Эвакуацыя зь Беларусі — складаны шлях працягласьцю ў некалькі год. І для ўцекачоў, і для каманды
З 2020 году служба звакуацыі, што працуе з фондам «BySol», дапамагае людзям уцячы ад перасьледу з боку рэжыму. Але мала хто ведае, што гэта за каманда і ў якіх умовах яна працуе.
Ніхто зь блізкіх людзей чальцоў эвакуацыйнай службы «BySol» ня ведае, чым тыя займаюцца. Удзельнікі каманды расказалі, як яны з гэтым спраўляюцца і ці ўзяліся б эвакуаваць Мікалая Лукашэнку.
«Свабода» пагаварыла з удзельнікамі службы эвакуацыі онлайн. На просьбу суразмоўцаў, размова адбывалася бязь відэа. Пра тое, чым яны займаюцца, ня ведаюць нават родныя і блізкія людзі.
У гутарцы суразмоўцы выступалі пад сваімі нікамі, якімі карыстаюцца падчас арганізацыі эвакуацый. У тэксьце для зручнасьці яны прадстаўленыя як Фёдар, Ян і Павал.
Служба эвакуацыі адносіцца да фонду «BySol» і супрацоўнічае зь ініцыятывай «ByHelp». Яны дапамагаюць людзям, якія зазналі палітычны перасьлед, выехаць зь Беларусі, не абавязкова легальна. Многіх дэталяў сваёй працы суразмоўцы не раскрываюць.
«Фёдар і Паша»
«Я ўжо ня памятаю свайго сапраўднага імя», — кажа Фёдар падчас знаёмства. Паводле яго словаў, удзельнікі каманды і паміж сабой часьцей не зьвяртаюцца адно да аднаго па сапраўдных імёнах. Яны выкарыстоўваюць нікі «Фёдар» і «Паша». Камунікуюць таксама пад сваімі мянушкамі. Даўнімі або тымі, што зьявіліся ў апошнія чатыры гады.
Размоўныя назвы, якія выкарыстоўваюць хлопцы для сваёй ініцыятывы, — «служба эвакуацыі», «каманда», «Фёдар і Паша». Пра людзей, якіх яны вывозяць, кажуць: «прыляцеў кейс», «заяўнік», «заяўка», «ёсьць чалавек». Яны ведаюць гісторыю рэпрэсій гэтага чалавека і што яму пагражае.
Усе чальцы каманды ўмеюць кіраваць аўтамабілем, але пакідаюць у сакрэце, наколькі гэта істотная частка іхнай працы. Якія ёсьць ролі ў камандзе, яны не раскрываюць. Ці бачацца яны ў рэальным жыцьці або размаўляюць толькі празь сеціва, таксама таямніца. На пытаньне, ці цяпер яны бываюць на тэрыторыі Беларусі, хлопцы адказваюць, што «ня памятаюць».
Каманда працуе 24/7
Паводле словаў суразмоўцаў «Свабоды», усё пачыналася з двух чалавек, якіх перасьледавалі «за палітыку». Адным зь іх быў Фёдар. Яны ўцяклі з краіны лясамі напрыканцы 2020 году. Пазнаёміліся і вырашылі дапамагаць у гэтым іншым беларусам, бо прадбачылі вялікія рэпрэсіі. Тады каманды, якая б арганізавана займалася эвакуацыяй, не было. Дапамагалі асобныя актывісты, у якіх не існавала адзінага падыходу да гэтай справы, лёгікі і кантактаў.
«Мы разумелі, што патрэбна арганізаваная каманда, якая працуе 24/7 дзеля гэтай справы. Бо "проста актывісты" сёньня дапамагаюць, а заўтра могуць пераключыцца на іншае», — тлумачыць Фёдар.
Суразмоўцы кажуць, што яны прыйшлі ў службу эвакуацыі са сфэры бізнэсу, адукацыя ў іх пераважна тэхнічная. З пачатку 2021 году пачалі актыўна супрацоўнічаць з Андрэем Стрыжаком з фонду «BySol» і «Аляксеем Лявончыкам» зь ініцыятывы «ByHelp».
«Раней мы падобнымі рэчамі не займаліся. Гэта ўменьне лягічна думаць, хутка вучыцца і трымаць галаву халоднай», — кажа Ян.
«Ня спалі ўвесь 2021 год»
Колькі цяпер чалавек у камандзе, сакрэт. Вядома, што ў ёй ёсьць і мужчыны, і жанчыны. Каб трапіць у службу эвакуацыі, чалавек мусіць прайсьці шматбаковую праверку. Таксама яму варта мець шэраг здольнасьцяў. На думку Яна, гэта стрэсаўстойлівасьць, уменьне лягічна думаць, крытычна ставіцца да любых зьвестак, у кароткі час апрацоўваць вялікія аб’ёмы інфармацыі і складваць іх у адну карціну.
«Кожны з нас вельмі шматбаковы, са сваімі моцнымі і слабымі бакамі. Але мы ўкладаемся ў адно цэлае і адно аднаго дапаўняем», — дадае Ян.
Павал параўноўвае іхны занятак да працы на «хуткай», дзе спэцыяліст мусіць ведаць увесь комплекс захадаў, каб экстрана дапамагчы пацыенту. Фёдар расказаў, каго б яны не ўзялі ў каманду: людзей, якія ня любяць людзей; людзей, якія ня ўмеюць лягічна бачыць стужку працэсу і выбудоўваць розныя сцэнары; людзей, якія не гатовыя працаваць шмат.
«Учора ўначы мы абмяркоўвалі, што рабіць з сытуацыяй, з чалавекам, бо трэба было на раніцу прыдумаць плян. Потым прыйшлі да выніку і а першай або а палове на другую пайшлі спаць. Мала хто са звычайных людзей гатовы займацца такімі ж працэсамі», — кажа Фёдар.
Ён дадае, што цяпер збольшага атрымліваецца спаць нармальна, за выключэньнем некаторых начэй. Нядаўна была сытуацыя, калі чалавек паставіў будзільнік на 5 ранку, каб праверыць, ці ўсё ідзе паводле пляну.
«Быў 2021 год, калі мы ня спалі ўвесь год, спалі па гадзіне, па дзьве, калі была нейкая магчымасьць», — дадае суразмоўца.
Грошы ад донараў
Выдаткі на тое, каб эвакуяваць адну сям’ю зь Беларусі, могуць дасягаць 2 тысяч даляраў, кажуць суразмоўцы. Аднак гэтыя грошы ідуць толькі на дарожныя патрэбы — квіткі, страхоўкі, часовае жытло. Зрэдку, калі ў чалавека кепскі матэрыяльны стан, каманда сама аплачвае яму квіткі. Ніякай часткі ўнёскаў уратаванага чалавека не трапляе да службы эвакуацыі як узнагароды за працу.
Служба эвакуацыі — гэта некамэрцыйны праект. Каб ім аддзячыць, фонд «BySol» шукае грошы ў донараў. Суразмоўцы кажуць, што выходзяць сумы, за якія можна сябе ўтрымліваць толькі мінімальна. Таму некаторыя ўдзельнікі групы маюць яшчэ іншую працу.
«Мы людзі пры гэтым. Нам трэба неяк харчавацца, плянаваць сваю будучыню», — тлумачыць Фёдар.
Выгараньне безь фідбэку
Навошта тады яны гэтым займаюцца — пры ўсіх рызыках і невялікай аплаце?
«Хто, калі ня мы? Калі колькасьць ініцыятываў, якія дапамагаюць, будзе большай, то добра. Але калі іх будзе станавіцца менш, бо грошай мала, бо вось я ня сплю, або проста апусьцім рукі, пойдзем далей займацца сваімі справамі, бізнэсам, сьвятла стане менш. Я рукі не гатовы пакуль апускаць. Мы стаміліся, але пакуль гэта "вывозім"», — кажа Ян.
Павал кажа, што яны «выгаралі ўсе не па адным разе», але ня могуць кінуць свой занятак.
«Плынь людзей ідзе, яна не заканчваецца. Ты перастаеш разумець, калі гэта ўсё скончыцца», — тлумачыць ён.
Паводле словаў Паўла, яны выгараюць у тым ліку таму, што рэдка атрымліваюць фідбэк ад уратаваных людзей. Калі лекар вылечыў чалавека, то часта чуе падзяку ад пацыента. Уратаваныя людзі звычайна потым ня бачацца са сваімі ратаўнікамі, а ратаўнікі ня чуюць фідбэку.
«Ты аддаеш чалавеку частку сябе, а ўзамен нічога не пакідаеш. Калі чытаеш інтэрвію чалавека, якога вывезьлі, то частка энэргіі вяртаецца», — дадае ён.
Фёдар адзначае, што яны ўжо ня здолеюць жыць па-іншаму.
«Пасадзіце нас у айцішны офіс, дайце звычайную справу. Мы з выцьцём праз тыдзень скажам: ня трэба нам вашых грошай! Дайце дзе як выратаваць сусьвет, дзе як выратаваць чалавека, дзе як зрабіць сапраўды карысную справу», — кажа ён.
Без парыкоў і фальшывых дакумэнтаў
Паводле словаў суразмоўцаў «Свабоды», ніхто з блізкага атачэньня эвакуацыйнай каманды ня ведае, чым яны займаюцца. Ёсьць тыя, хто жыве пад адным дахам, прыкладам, з жонкай, але яна ня ведае пра іхную сакрэтную місію. Як тады можна называць блізкім чалавека, якому ты не расказваеш пра значную частку свайго жыцьця? Фёдар тлумачыць, што ў іншых сфэрах супольнага побыту існуе давер, таму няма патрэбы тлумачыць справы эвакуацыі.
Асноўнае правіла бясьпекі каманды — «працуюць нашыя аватары, але ня мы». Яны разьдзяляюць сваё звычайнае жыцьцё і сваю ратаўнічую службу.
Хлопцы кажуць, што ім не даводзілася карыстацца падробленымі дакумэнтамі. Павал тлумачыць, што ў іхным занятку яны не зьмяняюць зьнешнасьць з дапамогай касмэтыкі, парыкоў, накладных вусоў. Нейкага прадмету гардэроба, які б абавязкова быў ва ўсіх удзельнікаў каманды, таксама няма.
«Гэта хутчэй зь фільмаў. Дастаткова проста пераапрануцца. Сёньня накладнымі рэчамі рэдка карыстаюцца людзі ў гэтай сфэры. Любая камэра (камэра відэаназіраньня на вуліцы. — Заўв. рэд.) можа алічбаваць твар, і ўся гэтая касмэтыка не дапамагае. Па нязначных дэталях, па вуху чалавека можна апазнаць», — тлумачыць ён.
Суразмоўцы кажуць, што яны на 100% падобныя да звычайных людзей. Па іхнай зьнешнасьці нельга здагадацца, чым яны сакрэтна займаюцца. Месца, дзе б яны адчувалі сябе ў бясьпецы, у паплечнікаў няма.
«Мы разумеем, што намі могуць цікавіцца», — тлумачыць Фёдар.
Зь іхнай эвакуацыйнай каманды ніхто ня трапіў за краты. Яны ведаюць, што былі выпадкі, калі іншых эвакуатараў затрымлівалі. У іх саміх ёсьць пратакол на выпадак уласнага затрыманьня, але яны ня могуць пра яго гаварыць публічна.
«Даводзіцца прыдумляць гісторыю свайго жыцьця»
Такая праца стварае нязручнасьці. Павал адзначае, што яны ня могуць плянаваць жыцьцё. Патрэба эвакуяваць кагосьці можа ўмомант іх парушыць.
«Мы як апэратыўныя работнікі. Ты ня можаш адключыцца і спадзявацца, што ў цябе будзе выходны. У любы момант можа адбыцца надзвычайная сытуацыя», — кажа ён.
За час ратаваньня людзей яны памяняліся самі, мяркуе Фёдар. Гэты складаны занятак вымагае працы на сабой: трымаць розум цьвярозым, рэгуляваць ня толькі чужыя эмоцыі, але і свае.
«Гэтая праца нам шмат дае. Мы зьмяняемся, становімся лепшымі», — кажа ён.
Хлопцы адзначаюць, што ў іх цалкам памянялася або звузілася кола камунікацыі. Павал прызнаецца, што яму пры знаёмстве з новымі людзьмі даводзіцца прыдумляць гісторыю свайго жыцьця.
«Ты ня можаш расказаць пра сябе праўду. Гэта падвышае ўзровень скрытнасьці», — кажа ён.
Страх як задача
Чальцы эвакуацыйнай службы дзеляцца, што самыя страшныя рэчы ў іхным жыцьці не зьвязаныя з эвакуацыяй. Хаця ім уласьціва нечага баяцца, як і ўсім людзям. Адзін са страхаў — што затрымаюць чалавека, якога яны плянуюць вывозіць. Такія выпадкі былі.
«Бывала, мы ведалі, што чалавека ня вывезем, бо мы кантактуем зь ім, а ў яго за плячыма "мянты". І мы ведаем, што яго не адпусьцяць, але ўсё адно робім усё, што магчыма. І ўсё адно, калі яго затрымалі, гэта было няпроста», — згадвае Фёдар.
Ён адзначае, што ведае, што рабіць, калі ўзьнікае страх. Галоўнае — паставіцца да яго як да задачы. Тады эмоцыі адыходзяць, зьяўляецца шэраг алгарытмаў, якія трэба выканаць, каб тое, чаго баішся, ня адбылося.
«Я вару бульбу, і мне страшна, што яна ня зварыцца. Я гэты страх пераводжу ў задачу і разумею, што, каб зварыць бульбу, мне трэба закрыць рондаль накрыўкай, пасаліць, уключыць агонь, патыкаць ножыкам і зразумець, ці яна звараная. Вось алгарытм. Я ўжо не баюся, што яна ня зварыцца, а раблю ўсё правільна, каб яе зварыць. Тое самае і ў нашай працы», — тлумачыць Фёдар.
На пытаньне, калі яны апошні раз думалі, каб кінуць гэтую працу, суразмоўцы спачатку пачынаюць сьмяяцца, а потым адказваюць: «Кожны дзень». Занятак гэты забірае шмат фізычных і эмацыйных рэсурсаў.
«Зразумела, што не штодня мы пра гэта думаем. Але развагі, калі ўжо ўсё, калі скончацца гэтыя рэпрэсіі і нам ня трэба будзе працаваць, ёсьць. Мы разумеем, што, пакуль гэта ня скончыцца, мы не дазволім сабе перастаць гэтым займацца», — удакладняе Фёдар.
Цалкам прачытаць інтэрвію з камандай службы эвакуацыіможна тут.