствараць каманду, пра пытанні камунікацыі. Мая падапечная пасварылася з адной са сваіх партнёрак, цяпер абмяркоўваем, як наладзіць адносіны», — прызнаецца Марына.
Ментарка займаецца са сваёй падапечнай на працягу 7 месяцаў, і наперадзе яшчэ шмат працы.
«Псіхалагічныя праблемы чалавека можна закрыць за 10 сесій, а ў нас гульня ўдоўгую», — перакананая ментарка Марына Ментусава.
Спасылкі: